Адваротны бок шопінгу, або як я працавала прадаўцом-кансультантам

Вольга Пірог

Інстытут журналістыкі

А Вы калі-небудзь працавалі прадаўцом-кансультантам? Я, на той момант, студэнтка першага курса вырашыла паспрабаваць і прымяніла на сябе метад маскі. Даведалася, як працаваць без дагавору, разгружаць тачку з адзеннем, атрымоўваць зарплату не ў тэрмін і г.д. Цікава, як гэта было? Чытайце далей!

Ніякага дагавора

Прыехаўшы ў азначанае месца, мне трэба было сустрэцца з адміністратарам крамы і абмеркаваць з ёй некалькі фармальнасцяў. Першае, яна нават не спытала, хто я, адкуль і чым займаюся, хіба што Оля, 18 гадоў, студэнтка. А можа я агент пад прыкрыццём і вырашыла даведацца пра тавар іх крамы? Па-другое, ніякага дагавора, грошы ў канверце. Пагадзіўшыся з усімі патрабаваннямі, на наступны дзень я прыступіла да працы.

«Каралева» мужчынскай залы

— На гэтым пара скончана, — прагучаў голас выкладчыка. Гэта азначала, што навучальны дзень закончаны і хутка пачынаецца працоўны. Ад універсітэта да работы, на шчасце, было недалёка. Хутка даехаўшы, я з выдатным настроем зайшла ў краму, з усімі прывіталася, потым пазнаёмілася, перапранулася і была гатова да працы. Мяне паставілі на мужчынскую залу. Паказалі, як правільна складваць рэчы, вешаць іх, ляпіць стыкеры і г.д. Спачатку было неяк спакойна, ціха, мала людзей нават рабілася нудна, а потым адзін за адным сталі хадзіць. Так было цікава, да цябе падыходзяць, пытаюць той ці іншы памер, ты ім адказваеш і адчуваеш сябе мега спецыялістам. У канцы працоўнага дня мяне ўжо звалі «каралевай» мужчынскай залы. Я ўжо ведала, дзе што вісіць, ведала, што параіць пакупнікам, са мной спрабавалі фліртаваць, у агульным пра такую працу я магла толькі марыць. Аднак усё аказалася не так проста.

«Не магла б ты выйсці раней»

Усё ішло сваім чэрагам, пасля заканчэння пар ва ўніверсітэце я адпачывала, а потым ехала на працу. І так было кожны дзень, акрамя двух законных выходных. Адпрацаваўшы ўжо два тыдні, у мяне так ніхто і не спытаў, хто я па адукацыі. Мабыць, нікога гэта не цікавіла. Аднойчы адміністратар звярнулася да мяне з просьбай, выйсці раней на працу. Канечне я згадзілася, гэта ж былі мае грошы. Усё б нічога, аднак гэтыя запыты сталі частымі: то нехта захварэў, то некага трэба адпусціць. А што рабіць, згаджалася.

Першая зарплата

Я адпрацавала месяц, і час падышоў да атрымання першага заробку. Адміністратар папярэдзіла, што трэба пачакаць некалькі дзён. Не пытанне, калі б гэта было, напрыклад, тры дні. Зарплата была затрымана на цэлы тыдзень. Я была рада, што ўвогуле атрымала. А што я магла зрабіць? Дагавору ў мяне няма, пацверджанні пра тое, што я працавала таксама, заставалася толькі чакаць. Магу сказаць, што, адпрацаваўшы там паўгады, не было ніводнага разу, каб зарплату далі ў час.

Я буду адпускаць цябе падчас сесіі, казала яна

Вярнуся ў той час, калі я прыйшла ўладкоўвацца на працу. Быў такі пункцік, што я студэнтка першага курса і ў мяне наперадзе сесія, для якой мне трэба будзе рыхтавацца. На што адказ быў: «Вядома, не пытанне! Толькі скажы». Наступіў той момант, калі пачалася сесія. Падыходжу я да Насці (адміністратар) папярэдзіць пра тое, што ў мяне паслязаўтра экзамен і што заўтра мне патрэбен цэлы дзень на падрыхтоўку. На што я пачула: «Нічога не ведаю, мала людзей на зале, нікуды заўтра не адпушчу!» Вось і дамаўляйся пасля гэтага.

«Дзяўчынкі, трэба разгрузіць тавар»

Ішоў чацвёрты месяц маіх працоўных дзянькоў. Працавала кожны дзень не дамоўленыя пяць гадзін, а 6-7, бывала і 8. Увайшло ў звычку. Было цяжка не фізічна, а маральна. Натоўп людзей разгортвае тое, што ты складаеш гадзінамі, штодня чуеш хамства ў свой адрас, увесь час незадаволеныя, яны гатовы сарвацца на кожнага прадаўца. Правільна, а што кансультант можа адказаць пакупніку, хіба толькі ўсміхнуцца і загладзіць канфлікт. У адзін з вечаровых працоўных дзён я стаяла на мужчынскай зале. Так атрымоўвалася, што ў нашага ахоўніка заўсёды былі выхадныя па нядзелях і панядзелках, таму я станавілася на яго месца. Тавар з адзеннем, які нам дастаўляюць са склада, прымае заўсёды Ілля(ахоўнік), або, калі яго няма, ахоўнік з іншай крамы. Аднак менавіта ў гэты дзень не было ні аднаго, ні другога. Нам патэлефанавалі і сказалі: «Дзяўчынкі, трэба разгрузіць тавар». Калі б гаворка ішла пра нейкія пары лёгенькіх скрыначак, не бяда. Але там сама, добра калі адна набітая цялега з велізарнымі скрынкамі, якую трэба было давезці да крамы, а потым яе і разгрузіць. Нам нічога не заставалася рабіць, мы пайшлі. І насмяяліся, і нагаласіліся. Зрабілі выснову – будзе, што ўспомніць!

Захварэў – глупства, праца чакае цябе заўсёды

Ведаеце, калі стае пытанне пра здароўе, тут ніякіх спрэчак. Хварэю я рэдка, але ў гэты раз мяне не пранесла, і я ўмудрылася падчапіць прастуду. Думала палегчае, але не, стан жадаў заставацца лепшым. Вырашыла напісаць Насце(адміністратару) і паведаміць, што я ніяк не змагу з’явіцца на працу. На што мне прыйшоў адказ: «Не, на зале мала чалавек, нічога не хачу чуць». Прынцыпова я ўстала і пайшла, шморгаючы носам. Тэмпература не спадала, ногі ледзь стаялі, людзі, глядзеўшы на мой твар, палохаліся, аднак ніхто мяне не збіраўся адпускаць. Пасля дзвюх гадзін працы да мяне падышла старэйшая па змене і сказала, што я магу ісці дахаты, адміністратар адпусціла. Алілуя! Я ўжо думала, што яна чакае маёй смерці.

Я журналіст, і хачу працаваць па спецыяльнасці…

Звольніўшыся, я ні разу не пашкадавала ні аб чым. Гэта велізарны досвед на ўсё жыццё.  Хапала непрыемных сітуацый, але добрых момантаў было шмат. Дзякуючы гэтай працы, я навучылася планаваць свой дзень, знаходзіць падыход да розных людзей, правільна складаць адзенне ( у шафе зараз ідэальны парадак). Думаю, што гэта не апошні досвед ва ўжыванні метаду маскі. Паглядзім, што будзе далей.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by