Трэба дома бываць часцей

Настачка Жухарава

Інстытут журналістыкі БДУ

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страцiць святое штосьцi.

Увечары 2 сакавіка ў Мінску памёр Рыгор Барадулін, 4 сакавіка адбылося развітанне з паэтам. Нас пакінуў шчыры і таленавіты чалавек, эсэіст, перакладчык, апошні, каму дадзена званне Народнага паэта Беларусі. Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч… Рыгор Барадулін. У апошні шлях дзядзьку Рыгора праводзілі родныя, блізкія, сябры і ўсе беларусы, якія здолелі прыйсці ў гэты дзень на развітанне з дзядзькам Рыгорам.

У розны час Рыгор Іванавіч працаваў у такіх перыядычных выданнях, як газета «Савецкая Беларусь», часопісах «Бярозка» і «Полымя», а таксама ў шэрагу выдавецтваў, сярод якіх «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». У апошнім выдавецтве Барадулін прапрацаваў больш за 20 гадоў — спачатку рэдактарам, пазней загадчыкам рэдакцыі.

Рыгор Барадулін быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, Партыі БНФ, а з 1989 года — сябрам Сойма гэтай партыі.

Паэт пакінуў больш за 70 паэтычных зборнікаў, каля 30 зборнікаў перакладаў, мноства крытычных артыкулаў і эсэ.

Але дзядзька Рыгор з намi назаўсёды, як i ягоныя вершы.

Будзем жа!

Забараняць лягчэй, цяжэй абараняць
I мову, і забытую Айчыну.
Армяк пакут з плячэй, абраз аборы зняць
I запаліць з надзеяю
Лучыну.
На лёхах веры сцісне кулачок
Салодкі даўняй марай
Бурачок.
За далягляд вякоў сплыве хмурына,
I хлебу звесціся не дасць
Скарына.
Маланкай апяражацца ганец.
Асвеціць столь і покуць
Каганец.
Абудзіцца зямля, што доўга спала,
Пакажа кветку Папараць
Купала.
На санным следзе загалосіць полаз.
I жнеек на жніво запросіць
Колас.
I крывічам пра іхні род усім
Напомніць Богам дадзены
Максім.
Не жабракі —
Вякі стаяць за намі.
Дык будзем жа самім сабе панамі!

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by