Хроніка Дня роднай мовы ў Інстытуце журналістыкі БДУ: 2011-2014

Дзень роднай мовы

Аргкамітэт

Хроніка Дня роднай мовы (ДРМ)/ Тыдня роднай мовы (ТРМ)

у Інстытуце журналістыкі БДУ

 

2011

Дзень роднай мовы (21-га лютага)

Слоган: “Мова родная – мова модная!”

Сімвал: арнамент.

Канцэпцыя: Беларуская мова (і беларуская культура ўвогуле) можа быць у трэндзе для маладога беларуса. Спалучэнне фальклорнага і сучаснага, мова ў розных сферах жыцця: побыт, адукацыя, мода і інш.

i

Мерапрыемствы:

акцыя “Калі ласка, гавары са мной па-беларуску”,

дэбаты “Беларусізацыя ўніверсітэта: за ці супраць”,

алімпіяда-гульня па беларускай мове,

паказ варыяцый нацыянальных строяў ад сучасных дызайнераў,

святочная вечарына з удзелам выкладчыкаў і студэнтаў (танцы, песні, чытанне вершаў, частаванне дранікамі і інш).

 

Прома:

відэа “Будзем смажыць!”,

алімпіяда-гульня.

2012

Тыдзень роднай мовы (20-26 лютага)

Слоган: “Родная мова – усеабдымная!”

Сімвал: рукавічка.

Канцэпцыя: Беларуская мова перадаецца праз абдымкі. Беларуская мова прыдатная для ўсіх сфер жыцця.

rukavichka

 

Мерапрыемствы:

акцыя ў фармаце free hugs “Беларуская мова перадаецца праз абдымкі”, сустрэча з гасцямі розных прафесій “Як я пачаў размаўляць па-беларуску”

сустрэча з рэдакцыяй часопіса “Маладосць”

дэбаты “Журналісцкая адукацыя: 5 гадоў – ці не зашмат?”,

алімпіяда-гульня,

гульня “Мафія” з выкладчыкамі,

святочная вечарына з танцамі, конкурсамі, спевамі і дранікамі

 

Прома:

відэа “Журфак! Вы яшчэ не размаўляеце па-беларуску? Тады Паўлік ідзе да вас!”

конкурс беларускамоўных дэматыватараў пра жыццё Інстытута журналістыкі,

алімпіяда-гульня.

Справаздача тут.

Пра нас на АНТ.

 

2013

Тыдзень роднай мовы (18-24 лютага) 

Слоган: “Беларуская мова. Пачні з пачуццяў!”

Сімвал: выява сэрца, складзенага з беларускіх літар.

Канцэпцыя: Па-беларуску можна выказаць любыя пачуцці ды ўсталяваць любыя адносіны.

sardechka

Мерапрыемствы:

акцыя ў фармаце free hugs “Беларуская мова перадаецца праз абдымкі”,

гульня-спаборніцтва ў веданні беларускай мовы “Фізікі супраць лірыкаў”, сустрэча “Стыль жыцця або Чым апантаныя выкладчыкі журфака”, трэнінг па тайм-менеджменце,

святочныя гульні “Мафія” і “Капялюш”

вечарына з танцамі, спевамі і дранікамі.

 

Прома:

відэа “Пачні з пачуццяў!”,
конкурс дэматыватараў,

алімпіяда-гульня.

 

2014

Тыдзень роднай мовы (17-23 лютага)

Слоганы: “Мова. Тое, што вабіць”, “Мова. Тое, што побач”.

Сімвал: падушка.

Канцэпцыя: Мова – гэта тое, што заўжды з табой, з чаго пачынаецца і чым завяршаецца твой дзень, тая мова, на якой ты выказваеш свае патаемныя думкі і пачуцці: яна ведае цябе сапраўдным. Беларуская мова – тое, да чаго варта імкнуцца, бо яна вабіць: прыгожая і цёплая, мяккая і прыемная для вуха, нібы падушка, і, канешне, усеабдымная.

afisha1

Мерапрыемствы: 

Пошта на дзень Св. Валянціна “Паміж каханнем і любоўю адзін тыдзень

Гульні “Мафія” і “Капялюш” з удзелам выкладчыкаў

Інтэрактыў па стылі “Стылістыка на высокіх абцасах”

Круглы стол “Як быць беларускамоўным” з удзелам студэнтаў і выпускнікоў журфака

Стэндап ад выкладчыкаў “Лад жыцця”

Гульня “Фізікі vs лірыкі”

Вечарына з танцамі, спевамі, гульнямі і дранікамі.

Прома: 

відэа “Дзень роднай мовы. Не праспі!”
відэа 2 “Як мы здымалі прома”,
інтэрнэт-конкурс “Бой падушкамі”,

алімпіяда-гульня,
святочная беларускамоўная пошта да Дня закаханых.

Каманда 2011-2014: С. Ісаёнак, Е. Хмель, В. Віцюгова, А. Карэлін, М. Зайцаў, М. Найдзёнаў, К. Ельяшэвіч, Р. Давыдка, А. Піліпёнак, Д. Гаркавы, Х. Дарапей, М. Семяненка, Ю. Ішмуратава, А. Суднікаў, А. Ганчыеўская, А. Клунін, К. Малей,  К. Пятрышчава, Г. Шыбут, Г.Гузік, Я. Пісарэнка, У. Попчанка, П. Кіслы. Выкладчыкі: А. Бязлепкіна, А. Кузьмінова.

 

Каментарыі арганізатараў:

sviatlana_isajonak

Святлана Ісаёнак:

Дзень роднай мовы – праект, якім я сапраўды ганаруся. Яго галоўная адметнасць — магчымасць аб’яднаць студэнтаў, якія імкнуцца размаўляць па-беларуску. Штогод іх становіцца усе болей, твары змяняюцца, але сакральнае стаўленне да беларускай мовы застаецца. Мне здаецца, вось так, праз рэалізацыю такіх святаў, можна проста і шчыра выказаць любоў да таго, што ў нас адзінае, — да радзімы.

А яшчэ Дзень роднай мовы з самага пачатку «за межамі» тыповых святкаванняў з народнымі песнямі і вершамі Купалы і Коласа. Нам заўсёды было важна нагадаць, што беларуская — не толькі жывая, але і развітая, прыстасаваная да сучаснага грамадства. Дзякуй тым, хто падтрымліваў і падтрымлівае свята кожны год. Нават калі ніхто не пачне з ранку 22 лютага жыць на беларускай, 10-20-50 чалавек будуць памятаць пра яркае свята 21-га і апантаную мовай каманду.

 

 viciuhova_viktoryja 

Вікторыя Віцюгова: 

Для мяне Дзень роднай мовы — гэта свята: міжнароднае, факультэцкае і асабіста маё. Яно каштуе шмат сіл, часу і вытрымкі, але і дае неверагодную моц для таго, каб рухацца далей. Яго робіць цэлая каманда людзей – натхнёных і закаханых у гэтае свята. Кожны з нас укладае душу, розум і сэрца. Бо хочацца зрабіць гэты дзень самым цёплым днём зімы. А самая вялікая асалода – даведацца, што пасля 21 лютага яшчэ адзін чалавек пачаў размаўляць па-беларуску.

 

kuzminova_alesia

Алеся Кузьмінова:

Ідэя святкаваць Дзень роднай мовы ў 2011-м годзе з’явілася даволі спантанна. Прачыталі ў інтэрнэце, што існуе Міжнародны дзень роднай мовы як ініцыятыва ЮНЭСКА. Вырашылі зладзіць свята і ў нас, закінулі абвестку ў сацыяльныя сеткі і сабралі першапачатковую каманду. Нам хацелася арганізаваць такія мерапрыемствы, каб яны зацікавілі студэнтаў і такім чынам прыцягнулі ўвагу да мовы, каб шмат людзей захацела ўключыцца ў святочныя падзеі і, вядома ж, размаўляць па-беларуску. Трэба сказаць, што ўжо падчас першых нашых “лятучак” планы былі напалеонаўскія!.. Нават думалі запрашаць на факультэт міністра адукацыі і міністра культуры… А ў выніку вырашылі змяніць фармат, адышлі ад пафасу і зрабілі цёплае, шматграннае журфакаўскае свята, якое ўжо напрацягу чатырох гадоў яднае наш факультэт, падкрэслівае, што ўсе мы адна вялікая сям’я. Нарэшце, я лічу, што напрацягу чатырох гадоў існавання Дня роднай мовы ў Інстытуце журналістыкі мы здолелі  паступова, крок за крокам адысці ад ідэі фальклорнага святкавання і зрабіць акцэнт на яе ўніверсальнасць – прыдатнасць да выкарыстання ў розных сферах.

 

andrej_karelin

Андрэй Карэлін:

Так атрымалася на сёння, што пытанне выбару беларусам мовы камунікацыі – пытанне інтымнае. Пытанне, якое не трывае хуткасці, часта пафасу і дакладна – ціску пры вырашэнні. Пытанне, якое патрабуе часу для ўнутраных разваг. Дзень роднай мовы – гэта ні больш ні менш лёгкая і цікавая магчымасць гэту мову адчуць – без боязі паказацца белай варонай і проста без боязі. Проста атмасфера. Проста людзі. Проста мова. Проста паспрабуйце атрымаць асалоду ад датычнасці да сучаснай еўрапейскай нацыі – са сваімі гісторыяй і культурай. І калі не атрымаецца – мы вернем вам грошы! :)))

 

Aksana_Biazlepkina2

Аксана Бязлепкіна:

Прыемна пасля Дня роднай мовы прачытаць у твітары студэнта: “Аказалася, калі цэлы дзень размаўляеш па-беларуску, то пад вечар пачынаеш па-беларуску думаць”. Студэнты ў гэты дзень перадаюць адно аднаму мову праз абдымкі і не баяцца памылак і трасянкі. Мы намагаемся рабіць карысныя і вясёлыя мерапрыемствы: “Як быць беларускамоўным?”, трэнінг па тайм-менеджменце, інтэрактыў па стылі, «мафія», «капялюш» і – вядома – штогод вечарына з дранікамі. Я дакладна ведаю, што адзін дзень беларускамоўнасці можа змяніць жыццё: неабавязкова самому пераходзіць на беларускую мову, можна проста пачаць лаяльней ставіцца да беларускамоўнасці іншых.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by