Таццяна Сівец: “Не ведаеш, куды ісці? Ідзі!”

Анастасия Мелехова

Институт журналистики БГУ

«Жанчына-ўсмешка» — менавіта так я магу назваць паэтку, публіцыста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і проста прыгажуню Таццяну Сівец, з якой мы паразмаўлялі на тэмы творчасці, працы, жыцця і доўгачаканага Новага Года.

Пра дзяцінства…

С__вец - фота на вокладку - mini

-Вы былі паслухмянай дзяўчынкай?

-Я была досыць разумнай, мяркую, каб не ствараць сваім бацькам праблем. Але калі я штось лічыла правільным, то ішла да канца: у пяць гадоў пабілася з хлопчыкам, які пачаў здзекавацца з таго, што мы з сяброўкай гуляем “у лялькі” з цаглінамі, у другім класе зрабла заўвагу сямікласніку, што вылаяўся побач, ён замахнуўся на мяне – і мне прыйшлося згадваць братаву навуку каратэ і ісці на яго. Цяпер разумею, што выглядала смешнай, але міма несправядлівасці прайсці не магла. Заступалася нават за хлопчыкаў, калі кагось білі гуртам на аднаго… А што да паслухмянасці (задумваецца) – я ж колькі сябе памятаю прыдумляла гісторыі: уяўляла сябе ў розных казачных краінах, разнастайных жыццёвых сітуацыях… Гадзінамі магла так “гуляць”, таму я ніколі не баялася заставацца адна дома – хаця шафы ўсё адно правярала (усміхаецца), на ўсялякі выпадак – раптам там чароўны праход у іншы свет адкрыўся, пакуль мама ў краму пайшла…

-Ваш самы яркі дзіцячы ўспамін?

-Водар гарачага жытняга поля. Калі расхінаеш каласы і “ныраеш” туды, нібы ў раку… Праўда, за гэтыя “купанні” нас са стрыем дзядуля не пахваліў, а мая мама дык чакала нас увечары з дубцом – хаваліся мы ад яе па кустах парэчак, дакладней – пад кустамі (смяецца). Але вёска Рафалова, куды мы некалькі год запар ездзілі на ўсё лета сталася суцэльным яркім успамінам для мяне, і я неверагодна шчаслівая, што ён у мяне ёсць!

-Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?

-Мой тата – хірург. І першымі кніжкамі для мяне былі медыцынскія атласы, каляровыя, цікавыя – ведаеце, чалавек у разрэзе. Гэта не палохала – наадварот, я разумела, што адбываецца ўнутры жывой істоты і таму вучылася ставіцца да кожнага – як да ракавінкі, у якой схавана непаўторная перліна… Таму доўгі час я марыла быць медсястрой, пасля – доктарам, абавязкова хірургам.

-Чаму ж не сталі?

-Калі надышоў мой час паступаць у ВНУ, старэйшы брат ужо заканчваў медуніверсітэт, і на сямейным савеце было вырашана, што двух медыкаў – досыць.

-Вы раслі ў сям’і лекараў, ваш бацька — доктар медыцынскіх навук, брат — кандыдат. Адкуль такая любоў да літаратуры і моў (беларускай і англійскай)?

-Напачатку было Слова… І гэта было паэтычнае слова з часопіса “Бярозка”, які я адкрыла для сябе ў 1993 годзе, і ў поўным захапленні ад вершаў, што там друкаваліся, вырашыла напісаць штось сваё. Спыніцца не магу дагэтуль… А потым мая настаўніца па беларускай мове Лілія Аляксееўна Філатава выправіла мяне на адпаведную алімпіяду, дзе я пабачыла, што не адна такая, што мае аднагодкі цудоўна гавораць, пішуць, нават спяваюць па-беларуску – і я зразумела, што гэта той асяродак, дзе я хачу быць… Пераклады мяне цікавілі таксама са школы: спачатку Ясеніна перастварала па-беларуску, а потым і нейкія англійскія вершы. Праўда, ніколі не думала, што давядзецца з часам перакладаць з кітайскай, калмыцкай, мовы Рэспублікі Комі, славацкай ды іншых моў…

Пра творчасць…

Я3)

Вы — паэтка, публіцыст, драматург, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, музыкант, тэле- і радыёвядучая, актрыса. А ў якой бы яшчэ сферы дзейнасці, прафесіі хацелі б сябе рэалізаваць?

-Я не актрыса і не музыкант, крый мяне Божа, вас падманулі! (Смяецца.) І ў гэтай сферы я не змагу працаваць, бо для ўсяго патрэбны талент… А з адсутнасцю ідэальнага слыху я змірылася яшчэ на ўроках сальфеждыа ў музычнай школе. Для мне зараз больш важна сканцэнтравацца на ўласнай творчасці, бо з-за рэдактарскай працы часта бракавала часу на вершы і п’есы. Хацелася б усё-ткі дапісаць хаця б палову з тых “пачаткаў”, што ляжаць у стале. Шукаць сябе добра да 30 гадоў, пасля – час актыўнай працы. І тое, што вы пералічылі, гэта не розныя накірункі, а прыступкі адной лесвіцы – усё гэта літаратура, творчасць. Адмовіцца ад гэтага – адмовіцца ад сябе.

-Ваш першы верш — які ён? Ваш стан у той момант, думкі?

-Мне проста хацелася напісаць верш. Бывае, што моцна хочацца піць, падобная смага была і тады, і цяпер. На жаль ці на шчасце, аднаго жадання мала – трэба яшчэ і тэорыю вершаскладання ведаць, і класікаў пачытаць, і сучаснікаў – магчыма, усё было створана да цябе! А тады, у 1993-м, я пісала пра любоў да Радзімы (а пра што яшчэ можна пісаць на Нарачы, на беразе самога хараства!), пра белага бусла, які застаўся ў родным краі, замест таго, каб адляцець у вырай – карацей, банальна, але шчыра! І не заўсёды ў рыфму (усміхаецца) – тут я не выключэнне з шэрагу “юных геніяў”, якія лічылі, што да іх так ніхто не пісаў. Мне пашанцавала, маім настаўнікам стаў Артур Вітальевіч Вольскі, дзякуючы якому, я навучылася да кожнага верша ставіцца як да цудоўнай мелодыі, дзе не павінна быць фальшывых нот.

-Чаму Вы ў якасці гутарковай выбралі беларускую мову? І ці заўсёды Вы размаўляеце на беларускай мове?

-Мне яна больш падабаецца! Ёю лягчэй выказаць думкі і пачуцці, я думаю па-беларуску. Калі даводзіцца гаварыць па-руску, перакладаю ў галаве, таму пачуваюся крыху ніякавата ў гэты момант. Большую частку часу размаўляю па-беларуску. Хаця ў маім коле зносінаў, ёсць замежнікі, з імі камунікуем па-руску ці па-англійску. Перакладаючы з іншых моў, даводзіцца паглыбляцца ў іншамоўную плынь: калі трэба было перастварыць некалькі вершаваных тэкстаў з польскай, якой я не валодаю, месяц глядзела польскія фільмы, але пераклала!

-Як узнікла ідэя напісаць кнігу і якім чынам яна рэалізоўвалася?

-“А зараз я сяду і напішу кнігу…” Гэта з мараў графамана, як мне падаецца. Насамрэч, кніга ніколі не была самамэтай. Пакрысе пісаліся вершы – укладаліся зборнікі. Дзіцячыя гісторыі – у кнігу казак. Хіба толькі казку-размалёўку “Брык і Шуся шукаюць лета” я пісала на замову, бо п’еса на той момант была створаная і пастаўленая на сцэне ТЮГа, а “прома-прадукту” не было. Цікава было пісаць дзіцячы дэтэктыў “Куды прапала малпа Маня? Дэтэктыўнае агенцтва “Брык і Шуся” – для гэтага я нават спецыяльна наведвала Мінскі заапарк, каб на свае вочы пабачыць сваіх будучых герояў. Калі б не гэта, у кнізе не з’явіўся б чарнахвосты лугавы сабачка Чэсь, але ж ён так мяне ўразіў сваёй актыўнасцю – сапраўдны “дырэктар заапарку” (усміхаецца). Хаця яны там усе – з характарам.

-Чаму выбралі дзіцячую літаратуру? Не хацелася паспрабаваць сябе, напрыклад, у жанры рамана або дэтэктыва?

-Мала што каму хочацца! Можа, я заўтра ў космас захачу… Для любой справы, асабліва творчай, як я ўжо казала, аднаго жадання – мала! Каб пісаць раманы, трэба зусім па-іншаму думаць. Паэт – мысліць “кароткімі перабежкамі”, празаік – гэта бег на доўгія дыстанцыі… Мне робіцца нецікава ўжо на пачатку: я прыдумляю, чым усё закончыцца – і фінал!

-Што падабаецца пісаць больш: вершы, апавяданні, казкі?

-Усё адно, што выбраць, хто з дзяцей больш падабаецца! Галоўнае – каб пісалася, бо няма большай пакуты за тую, калі “хочацца, а не атрымліваецца”…

-Якія праблемы Вы стараецеся закрануць ў Вашых творах?

-Гэта ж не навуковыя артыкулы, дзе ёсць мэта, задачы… У творах – жывыя пачуцці. І героі – жывуць. Паралельна ўзнікаюць пытанні, якія хвалююць мяне асабіста: чаму не заўжды могуць знайсці агульную мову бацькі і дзеці, чаму людзі здраджваюць сябрам і становяцца ворагамі з тымі, каго колісь любілі, чаму-чаму-чаму… Гэта вельмі дзіцячае пытанне, на якое ў дарослых часта не знаходзіцца адказу. Я спрабую адшукаць…

-А што Вас натхняе?

-Жыццё. Любая сітуацыя, раптоўнае слова можа выклікаць рэзананс і стаць тым штуршком, пасля якога народзіцца твор. Бывае смешна: часам слова, якое недачуў, пачуў няправільна, натхняе – менавіта тым, што апынаецца ў нечаканым месцы.

-Якая мэта творчасці?

-Мэта творчасці – творчасць. Усё астатняе – падман ці самападман. Хаця гэта маё прыватнае меркаванне, канечне.

-Ці ёсць тое, пра што Вы б хацелі абавязкова напісаць ці зрабіць, але ў Вас пакуль не атрымалася?

-У мяне дзве п’есы пачатыя, раман і нейкія дзённікавыя нататкі… І я б хацела перакласці сваю паэму “Баку” на рускую мову ці на англійскую, каб яе зразумелі ў гэтым цудоўным горадзе… Але мне падаецца, што часу – шалёна мала, зрэшты, яго заўжды бракуе.

-Ваш любімы пісьменнік — гэта Байран? Калі не, то творчасць якога пісьменніка аказала ўплыў на Вас? Хто быў кумірам?

-Крый Божа! Хочаш перастаць любіць пісьменніка, напішы пра яго дысертацыю! (смяецца) Я люблю сваіх сучаснікаў: Вольгу Куртаніч, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Бадака – гэтым асобам я ўдзячная за тое, што ўзнялі планку – я ад пачатку разумела, куды расці…

-Вы праявілі сябе і як драматург. Як узнікла ідэя стварыць спектакль «Брык і Шуся шукаюць лета»?

-Яшчэ калі была студэнткай, мой выкладчык і адначасова артыст ТЮГа Мікола Лявончык прапанаваў мне напісаць колькі п’ес. Іх не паставілі, але пры чарговых “раскопках” у літчастцы, відаць, знайшлі, і загадчык Жана Лашкевіч прапанавала мне напісаць штось для самых маленькіх. Усё астатняе – атрымалася само…

-Самае незвычайнае месца, дзе вам даводзілася пісаць вершы або аповяды?

-Незвычайнасць месца часцей перашкаджае, бо адцягвае на сябе ўвагу ад працэсу, які адбываецца ў тваёй галаве. Найлепш мне пішацца дома, але першыя радкі даводзілася занатоўваць і ў самалёце, і на беразе мора, і нават на вяршыні гары ў Славакіі. Таму нататнік стараюся заўжды трымаць у заплечніку.

Пра рэдактарства…

-Ваша першая думка, калі Вам прапанавалі стаць галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», а затым газеты «ЛіМ»?

-“Я?!.” – дакладна так. Эмоцыі і іншыя словы былі пасля.

-Што самае цяжкае ў працы галоўрэда, а што самае прыемнае?

-Як і ў любой працы, прыемна, калі задума здзяйсняецца, калі твае калегі працуюць з натхненнем, калі праца становіцца мастацтвам. Цяжка – мірыцца з неразуменнем і недаверам… А цяжэй за ўсё – патлумачыць графаману, чаму мы не надрукуем яго “геніяльны” твор.

-Ваш дзень распісаны па хвілінах ці гэта нешта стыхійнае і нечаканае?

-Калі б у мяне не было графіку, я б не паспявала ўсяго, што раблю: газета, радыё, тэлебачанне, пераклады, уласная творчасць… Але нашае жыццё любіць рабіць сюрпрызы – і я да гэтага стараюся быць гатовай. Прынамсі, у неспадзяваным шукаю магчымасць “узняць галаву” і іначай зірнуць на падзеі.

-Выбачайце, калі ласка, за гэтыя пытанні, але мне цікава. Чаму Вы пайшлі з «ЛіМа» і род Вашай дзейнасці цяпер?

-Цяпер я – першы намеснік галоўнага рэдактара газеты “Медыцынскі веснік”. У пэўным сэнсе, здзейснілася дзіцячая мара пра медыцыну. Чаму пайшла? У жыцці надараецца момант, калі трэба зрабіць пэўны крок, каб не шкадаваць пасля пра тое, што не зрабіў…

Пра Новы Год…

Фота Валянціна Хасяневіча

Фота: Валянцін Хасяневіч

-Вы верыце ў Дзеда Мароза?

-Я веру ў святога Мікалая, які дорыць самыя лепшыя падарункі – супакой душы і светлыя мары… Дзед Мароз для мяне заўжды быў нейкім штучным персанажам з барадой з ваты. Вату я, дачка доктара, распазнавала адразу, і неадпаведнасць гэтая не давала мне да канца паверыць у навагоднюю казку на ранішніках у дзіцячым садку…

-Што больш за ўсё, будучы маленькай дзяўчынкай, Вы хацелі атрымаць ад Дзеда Мароза на Новы год?

-Гадоў у 6 я марыла пра глобус і компас. І калі знайшла пад ёлачкай менавіта іх – шчасцю майму не было межаў. Праўда, не ўзагадаю зараз, нашто яны былі мне патрэбныя! (Смяецца.) Відаць хацела выправіцца ў вандроўку на Паўночны полюс, як героі маёй кнігі “Самы лепшы падарунак”.

-Калі б Вы зараз пісалі ліст да Деда Мароза, то што б папрасілі?

-Пра супакой і згоду – і ў кожнай сям’і, і ў кожнай краіне. Гэта, мне падаецца, важней за ўсё. А яшчэ, каб мая кніжка вершаў выйшла нарэшце – праўда, пра гэта я прашу ў Дзядулі Мароза ўжо чатыры гады… Можа, святы Мікола дапаможа! (Усміхаецца.)

-Лепшы Новы год — гэта …?

-Калі ўсе разам і ва ўсіх добры настрой! Чаму людзі так любяць сварыцца пад святы, не ведаеце?

Пра жыццё…

Фота: Мікола Трус

-Ваш дэвіз па жыцці?

-Не ведаеш, куды ісці? Ідзі! Дарэчы, ён мяне не падводзіў нідзе: ні ў Парыжы, ні ў Баку, ні ў Батумі, ні… там, дзе я яшчэ не была!

-Пяць якасцей, якія Вы шануеце ў людзях?

-Шчырасць, адказнасць, справядлівасць, дабрыня, працавітасць.

-Самы нечаканы Ваш ўчынак у жыцці і хацелі б Вы зараз здзейсніць што-небудзь экстрэмальнае?

-У 2011 годзе я прадала правы на сваю п’есу Мінкульту і паехала ў Парыж на тры дні (прышлося, праўда, крыху дакласці), адна, без усялякіх турфірмаў. У першы дзень тры гадзіны шукала свой гатэль, на трэці – падказвала дарогу іншым…

-Якія фільмы Вы б параілі паглядзець моладзі і якія прачытаць кнігі?

-Чытаць і глядзець варта тое, да чаго мае прыхільнасць твая душа – любы прымус толькі “адварочвае” ад чытання ці прагляду. Таму я магу параіць часцей зазіраць у кнігарню і гартаць новыя (ды і старыя!) выданні. Калі спадабаецца – не выпускайце з рук!

-Дадзіце нейкую параду пачынаючым пісьменнікам, журналістам?

-Чытайце слоўнікі, калегі! Там столькі цікавага! Магу гартаць іх, забыўшыся, што шукала, як найцікавейшую кнігу.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by