Дзень роднай мовы: Стылістыка на высокіх абцасах

Аксана Бязлепкіна

выкладчык

На ўзор вядомых жанраў «курс лекцый» ці «канспект лекцый» я напісала фотасправаздачу (а па сутнасці — канспект мерапрыемства) для тых, хто хацеў, але не змог прыйсці. У допісе чаргуюцца слайды прэзентацыі і здымкі, зробленыя на сустрэчы.

21 лютага 2014 года ў межах святкавання Дня роднай мовы адбыўся інтэрактыў  “Стылістыка на высокіх абцасах”, які правялі я і стыліст Марыя Мароз. Мы абяцалі распавесці пра моду і парушэнні правіл, а таксама пра 5 крокаў па стварэнні ўласнага стылю.

Умоўна можна вылучыць 3 стадыі ўзаемаадносін асобы са стылем:

1)    законы спалучальнасці колераў, фактур і сілуэтаў парушаюцца ад недасведчанасці ці абыякавасці;

2)    чалавек прытрымліваецца правіл, ведае, што яму пасуе;

3)    законы спалучальнасці геніяльна парушаюцца, бо чалавек (мастак!) выходзіць за межы стандартнага.

Кожны чалавек можа адвольную колькасць часу знаходзіцца на любой стадыі і пераходзіць на вышэйшую стадыю, і вяртацца на ніжэйшую. Правілы правіламі, але галоўнае — каб было камфортна самому чалавеку.

У нейкай ступені здольнасць густоўна апранацца можна параўнаць з пісьменнасцю: у кагосьці яна прыроджаная, а нехта зацята вучыць правілы. Тое самае і са стылем: хтосьці народжаны мастаком, а іншыя мусяць вучыцца. Зрэшты, няма нічога немагчымага!

На шляху да стварэння ўласнага стылю можна вылучыць 5 істотных крокаў, дасяжных кожнаму. Трэба вызначыць:

1)    сваю прыналежнасць да індора ці аўтдора;

2)    сваю кантрастнасць: ад нізкай да высокай;

3)    пасуюць халодныя ці цёплыя колеры;

4)    адзенне мусіць быць з прынтам ці колер-блокам;

5)    патэнцыял свайго сілуэта.

Калі вызначыцца па гэтых пунктах, то шопінг адразу робіцца складаней і прасцей адначасова. Чалавек, які добра сябе ведае, ужо не будзе спыняцца ў крамах з “не сваім” адзеннем ці набываць кофтачку, якая псуе ўражанне пра фігуру, але знайсці ў краме рэчы канкрэтных колераў і фасонаў, відаць, таксама няпростая справа.

ІНДОР ЦІ АЎТДОР

Людзі ўмоўна падзяляюцца на тых, каму пасуе класічны стыль, і тых, каму – кэжуал. Яркім прыкладам аўтдора (outdoor) з’яўляецца Джоні Дэп. Такім людзям не пасуе афіцыйны стыль: у гарнітуры і гальштуку Дэп глядзіцца прылізаным і пазбаўленым харызмы. Калі ж дрэскод патрабуе ад яго выглядаць класічна, ён падпарадкоўваецца, але расшпільвае гузікі на кашулі, выкручваецца за кошт фактур, колераў і аксесуараў. А неўтаймоўныя валасы перабіваюць гладкую дасканаласць смокінгаў.

На кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ ўсе мужчыны – аўтдоры, а прафесія нібыта змушае да пінжакоў.  Але выйсце ёсць нават з такой безвыходнай сітуацыі! Так, мой калега Сяргей Яўгенавіч Трунін лёгка спалучае неабходную індорную форму (кашуля) з аўтдорным зместам (светлыя зорачкі на цёмным фоне). А яго пашпартны здымак назаўжды застанецца ў залатой калекцыі фотаархіва нашай кафедры.

3
Індор (indoor) – “пакаёвыя” людзі. Іх сапраўды не напалохаць ні смокінгам, ні… вайсковай формай. Яркі прадстаўнік – Джон Траволта:

4

Я таксама належу да індораў. Усведамленне гэтага вытлумачыла мне многія моманты, звязаныя з маёй знешнасцю. Напрыклад, я ўсё дзівілася, чаму мне больш падабаюцца гладка зачасаныя валасы? А таму што з такой прычоскай можна індорна пачувацца нават у спартыўным касцюме (адпаведныя фота на мерапрыемстве паказваліся, а ў гэтай справаздачы можна абысціся і без іх).

5

На інтэрактыве студэнты сказалі, што на фота справа я выглядаю не горш. Па-першае, хіба ж я дурная паказваць людзям свае кепскія здымкі? Па-другое, індорнасць ці аўтдорнасць – не прысуд, а інфармацыя для аналізу, якая дапаможа вам выглядаць лепей тады, калі гэта сапраўды важна. А ў іншыя дні нават індору можна быць у джынсах і саколцы!

Студэнтка 4 курса Ліза Хмель спытала, якім жа чынам канчаткова вызначыцца. І тут я мушу прызнацца, што мне неверагодна пашанцавала. Некаторыя імідж-кансультанты лічаць, што ідэальная праверка на індорнасць-аўтдорнасць праводзіцца з дапамогай кашулі ў клетку. Аўтдорам яна вельмі пасуе, а індоры выглядаюць у ёй так, нібыта ім не было чаго адзець. І вось выходзіць Ліза… ў менавіта такой кашулі.

7

Мы стаялі перад аўдыторыяй, і я, адзначыўшы, як добра Ліза выглядае, папрасіла ўсіх уявіць у такой кашулі мяне. Калі меркаваць па дружным рогаце, усе зразумелі, як можна адрозніць індораў і аўтдораў.

Пытанні, якія дапамогуць вам вызначыцца:

6

КАНТРАСТНАСЦЬ

У мяне кантрастнасць – вышэй за сярэднюю, калі б мая скура была не смуглая, а белая, то я магла б прэтэндаваць на максімальную кантрастнасць. Але подзвігі Майкла Джэксана мяне пакуль не вабяць. Для ілюстрацыі нізкай кантрастнасці я скарыстала фота маёй калегі Інгі Дзмітрыеўны Воюш і вельмі ўдзячна ёй за дазвол выкарыстоўваць здымкі.

8

Чым большы кантраст у знешнасці чалавека, тым больш моцным, дужым, даміноўным ён здаецца. І адпаведна чалавек з нізкім кантрастам здаецца пяшчотным і далікатным. Пры гэтым кантрастнасць і характар неабавязкова знаходзяцца ў прамой сувязі. Зірніце на здымак:

9

Гэта я і студэнтка 3 курса Юлія Ішмуратава. У мяне кантрастнасць вышэй за сярэднюю, у Юліі – ніжэй. Я задала аўдыторыі два пытанні:

— Гэтыя людзі зладзілі круты праект. Як вы думаеце, хто кіраваў праектам?

— Уявіце, што гэтыя людзі ўчынілі злачынства. Як лічыце, хто вінаваты больш?

Усе, вядома, смяяліся, бо ў такіх сітуацыях чалавек з высокай кантрастнасцю пераўзыходзіць нават гофманаўскага курдупеля Цахеса: усё надзвычайнае (і добрае, і кепскае) прыпісваецца менавіта яму.

Але мяркуючы па тым, колькі існуе спосабаў павысіць кантрастнасць, гэта не самая кепская асаблівасць.

Першы спосаб змяніць кантрастнасць – макіяж. І зноў Юлія Ішмуратава дапамагае ілюстраваць тэзіс:

10

Праўда, гэты спосаб не ўсім дапамагае:

11

Другі спосаб змяніць кантрастнасць – з дапамогай акуляраў. У мяне адмыслова для сесіі ёсць “сцярвозныя” акуляры. Студэнты, пабачыўшы мяне ў іх, не думаюць: “О, Аксана Пятроўна ў іншых акулярах” ці “Ого, як яна павысіла кантрастнасць!”. Яны думаюць: “Яна сёння строгая!” І тады выкладчык можа не рабіць заўваг, дастаткова проста няўхвальна зірнуць, таму што высокі кантраст асацыюецца з дамінаваннем.

Наступнага слайда не было ў прэзентацыі, бо на сустрэчу я прынесла яшчэ адны акуляры і эфект можна было назіраць жыўцом. Спецыяльна для сайта:

12

Трэці спосаб зменшыць ці павялічыць кантраст у знешнасці – змена колеру валасоў. Дзякуй Алесі Юр’еўне Кузьміновай за дазвол выкарыстоўваць яе фота для ілюстрацыі.

13

І яшчэ некалькі словаў пра кантрастнасць… Чорна-белыя колеры ў адзенні больш пасуюць людзям з высокай кантрастнасцю. Зрэшты, ёсць меркаванне, што чорна-белая вопратка ўзмацняе ў знешнасці тое, чаго менш: і тады кантрастная жанчына, у знешнасці якой людзі бачаць актыўнасць, моцнасць, будзе выглядаць больш жаноцкай, а некантрастная адпаведна – больш моцнай.

Навошта наогул ведаць пра кантраст? Вядома, каб выкарыстоўваць! Яркая знешнасць вытрымае суперніцтва з яркімі колерамі, а для чалавека некантрастнай знешнасці ёсць рызыка пераўтварыцца ў манекен для яркай кофтачкі: знешнасці за ёй не будзе бачна.

Праўда, тут варта ўдакладніць мэты чалавека. Напрыклад, вы плануеце ўчыніць злачынства і вам не трэба, каб вас запомнілі. Збыткоўны макіяж, яркае адзенне – і ніхто не запомніць, якая вы насамрэч. Яркасць чалавека з высокім кантрастам можна зменшыць адзеннем цялеснага колеру ці вопраткай далікатных, прыпыленых адценняў.

Цёплыя і халодныя колеры

Камусьці больш пасуюць цёплыя колеры, камусьці – халодныя. Гэта можна вызначыць тэстам з ружовым і памаранчовым шалікамі, што і зрабіла Марыя Мароз. Праўда, у аўдыторыі для нашага інтэрактыву не было сонечнага святла, таму, магчыма, ёсць невялікая хібнасць у перадачы колераў. Тым не менш прысутныя спрабавалі вызначыць, які колер лепей.

14

 

15

Часам хто-небудзь патрабаваў дакладных рэцэптаў “Як вызначыць, што менавіта пасуе табе?”,  на што слушна адказаў Станіслаў Чарнушэвіч: “Паглядзець у люстэрка”. Больш простага спосаба пакуль што сапраўды не прыдумана. Зрэшты, калі няма часу на люстэрка, можна звярнуцца да спецыялістаў.

Наступныя часткі справаздачы часткова ці цалкам пазбаўлены ілюстрацый. Бо паказваць тое, што не пасуе ці псуе знешнасць, на прыкладзе калег я не рызыкнула, таму ўзяла ўласныя фота. І не змагла атрымаць у сябе дазвол на вывешванне гэтых здымкаў на сайце. Хай гэтая інфармацыя застанецца сакрэтам! Ва ўсіх прысутных арганізатары Дня роднай мовы хацелі ўзяць падпіску пра захаванне таямніцы, але для эканоміі часу мы проста пусцілі па шэрагах паперчыну нібыта для дэканата. Вы ж усе запісаліся? :))

Прынт ці колер-блок

Кожнаму чалавеку варта вызначыцца, тканіна якога тыпу лепей глядзіцца каля твару. Гэта можа быць прынт (кветачкі, абстрактны малюнак і г.д.) альбо колер-блок (аднатонная тканіна, геаметрычны малюнак).

16

На фота вы можаце пабачыць, што мне пасуе аднатонная тканіна і рэклама бібліятэкі.

А далей тут павінен быць слайд, на якім я ў рамантычнай нелюбімай сукенцы. Ну, бо прынт і светлыя некантрастныя колеры… З дапамогай тэрмаядзернага фаташопу пад смех аўдыторыі я прадэманстравала, як можна ўратаваць нават безнадзейную сукенку.

Сілуэт

Тут працуе простае правіла: гарызантальныя лініі ў адзенні павінны праходзіць на самых вузкіх месцах цела. Спадніцам лепей заканчвацца над ці пад каленам альбо на шчыкалатцы, нагавіцы-капры лепей выкінуць, боты трэба набываць высокія (пад калена), каб яны не разразалі нагу, кофта ці пінжак не павінны заканчвацца на самым шырокім месцы сцёгнаў (за выключэннем тых выпадкаў, калі верх адзення па колеры супадае з нізам).

Пагаварыўшы пра правілы, мы з дапамогай стыліста Марыі Мароз перайшлі да абмеркавання стылю тых людей, хто мае смеласць і нахабства свядома парушаць правілы і грамадскі спакой сваім яркім, незвычайным адзеннем. Пачалі з японскіх моднікаў, працягнулі еўрапейскімі і завяршылі фотаздымкамі пажылых людзей, якія не баяцца збыткоўнай увагі.

17

Цікава, што менавіта дэманстрацыя неверагодна нахабнага спалучэння колераў і стыляў натхніла аўдыторыю на размову пра залежнасць ад асяродку, ад грамадскага меркавання, пра тое, ці варта казаць чалавеку, што ён безгустоўна апрануты і як рэагаваць, калі гэта сказалі пра вас. Марыя Мароз расказала пра ўласны досвед такога камунікавання, калі людзі падыходзяць, адрэагаваўшы на незвычайнае адзенне, і захоплена просяць не звяртаць ні на каго ўвагі.

Пытанне пра тое, ці варта звяртаць увагу на іншых, асабліва часта паўставала ў Дзень роднай мовы. Калі вы размаўляеце па-беларуску, то ўжо мімаволі прыцягваеце ўвагу. І наступнае мерапрыемства 21 лютага было акурат пра тое, як быць беларускамоўным.

 

Тэкст падрыхтаваны паводле матэрыялаў у інтэрнэце.

Фота Ганны Занковіч, з архіваў удзельнікаў мерапрыемства і з інтэрнэта.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by