Дзяўчынка, якая дорыць усмешкі... і фенечкі 11

Дзяўчынка, якая дорыць усмешкі… і фенечкі

Хачу пазнаёміць вас з Алінай Палянскай, якая сёлета перайшла ў 8 клас. Нагледзячы на свой невялікі ўзрост, Аліна мае сур’ёзнае і вельмі цікавае захапленне: яна пляце фенечкі. І не простыя, а са шматлікімі пацеркамі, узорамі і малюнкамі. І дзіву даешся, адкуль у гэтай дзяўчынкі столькі сілы волі і цярпення? Але пра гэта яна распавядзе вам сама.

—Аліна, як і калі ты пачала гэтым захапляцца?

—Справа была на зімовых канікулах. Яны цягнуліся вельмі доўга, і аднойчы мне сталася зусім сумна. У інтэрнэце я даведалася пра тое, як самой можна навучыцца плесці фенечкі. «Гэта ж так прыгожа!» — падумалася мне. З таго часу і захапілася.

—Схемы ўзораў таксама бярэш з інтэрнэта ці прыдумваеш сама?

—Часам бывае так, што не патрэбны ніякія відэаўрокі, бо схемы самі трапляюць мне ў галаву J. Але не магу не параіць канал Fenkoplet на YouTube. Там сапраўды можна знойсці шмат чаго карыснага!

—А ці ёсць у цябе любімая фенечка?

—Ёсць адзін выраб, які я люблю, мабыць, больш за ўсіх. Я самастойна знайшла схему, падабрала колеры. За дзён пяць спляла ўзор прывабнага кацейкі.

—Ведаю, што не так даўно ў цябе нават была свая выстава…

—Так. Настаўніца працы ўбачыла ў мяне на руцэ фенечкі і спыталася, ці я гэта іх спляла. Пачуўшы станоўчы адказ, прапанавала ўдзел у выставе, на якой будуць прадстаўлены творчыя работы школьнікаў. Я, канешне ж, з радасцю пагадзілася. Але, калі людзі хацелі набыць мае фенечкі за грошы, я прынцыпова адмаўляла: «Не прадаюцца!»

—Нават так?

—Гэта маё правіла. Я лічу, што іх трэба толькі дарыць, бо гэта насамрэч ад душы. Часам я пляту іх сваім сяброўкам у выглядзе падарункаў на святы. А на Новы год падарыла такую свайму роднаму брату. Ён ужо дарослы, але не здымае яе з рукі J.

—Ці плануеш звязаць з гэтым будучую прафесію?

—Я пакуль што не думала, куды паступаць. Але дакладна ведаю, што мая прафесія будзе творчая. Мабыць, запішуся на курсы па маляванню. Маці падтрымлівае мяне, не прымушае занімацца тым, што не падабаецца. І гэта файна.

—А чым захапляешся, акрамя фенечак?

—Яшчэ мне падабаецца куміхіма — японскі шнурок, які пляцецца на спецыяльным станку. Але фенечкі ўсё ж такі падабаюцца больш.

—Што цябе натхняе?

—Канешне ж, фотаздымкі іншых «фенькаплётаў», прыгожыя вобразы. Мае сябры расказваюць, што плятуць пад музыку. Я так не магу — музыка мяне збівае. А вось пад тэлевізар плесці люблю.

…Тут мы з Алінай развітваемся, а я гляджу на фенечку з беларускім арнаментам на сваёй руцэ — яе падарунак. Няхай у гэтай таленавітай і ўсмешлівай дзяўчыны ўсё атрымаецца!

Добавить комментарий