На роднай мове

Ілона Петрусевіч

абітурыентка Інстытута журналістыкі БДУ

Як кажуць, народ памірае тады, калі памірае яго мова. Многія лічаць, што беларуская мова памірае. Аднак гэта памылковае меркаванне..Усё часцей, знаходзячыся ў кампаніі мададых людзей, я чую беларускую гаворку. Я пачала разумець, што моладзь спрабуе адрадзіць нашу цудоўную мову.

Я вырашыла ўзяць інтэрв’ю ў выдатнай дзяўчыны Аліны, з якой некалі вучылася ў школе. Яна ўжо не першы год гаворыць па-беларуску і захапляецца беларускім фальклорам. Мне стала цікава, як жа яна зацікавілася беларускай мовай і як склаўся яе лёс.

-Раскажы крыху пра сябе.
-Мяне завуць Аліна Длатоўская, мне 18 год. Я вучуся ў лінгвагуманітарным каледжы. Захапляюся беларускай мовай, літаратурай і гісторыяй, а яшчэ займаюся хэндмэйдам і вырошчваю кветкі. Вельмі люблю вандраваць па Беларусі.

-На якой мове ты размаўляеш дома, у сям’і. Чаму?
-У сям’і размаўляю па-руску, бо маці з Расіі і беларуская мова ёй даецца цяжкавата. З бацькам, бывае, размаўляю па-беларуску, асабліва калі ён распавядае цікавыя гісторыі ці жарты, якія ведае з фальклёра.

-З чаго пачалася твая любоў да беларускай мовы?
-Гэта складанае пытанне. Памятаю яшчэ з глыбокага дзяцінства, што тата спяваў мне калыханку па-беларуску. Потым, калі я крыху пасталела – распавядаў пра розныя гістарычныя падзеі і знакамітых людзей Беларусі. А год у восем мне падарылі першую беларускую кніжку. Гэта былі казкі Караткевіча. Яго мова такая сакавітая, разнастайная, яскравая, што проста немагчыма не захапіцца ёю. Як сказаў аднойчы мой знаёмы: “Ён піша, як дыхае”.

-Сярод тваіх сяброў і бліжэйшага акружэння больш рускамоўных ці тых, хто размаўляе па-беларуску?
-Зараз амаль усе мае сябры і знаёмыя – беларускамоўныя. І нават тыя, хто яшчэ год таму размаўлялі па-руску паступова пераходзяць на беларускую мову.

-Як ты думаеш, беларуская мова «памірае», як многія зараз сцвярджаюць?
-Я б сказала: наадварот. Ведаеце, беларуская мова – даволі заразная рэч, калі можна так сказаць. Яна прыгожая, мілагучная, незвычайная. Можна нават сказаць, што цяпер модна размаўляць па-беларуску. Гэта вылучае, робіць сябе адметным. Зараз па-беларуску размаўляюць проста самасвядомыя людзі, людзі якія ведаюць што такое быць патрыётам, людзі якія ганарацца сваёй краінай. Мабыць, гэта “юнацкі максімалізм”, але я веру ў тое, што ў беларускай мовы вялікая будучыня і выдатны патанцыял.

-У які момант у сваім жыцці ты пераключылася на беларускую мову?
-Лёс склаўся так, як кажуць. Побач проста апынуліся тыя самыя людзі і тыя самыя кнігі. І адпаведна з’явіліся тыя самыя думкі. А чаму б і не? Родная мова, мілагучная, чароўная, у ёй так шмат таямніц, так шмат адценняў! Мы – беларусы, душа ў нас беларуская. І нас саміх, нашы думкі, тую самую душу не выразіць ні адна мова, акрамя беларускай. Аднак доўгі час я не магла пачаць размаўляць. Безумоўна, для гэтага знаходзілася шмат апраўданняў. То мне не было з кім, то не было пра што, то я не хацела псаваць мову сваім “няўменнем размаўляць”. Але мне пашанцавала – мне патрапілася выдатная настаўніца. Так, яна выкладала беларускую мову. Але насамрэч, для мяне яна ў першую чаргу не настаўніца беларукай мовы, а настаўніца па жыцці. Яна сказала мне: няма ніякіх “але”, не трэба ніякіх апраўданняў. Хочаш размаўляць – размаўляй. І што самае цікавае, апынулася, што я ў класе не адна такая. Са мной вучылася дзяўчына, якая таксама прыйшла да тых жа вынікаў, прыйшла да беларускай мовы асобна ад мяне. Тады мы не тое каб сябравалі. А цяпер сябруем вельмі добра. Цяпер яна маладая, але вельмі талентавітая паэтка Кацярына Глухоўская.

А пытанні з чысцінёй мовы і слоўнікавым запасам вырашыліся, канешне, праз неабсяжную беларускую літаратуру. І канешне, першым ва ўсіх сэнсах для мяне быў і застаецца Уладзімір Караткевіч.

-Наколькі я памятаю, ты шмат пісала ў школьныя часы. Ты ўсё яшчэ пішаш? Калі так, то на якой мове?
-Не, нажаль, я больш не пішу. Мяне надрукавалі аднойчы ў беларускім часопісе “Верасень”. Але менавіта тады я зразумела, што гэта не маё. Справа не ў тым, што ў мяне не атрымліваецца пісаць. Я проста даволікі далёка ад сучаснай беларускай літаратуры і не заўсёды яе размуею, скажам так. Безумоўна, калі б я яшчэ пісала – пісала б па-беларуску.

-Якія планы на будучыню?
-Планы на будучыню J. Зноў складанае пытанне. У мяне шмат планаў, але яшчэ больш мар. Пакуль што трэба скончыць каледж і атрымаць вышэйшую адукацыю. Хутчэй за ўсё, гэта будзе нешта звязанае з гісторыяй і турызмам. Наша краіна – скарб з унікальным багаццем. І я б вельмі хацела данесці гэта да іншых.

-Што ты можаш пажадаць нашай моладзі?
-Што я магу пажадаць… На розум прыходзяць словы з твора Уладзіміра Караткевіча, якія зараз даволі папулярныя: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш.” А насамрэч, варта проста расплюшчыць вочы і добра-добра задумацца. Усё, што будзе наперадзе: любы шлях, любы паварот, любое скрыжаванне — залежыць ад нас.

Я спадзяюся, што ўсе мы не будзем забывацца на нашу родную мову. Мы не дадзім загінуць мове, не дадзім памерці народу! Гэта ў нашых сілах!

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by