Паштоўкі нашай дабрыні

Касцюніна Ульяна Ігараўна

Факультэт журналістыкі

У верасні 2011 года гіперрмаркет«BIGZZ» заснаваў Мясцовы дабрачынны фонд “Дапамога – гэта проста!”, мэта дзейнасці якога заключаецца ў аказанні дапамогі дзецям-сірота м, тым з іх, хто застаўся без апекі бацькоў, а таксама хворым хлопчыкам і дзяўчынкам. Узначаліла гэту дабрачынную арганізацыю Алена Маніна, чалавек незвычайнай энергіі, вялікага сэрца: спагадлівага і міласэрнага, напоўненага  любоўю і клопатам да тых, каму патрэбна дапамога.

— З чаго пачалася Ваша дабрачынная дзейнасць?

— Па адукацыі я юрыст. Падчас маёй працы ў банку да нас прыйшло пісьмо з просьбай аб дапамозе з аднаго з дзіцячых дамоў на Віцебшчыне. Пасля яго наведвання я зразумела, што не змагу больш быць абыякавай да праблем тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Потым я змяніла месца работы, трапіла ў калектыў аднадумцаў, якія гатовы былі актыўна займацца дабрачыннасцю. Я прапанавала стварыць спецыяльны фонд і выказала гатоўнасць яго ўзначаліць. Так пачалася сур’ёзная штодзённая праца.

— І з якімі цяжкасцямі найперш давялося сутыкнуцца?

— Па-першае, гэта банальны недахоп ведаў. Прыйшлося закончыць спецыяльныя курсы, займацца самаадукацыяй, штосьці высвятляць, пісаць запыты. Вырашыла нават атрымаць другую вышэйшую адукацыю, каб быць кампетэнтнай ва ўсіх пытаннях, з якімі даводзіцца сутыкацца.

Па-другое… Напрыклад, займаючыся дзецьмі з сацыяльных прытулкаў, я зразумела, што неабходна штосьці мяняць у людзях, якія працуюць. Не ўсе з іх жадаюць самі вучыцца. Давялося шукаць спосабы, якімі можна было б паўплываць на іх  светапогляд, падахвоціць да актыўнай дзейнасці.

— Акрамя асноўнай працы і кіраўніцтва фондам, Вы яшчэ вучыцеся ў БДУ, многа вандруеце… Як удаецца на ўсё знаходзіць час?

— Калі ёсць жаданне, няма нічога немагчымага. Зараз вельмі многа чаго планую, стараюся ўсе планы выконваць. У мяне наогул вялікая цікавасць да жыцця, таму, напэўна, і ўдаецца вандраваць, купацца зімой, наведваць розныя мерапрыемствы і ўсё гэта сумяшчаць з асноўнай працай і кіраўніцтвам фондам. Больш таго, у мяне яшчэ застаецца вольны час, і ўсё гэта таму, што ёсць жаданне пастаянна рабіць штосьці карыснае.

— Адна з  акцый вашага фонду называецца “Дабрачынная паштоўка”. Як нарадзілася ідэя правядзення гэтай акцыі?

Аснова гэтай ідэі належыць аднаму чалавеку, які і падштурхнуў мяне заняцца дабрачыннасцю. Сутнасць яго ідэі заключаецца ў тым, што нешта  трэба прапаноўваць людзям, матэрыяльнае пацвярджэнне добрага ўчынку. Я доўга думала, што гэта можа быць. І нарэшце вырашыла рабіць паштоўкі па матывах работ мастакоў. Робячы пакупку ў магазіне, чалавек мае магчымасць здзейсніць добрую справу  і атрымаць матэрыяльнае пацвярджанне гэтаму. Разам з тым прапагандуецца разумнае, добрае, вечнае: у кожнай паштоўцы схавана нейкае пасланне, праз якое чалавек можа сказаць або перадаць штосьці другому.

— Якім чынам ахвотныя могуць аказаць дапамогу фонду?

—  Самы просты спосаб – набываць паштоўкі, таму што кожная капейка ад іх продажу ідзе на дабрачынны рахунак. Больш складаны спосаб, на які не кожны адважваецца, бо ён патрабуе дачынення да чужога болю, — гэта ўдзел у нашых акцыях і мерапрыемствах.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2019 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов и абитуриентов факультета журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by