“За мяне памаліся, мама!”

Дарья Никончук

Институт журналистики БГУ

Прысвечана 80-годдзю Міхася Рудкоўскага

***

На дварэ глыбокая ноч. Спіць Востраў. Толькі ў адной хаце свеціцца акенца – пануе там трывога і неспакой – хварэе маленькі Міхаська. Праз хвіліну-другую матуля схіляецца над калыскай сына, прыкладае халодную руку да ілба – жар яшчэ не спаў. У мацярынскіх вачах разгубленасць і хваляванне. Што рабіць? Як дапамагчы сыну? Жанчына пачынае маліцца, з яе вуснаў ледзь чуюцца словы:

Аддай мне свой боль, птушанятка,
Я кіну яго на вецер,
Пушчу на лясы, балоты,
Сама лепей злягу,

Каб толькі было ты, дзіцятка,
Жыва-здарова…
Яна малілася доўга “сонцу, травам, дрэвам і птушкам”. І здарылася цуда: жар спаў, Міхаська вочы расплюшчыў і ўсміхнуўся матулі. У адказ і на твары матулі з’явілася лёгкая ўсмешка. Жанчына прысела ля калыскі сына і заспявала калыханку:
Люлі-люлі люляшу,

Я дзіцятка калышу,
Нітачку звіваю,
Песеньку спяваю.
Люлі-люлі, песеньку спяваю.

Хадзіў певень па капусце,
Насіў сон у белай хусце,
Усім дзеткам прадаваў,
А Міхаську дарма даў.

Люлі-люлі, дарма даў.
Адступіла хвароба, заснуў маленькі Міхаська. Не знае яшчэ пакуль ён, якой сілай валодае матчына малітва.

***

Расце Міхаська, мужнее. Дзівіцца маці на сына – дарослы зусім. “Апора мая, надзея. Не абдзяліў цябе Гасподзь ні сілай, ні розумам. Статны, прыгожы ты, мой хлопчык! Хачу толькі, каб доля твая, сынок, была шчаслівая” , – думала маці, збіраючы сына ў дарогу. Нічога не зробіш, прагне юнак да ведаў. Рана ён пакідае бацькоўскую хату. Маці ўпотай ад сына скупую слязу выцірае і на ганку бласлаўляе сына на дальнюю дарогу. Сын,абдымаючы маці,шапнуў ёй:

– Травам, дрэвам і сонцу за мяне памаліся, мама!

***

Хутка, няспынна бяжыць час. Скончыў Міхась вучобу, стаў працаваць, знайшоў справу па душы: піша вершы, друкуецца ў газеце – захапіла яго паэзія. За ўсімі жыццёвымі клопатамі не хапае часу, каб часцей наведваць бацькоўскую хату, родных. А маці чакае сына. Доўга глядзіць праз акно на вясковую дарогу, прыглядваецца, ці не відаць знаёмай постаці сына. Калі ладзіцца ўсё ў жыцці Міхася, тады і ў яе на душы спакойна. Але чаму бывае іншы раз так балюча і трывожна? Ведае маці, што сын яе перажывае хвіліны няўдачы, хвіліны страт і расчараванняў. Дапамажы яму, Божа! Моліцца маці тады “сонцу, травам, дрэвам і птушкам”, каб “з разбітай у кроў галавою” з зямлі сын падняўся. Моліцца маці “сонцу, травам, дрэвам і птушкам”, каб з чорнае багны ён вылез.

Усё часцей і часцей Міхасю хочацца дамоў. Як некалі ў дзяцінстве, пайсці знаёмай сцяжынкай у лес, удоваль наесціся спелых суніц, пакупацца ў Начы, а потым прыбегці дадому і напіцца цёплага сырадою. “Пасядзі са мною, мама, адпачні. Гаварыць нічога не трэба”. Матуля паслухмяна садзіцца побач. На твары ўсё тая ж усмешка, але да яе дабавіліся маршчынкі. Міхась бярэ яе далоні ў свае рукі. Усё ж тая пяшчота зыходзіць ад іх, толькі рукі натружаныя, мазолістыя. Многа добрых, удзячных слоў хацеў ёй сказаць тады Міхась, але не змог. Шкадаваў аб гэтым потым. Зразумеў ён у тую хвіліну, што сустрэча іх, мабыць, апошняя.

***

Міхась яшчэ не раз вернецца на “Векавечную Бацькаўшчыну”. Вернецца, каб набрацца сілы і моцы ад роднага парога, ад чаромхі ля вакна, ад кветак у садзе. Але…

І добра табе, і гасцінна ў хаце,
Ды толькі (ці гэта здаецца?)
Чамусьці бацькоўская хата без маці –
Што грудзі жывыя без сэрца.

І раптам успомніцца Міхасю тая калыханка, якую спявала маці яму ў дзяцінстве. Вырашыць сын тады аддзякаваць ёй сваёй своеасаблівай песняй, паэтавай. Светлы і мілы вобраз уваскрэсне ў вершах сына-паэта. Песню пра маці паспеў Міхась скласці, і атрымалася яна шчымлівая, поўная гарачай сынавай любові. Ён праспяваў яе да канца, на адным дыханні, прыгожа, з пяшчотай, але з хваляваннем у голасе.

І ўсё далейшае Міхасёва жыццё, і яго творчасць будуць бласлаўлёныя святой матчынай малітвай.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by