Не так лёгка зрабіць, як сказаць 11

Не так лёгка зрабіць, як сказаць

І незайздросны лёс тых,
Хто зможа на шалі палажыць
Толькі лыжку
Ці толькі свой язык.

М. Танк

Колькі разоў усе мы чулі абяцанні, колькі абяцалі самі? Ці ўсе абяцанні выконваліся? Народная мудрасць гаворыць: абяцаная шапка на вушы не лезе. Пустыя словы ледзь бачнымі птушкамі вандруюць па свеце, і губляюцца з рэхам справы. Ці так павінна быць?

С. Грахоўскі пісаў: “Парожнім словам не грашы”. Адсюль вынікае ісціна: паабяцаў – выканай. Нельга не засяродзіць увагу на тым, што ў нашым жыцці з’ява нярэдкая слухаць парады вялікіх знаўцаў у галіне “як трэба і як правільна”. Але ў большасці сваёй такія дарадчыкі – майстры з мазалямі не на руках, а на празмерна працавітым языку. Лёгка сказаць, ды цяжка зрабіць – агульнавядомая ісціна. Каб дабіцца поспехаў, дасягнуць мэты, трэба працаваць, змагацца з перашкодамі, прайсці праз усе выпрабаванні, хай сабе памыляцца, але крок за крокам ісці наперад. Згадзіцеся, толькі моцны духам чалавек – змагар, той, хто сапраўды ведае, чаго хоча, здольны сцярпець і не зламацца на сярэдзіне свайго шляху да зор.

Адным з самых яскравых прыкладаў імкнення да мэты, адданай працы з’яўляецца Максім Багдановіч. Дзяцінства і юнацтва паэта прайшлі за межамі Беларусі. Трэба адзначыць, што у сям’і Багдановічаў размаўлялі па-руску, але лад жыцця, звычкі, густы ў сваёй аснове заставаліся беларускімі. Тут дзеці чулі беларускія казкі, песні, прымаўкі. Гэтыя абставіны і паспрыялі таму, што мастак слова самастойна пачаў вывучаць беларускую мову і ўжо ў дзесяцігадовым узросце спрабаваў пісаць мастацкія творы на ёй. Багдановіч пражыў кароткае жыццё, усяго 26 год, але ён дасягнуў сваёй мэты, да якой так імкнуўся. Паэт пісаў: “Ў краіне светлай, дзе я ўміраю, / У белым доме ля сіняй бухты, / Я не самотны, я кнігу маю/ З друкарні пана Марціна Кухты”…

Я згодны, часам бывае складана стрымацца і не кінуць справу, калі зведаў фіяска. Але, як казаў Н. Гілевіч, “паставіў мэту – знойдзецца і цяга”. Ці гэты поспех на словах прыносіць задавальненне? Толькі ў нашых руках лёс гэтых слоў: застануцца яны планам ці ператворацца ў вынік.

Добавить комментарий