Радкі праз гады: інтэрв'ю з пачынаючай паэтэсай Вікторыяй Шчэбет 11

Радкі праз гады: інтэрв’ю з пачынаючай паэтэсай Вікторыяй Шчэбет

Выціскаць з сябе па радку, а потым перарабляць — гэта дрэнная практыка ў пісьменніцкай справе. Так лічыць юная і таленавітая Вікторыя Шчэбет, пра якую і пойдзе гаворка. Захапленні дзіцячых гадоў паклалі пачатак яе, магчыма, будучай кар’еры пісьменніка. А можа, і ня пісьменніка зусім?..

Калі ёй было шэсць гадоў, яна гуляла ў пісьменніка і рабіла маленькія кніжачкі. У адну з іх яна і напісала свой першы верш. На жаль, зараз Віка не можа ўспомніць, пра што ён быў, бо тады ёй яшчэ не было і дзесяці.

– Віка, табе зараз васемнаццаць гадоў, а ты ўжо маеш два асабіста выдадзеных зборніка вершаў. Як ты ўдалося дасягнуць гэтага?

– Да дзесяці гадоў у мяне назапасілася дзесяткі два дзіцячых вершаў, якія склалі першы маленькі зборнік «Вясёлка цудаў». А ў дванаццаць з’явіўся яшчэ адзін зборнік – «Чароўныя расінкі». І праз год некаторыя мае вершы ўключылі ўжо ў сур’ёзны зборнік вершаў вілейскіх паэтаў.

У маіх пачынаннях дапамагла мне настаўніца, знаёмая са школы (рэд. школа ў родным горадзе Вікі – Вілейка), дзе працавала мая матуля. Настаўніца рэдагавала мае тэксты, давала парады. Вядома, стымулявала таксама. Надрукавалі мае зборнікі з яе дапамогай і з яе непасрэдным удзелам.

Паколькі гэтая жанчына сама піша вершы, яна неяк аднойчы мяне паклікала ў іх літаратурнае аб’яднанне, такі асобны гурток. Час з добрымі вершамі і салодкай гарбатай мы праводзілі ў Доме Культуры, радзей – у бібліятэцы. На іх абавязкова прысутнічалі запрошаныя славутыя паэты, якія чыталі свае вершы, а мы ім у адказ свае. Такім чынам, я пазнаёмілася з Вольгай Іпатавай і Сяргеем Законнікавым.

jEkHF_zVLJ0

– На якія тэмы ты пісала ў школьным узросце? Пісала для сябе ці хацела кагосьці здзівіць?

– Пісала пра ўсё, што бачыла дзіцячымі вачыма і адчувала непакорным сэрцам. Вядома, у школе шмат разоў прасілі сачыніць што-небудзь для конкурсаў. І гэта не было адмысловай працай, бо я перамагала ў раённых конкурсах з вершамі, прысвечанымі Дню маці, ахове прыроды і шмат чаму іншаму. Вось урывак аднаго з іх:

На свете миллионы мам,
Которые не спят ночами,
Которые так часто нам
С улыбкой милой всё прощают.
Ведь мама — близкий человек,
Она за нас переживает,
И, если скажем что не так,
Она легко всё понимает.

У школьныя гады адсылала вершы ў газеты і дзіцячыя часопісы. Цяпер ужо даўно нідзе не публікуюся, але пісаць не спыняюся. Зараз пішу проста для сябе – трэба ў нешта ўвасабляць, афармляць свае думкі… Але пішу, напэўна, пра занадта асабістае, таму саромеюся кудысьці адсылаць.

– А як у цябе справы з іншымі жанрамі? Спрабавала працаваць у нейкай новай якасці?

– Пару гадоў таму пачала пісаць прозу. Часам пішу ў эпісталярным жанры. Але больш за ўсё мяне захапляюць маленькія кароткія апавяданні. Тыя, хто чытаў, кажуць, што ў мяне нядрэнна атрымліваецца (усміхаецца).

– Віка, падзяліся з намі, калі ласка, хто твае любімыя паэты і пісьменнікі? Ці асацыіруеш ты сваю творчасць з творчасцю гэтых людзей?

– Ці ёсць любімы паэт? Хутчэй не, бо мне падабаецца творчасць вельмі шырокага кола паэтаў. На розум прыходзяць такія вершы, як «Лиличка» Маякоўскага і «Ты меня не любишь, не жалеешь» Ясеніна. А наконт асацыяцый… Імкнуся ніколі не атаясамліваць знакамітыя вершы са сваёй творчасцю і з сабой асабіста. Мне здаецца, у кожнага верша свая гісторыя, нешта сваё, уласнае. Аднак прапусціць іх праз сябе, прачуць і зразумець сутнасць — гэта зусім іншая справа.

WDZcjWSA90w

– Як ты сама ацэньваеш сваю творчасць? Як ставішься да крытыкі?

– Каб напісаць тое, чым я сапраўды буду задаволена, мне трэба раптоўнае натхненне. А выціскаць з сябе па радку, потым перарабляць – гэта дрэнны верш.

У мяне таксама ёсць пэўная музыка, пад якую я напісала ўжо не адзін тэкст. Вось менавіта яна мяне натхняе і настрайвае на тую танальнасць, якая мне неабходна. Напрыклад, песня Daniela Andrade – Crazy (Charls Barkley Cover) ратавала мяне не аднойчы. А што б ні казалі людзі, якія з прыемнасцю чытаюць мае вершы і прозу, я ўсё роўна недастаткова задаволеная тым, як і што я пішу.

На самай справе, я імкнуся адысці ад вельмі асабістага матыву, таму што не кожны зразумее сутнасць і сэнс напісанага. А пра новы зборнік вершаў не мару ўжо даўно. Не прываблівае зараз гэтая ідэя, ды і матэрыял на сённяшні дзень велььмі разнапланавы, безыдэйны.

Па праўдзе кажучы, я хачу пісаць больш, як мага больш…

– Віка, з’яўляючыся студэнткай факультэта журналістыкі БДУ, ты плануеш з яго дапамогай развіць менавіта пісьменніцкія навыкі. А як быць з кар’ерай?

– Я планую займацца толькі тым, што мне будзе цікава. Бо даволі часта здараецца так: калі я пачынаю нешта рабіць і не скончваю да канца. Таму пытанне наконт сваёй кар’еры застаецца для мяне востра адкрытым.

Увогуле, мне падабаецца літаратура і журналістыка. З гэтай прычыны хацелася б працаваць менавіта ў гэтым кірунку. Я прагну самарэалізацыі. Хачу быць спецыялістам у сваёй справе, не залежыць ад абставін. Інакш я буду не я (смяецца). Калі адчуваеш сябе свабодным і атрымліваеш задавальненне ад працы, то ў гэтым і ёсць маленькае, асабістае шчасце.

Добавить комментарий