Сэнс жыцця — жыць

Буката Мария

абитуриентка Института журналистики БГУ

Згодна з суфійскай філасофіяй, адной з абавязковых умоў шчасця з’яўляецца магчымасць знаходзіцца побач з тымі людзьмі, якіх ты любіш. Можна проста сядзець і нічога не рабіць, нічога не казаць, проста глядзець у вочы адзін аднаму. Адчуванне шчасця прыходзіць ад таго, што ты акружаны людзьмі, з якімі табе добра. Больш не трэба чымсьці займаць сябе, напаўняць прастору гукамі. Дастаткова адчуваць прысутнасць тых, хто табе блізак.

Акружыўшы сябе шумам, людзі развучыліся чуць свае душы. Адгарадзіўшыся сценамі, яны развучыліся бачыць фарбы жыцця. Напоўніўшы гарады пахамі гару і выхлапаў, яны перасталі адрозніваць пахі жыцця. Ахаваўшы сябе ад іншых, яны забыліся, што нясуць у сабе простыя мары і надзеі. Адвучыўшыся адчуваць, мы адвучымся жыць.

Усё не стане ў імгненне магчымым, даступным, зразумелым, лёгкім, зручным, прыемным, прыгожым і так далей. Трэба працаваць над сабой, каб нешта змяніць. І гэты факт тычыцца любой праблемы. Варта берагчы і імкнуцца ведаць сябе лепш, чым ведаеце кошт рэчаў альбо завучаныя канспекты лекцый, школьных заняткаў. Часам арганізму проста неабходна аддыхацца і хоць хвіліну адпачыць.

Жыць трэба без страху, а яшчэ лепей зразумець свой страх і згуляць з ім у шахматы, у рэшце рэшт — абыграць. Вы — гэта менавіта тая сутнасць, у якой можна спытаць і пацікавіцца, не думаючы пра нейкія нормы або канфузы. Страхі, як і лянота, не дазваляюць вам убачыць саміх сябе.

Як казаў Лоўрэнс Краўс, кожны атам твайго, як і майго цела з’явіўся пасля выбуху зоркі: мы ўсе зроблены з зорнага пылу. Нас проста не было б, калі б зоркі не выбухалі, таму што хімічныя элементы — вуглярод, азот, кісларод і жалеза, усё, што трэба для зараджэння эвалюцыі і жыцця, не былі створаны ў пачатку часоў. Яны былі створаны ў ядзерных топках зорак, і, каб ператварыцца ў нашы целы, зоркі павінны былі падарвацца. Яны знікалі, каб мы сёння былі тут.

Дык чаму ж мы губляем сваё жыццё за разнастайнымі гаджэтамі, ці не лепш азірнуцца вакол сябе і зразумець, што па-сапраўднаму важна?

У 1916 г., калі Клоду Манэ было ўжо 76 гадоў, ў Жіверні ён пабудаваў вялікую студыю, якая атрымала назву «Студыя вадзяных лілей». Тут мастак рэалізаваў сваю апошнюю грандыёзную мару — стварыў панэлі з выявай лілей, што ўтварылі кругавую панараму каля 70 м у акружнасці.

Гэтыя карціны ён перадаў Францыі, і яны былі размешчаны ў спецыяльна пабудаваным павільёне, які знаходзіцца ў садзе «Цюільры».

У двух авальных залах, злучаных перамычкай, развешаны карціны, якія паказваюць сажалку ў Жіверні: шэсць ці восем палотнаў. У сутнасці, гэта адна карціна, якая перадае недаступныя звычайнаму погляду змены натуры на працягу дня. Мастацтвазнаўцы сцвярджаюць, што жывапіс у гэтым выпадку дасягнуў такой дасканаласці, што сцерла мяжу паміж рэалізмам і абстрактным мастацтвам.

Клод Манэ проста спыніў імгненне, быццам  кажучы:  ўсё сыходзіць, але нічога не знікае. Жыццё заўсёды — гэта чаканне наступнага дня. Сутыкненне са светам адбываецца кожную хвіліну. І кожны здольны абраць, як жа трэба ўзаемадзейнічаць.

Канешне, кожнаму з нас нярэдка робіцца сумна, трывога разліваецца па ўсім целе, бяжыць па капілярах да сэрца, прыносячы непрыемны халадок. У такія моманты хочацца забыць пра ўсё на свеце, забіцца ў кут і думаць пра свае перажыванні, мары, несправядлівасці, якія ахапілі ўсё навокал нас. Падставы для смутку ў такіх выпадках нельга пералічыць на пальцах, а сляды ў душы кожны раз становяцца ўсё глыбей, здаецца навакольным усе роўна, кожны жыве ў сваім выдуманым свеце, свеце панавання, крыўд, папулярнасці.

Я не стану аспрэчваць гэтае меркаванне, скажу толькі адно, многія з-за нас жывуць менавіта па такім прынцыпе, прыходзяць у школу, ва ўніверсітэт, на працу не дзеля таго, каб вучыцца чаму-небудзь новаму, а дзеля таго, каб вылучыцца, паказаць сваю перавагу. Многія нават не ведаюць сваіх аднакласнікаў, калег, іх пачуцці, перажыванні, інтарэсы. Усе мы розныя, кожны індывідуальны па-свойму, хтосьці з нас любіць футбол ці хакей, хтосьці штудзіруе кнігі, хтосьці спявае ці танцуе. Часам важна прыслухацца да чужога меркавання, заўважыць вакол сябе новых людзей, бо нават «шэрая мышка» аднойчы можа стаць выдатнай сяброўкай, а моцныя — дапамагчы слабым.

Шчырасць, усё ж такі, невычэрпна, але вось аддача, яе трэба знаходзіць у свабодзе адносін паміж людзьмі, у праўдзе, у плыні жыцця. Бывае так, што чалавек твой, і тады табе зусім не трэба пераварочваць горы і адкрываць іншыя землі, каб быць блізкім да яго. Гэтага проста не спатрэбіцца.

Грэгары напісаў: «Пакуль не паўстала жыццё, усё было ціха, хоць горы рушыліся». Іх проста няма каму было чуць. Бо гук — гэта тое, што ўзнікае ў галаве.Творчасць — гэта пошук. Колер — гэта ўражанне, якое ўзнікае ў галаве чалавека ад хваль  і сігналаў. Шчасце — гэта пастаянны працэс руху. Калі мы спыняемся на чымсці, мы пачынаем загніваць. Трэба ісці далей, заўсёды знаходзіцца ў руху. Куды б ты не ішоў — шлях ўсюды. Усё, што ты робіш, гэта і ёсць твой шлях. Вось, што трэба зразумець. Ты — гэта не твае думкі, ты — гэта тое, што ў цябе ў сэрцы.

І няхай  за вокнамі някідкі свет, не забывай — ты частка яго, а ён — частка цябе, няхай для усіх ты проста чалавек, але для кагосьці — увесь свет!

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by