Бабруйскі раён, невялічкая вёска з такой “яблычнай” назвай – Антонаўка. Складана адшукаць месца больш жывапіснае, што лашчыць вока, робіць добрым і трошкі сентыментальным сэрца. Раўніна, што далёка адыходзіць і ўпіраецца ў гарызонт. На бліжэйшым плане – рака, апраўленая пышным зялёным хмызняком ці травяным дываном. Дрэвы-прыгажуны…
У гэтых дзівосных мясцінах нарадзілася і зараз жыве, ствараючы вершы і карціны, жанчына с высокай душой захапленняў – Яўгенія Пятроўна Маеўская-Лучанок.
Дазнаўшыся пра такую асобу, як яна, мяне ахапіла радасць і замілаванне. Мне давялося не раз пабываць у яе госцем, што дазволіла пра многае даведацца.
— Яўгенія Пятроўна, а калі Вы ўпершыню адчулі цягу да мастацтва?
Думаю, з таго дня, як настаўніца, Раіса Войтава, паставіла перад намі, першакласнікамі, прыгожы збан і прапанавала намаляваць яго на паперы. У мяне атрымалася лепш за ўсіх. Пазней маю “Сонечную паляну” насілі па ўсёй школе, ставілі ў прыклад. У жарт мяне пачалі зваць “мастачкай”. Потым маці купіла акварэль, іншыя фарбы. З той пары вольны час праводзіла на ўлонні прыроды, малявала эцюды, пейзажы. Аднак, не ўсё атрымлівалася, не было ведаў. Неяк даведалася, што ў гарадскім тэатры працуе мастацкая майстэрня. Пайшла туды, дамовілася з кіраўніцтвам. Мяне ўзялі на работу. Спачатку рабіла загатоўкі, рыхтавала копіі. Потым працавала самастойна, выконвала заказы. Праз пэўны час мне прысвоілі першы разрад.
Ішлі гады. Расло майстэрства самадзейнага мастака. Яўгенія Пятроўна дасканала авалодала тэхнікай акварэлі, пачала выконваць работы масляным жывапісам. Па-сапраўднаму яна ўсвядоміла значнасць сваёй прафесіі, калі ўладкавалася мастаком ў аб’яднанне “Бабруйшчына”, дзе таксама займалася любімай працай.
Яўгенія Маеўская-Лучанок здольная мастачка. Яна напісала больш за 400 жывапісных палотнаў – пейзажаў, партрэтаў, нацюрмортаў. Многія з іх набыты Дамамі культуры і клубамі, а таксама прыватнымі калекцыянерамі, у тым ліку з Расіі, Літвы, Ізраіля.
Мастачка выдатна ведае жаццё беларускай вёскі, прыгажосць роднага краю, народныя традыцыі тых, хто стаў правобразам яе герояў. Колер, рытмічны строй і багатая фантазія нясуць асноўную нагрузку зместу яе карцін. У Яўгеніі Пятроўны індывідуальнае мастацкае ўспрыняцце свету, свій падыход да з’яў жыцця, да людзей.
Маеўская-Лучанок стварыла галерэю цудоўных вобразаў. Асабліва запамінальныя “Вяртанне сына з палявання”, “Зімні вечар”, “Унук Пеця”, “Лазня”. У іх вобразы ўдала спалучаюцца з пейзажам. Звяртае на сябе ўвагу карціна “95-я вясна”, у якой мастак увасобіла вобраз бабруйчанкі Аляксандры Васільеўны Казакевіч. Трапна і непаўторна напісала Яўгенія Пятроўна партрэт падпалкоўніка ў адстаўцы Ільі Міхайлавіча Громава, які назвала “Ветэран”. Шмат зрабіла мастачка копій з карцін вядомых класікаў. Гэта “Невядомая” Крамскога, “Мора” Айвазоўскага, “Няроўны шлюб”, “Паляўнічыя на прывале”, “Каля брамкі”, “Зняцце Ісуса Хрыста” і іншыя.
Яўгенія Пятроўна ў віры паўсядзённых клопатаў рыхтуе эскізы, стварае вобразы будучых герояў. Яна мастак па рыродзе, па сутнасці сваёй. Святло яе душы ў яе фарбах.