Дзень роднай мовы. Сцэнарый? Канцэпцыя!

Дзень роднай мовы

Аргкамітэт

Міжнародны дзень роднай мовы ў цяперашнім фармаце святкуецца ў Інстытуце журналістыкі БДУ  чацвёрты год. Грунтуючыся на сваім досведзе святкавання, мы сфармулявалі аптымальную канцэпцыю Дня роднай мовы. Да яе аргкамітэт прыйшоў эмпірычным шляхам, а значыць – не адразу.

Зрэшты, канцэпцыі канцэпцыямі, але нам пашанцавала ў галоўным — у нас ёсць людзі, якім гэта цікава. А Дзень роднай мовы на журфаку мы ладзім не толькі для іншых, але і для сябе.

Такім чынам, некаторыя пункты нашай канцэпцыі:

1. Беларуская мова – не тэма, а сродак.

2. Рабіць звыклыя рэчы, але на беларускай мове.

3. Эксклюзіў – па-беларуску.

21 лютага мы стараемся зрабіць так, каб на большасці мерапрыемстваў беларуская мова была не тэмай размовы, а сродкам.

Па мерапрыемствах можна прасачыць, як эвалюцыянавала наша бачанне Дня роднай мовы: у 2011 годзе яшчэ адбылася дыскусія паміж студэнтамі і выкладчыкамі “Беларусізацыя ўніверсітэта: за ці супраць?”, але ў наступныя гады беларуская мова стала інструментам.

Так, у 2012 годзе на дыскусіі гаворка вялася пра пераход на 4-гадовае ўніверсітэцкае навучанне, а ў 2013 годзе сярод іншых мерапрыемстваў мы правялі трэнінг па тайм-менеджменце на беларускай мове.

Другі важны пункт нашай канцэпцыі – разуменне таго, што галоўныя мерапрыемствы варта рабіць нефармальнымі. Па сутнасці, мы робім звыклае, але на беларускай мове. На факультэце мы перыядычна гуляем у мафію, а ў Дзень роднай мовы мы робім гэта па-беларуску і запрашаем тых выкладчыкаў, з якімі студэнтам звычайна цяжка трапіць у нефармальную сітуацыю. Альбо гуляем у такую знаёмую студэнтам гульню “капялюш” ці віктарыну “Фізікі і лірыкі”.

Адзін з нашых штогадовых слоганаў – “Беларуская мова перадаецца праз абдымкі” (тут мы творча спалучылі ідэю free hugs і ідэю містыфікацыі Сяргея Балахонава “Пчолачкі гудуць”, дзе беларушчына перадаецца праз укусы крыўскіх пчол). Людзі любяць абдымацца (памятаеце, для шчасця дастаткова 8 абдымкаў у дзень?), а 21 лютага абдымкі прысвячаюцца беларускай мове.

У фае першага паверха з раніцы стаяць адмысловыя “абдымальшчыкі”, якія шчыра і шчодра перадаюць усім мову праз абдымкі. На сходзе арганізатараў заўсёды ёсць людзі, якія адразу кажуць, што абавязкова хочуць зноў паўдзельнічаць у абдыманнях, бо “вы не ўяўляеце, як гэта здорава!”

Вядома, тут дадаецца эфект карнавалізацыі: часова, на адзін дзень, адмяняецца іерархія “выкладчык – студэнт”, бо выкладчыкі з задавальненнем гуляюць у “капялюш” і “кракадзіла”, абдымаюцца са студэнтамі дзеля перадачы беларускай мовы, а паважанаму прафесару можна беспакарана сказаць: “Вы – мафія!”

На Дзень роднай мовы мы стараемся прапанаваць нешта эксклюзіўнае. У 2013 годзе ўпершыню было арганізавана мерапрыемства “Стыль жыцця”, на якім 4 выкладчыкі па 20 хвілін расказвалі пра свае хобі і шчыра адказвалі на пытанні аўдыторыі. Тут, вядома, паспяховасць мерапрыемства вельмі залежыць ад таго, ці гатовы выкладчыкі быць абсалютна адкрытымі. У нас найгарачэйшая дыскусія адбылася пасля выступлення пра вегетарыянства.

Мы будзем рады, калі нашы ідэі спатрэбяцца камусьці яшчэ. Заставайцеся сабой у Дзень роднай мовы!

Фота: Юліі Ішмуратавай і Змітра Баяровіча

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by