Мульцяшны буслік дае экалагічныя парады дзеткам і дарослым (відэа)

МГА "Экапартнёрства"

Кожная беларуская сям’я адчувае наступствы змянення клімату. Варта запытацца ў бацькоў або бабуль, ці памятаюць яны кавуны ў сваім дзяцінстве. Якія яшчэ наступствы сталі заўважнымі за апошнія дзесяцігоддзі, можна пабачыць у новых роліках ад МГА “Экапартнёрства”.

Аповед у відэароліках вядзецца ад імя дзіця, якое паразмаўляла з бацькамі і даведалася, што раней у Беларусі не было столькі кляшчоў, а кавуны лічыліся амаль што цудам. На экране глядач бачыць прыгожага бусліка, які пакутуе ад таго, што клімат цяплее, а праз гэта высыхаюць рэкі ды здараюцца пажары.

Тым не менш буслік знаходзіць добрыя рашэнні, якія дапамогуць зменшыць негатыўны ўплыў на клімат. Ён змяняе свае штодзённыя звычкі на экалагічныя: сартуе адходы, набывае энергаэфектыўную тэхніку і карыстаецца роварам.

Усяго падрыхтавана тры відэароліка, якія раскрываюць уплыў змянення клімату на водныя рэсурсы, сельскую гаспадарку, лясы, а таксама тлумачаць прычыны гэтай з’явы.

Ролікі распрацаваны МГА “Экапартнёрства” ў супрацоўніцтве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Хутка іх можна будзе пабачыць не толькі ў інтэрнэце, але і на тэлебачанні. Відэаролікі пра змену клімату атрымалі статус сацыяльнай рэкламы.

Відэаролікі агучаны на беларускай мове, але маюць рускія і англійскія субтытры.

Над ролікамі працавалі:

Дырэктарка праекта: Аліна Бушмовіч, МГА “Экапартнёрства”;

Прадакшн: студыя Sloik Imaging, http://sloik.com;

Ілюстрацыі, анімацыя: Воля Кузьміч;

Канцэпцыя, сцэнар: Юрый Сідун;

Фінансавая падтрымка: Экалагічная сетка «Зой», каардынатарка:  Леся Нікалаева.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ