Вяроўка

Светлана Галузо

Институт журналистики БГУ

Часам бывае так, што чалавек хоча ці павінен нешта зрабіць, але не можа. Ніхто, акрамя яго, не ведае, чаму так здараецца. А ён ведае, але ўжо позна, бо ў яго на шыі вяроўка.

Цяжка вызначыць, калі і ад чаго яна з’яўляецца. Спачатку яе ніхто не заўважае, нават сам “вязень”. Яму лёгка і свабодна з ёю: яна не давіць, не перашкаджае, хутчэй наадварот. Яна замяняе ўсё у жыцці, паступова выціскаючы тое, што было істотным яшчэ месяц-два таму. Чалавек не ўяўляе, як раней абыходзіўся без яе. А яна, як змяя, прыгрэтая на грудзях, раптоўна пачынае псаваць жыццё, праўда, “ахвяра” гэтага не адчувае. Не, не так. Яна проста не хоча адчуваць і па-ранейшаму не заўважае вяроўку на сваёй шыі. Калі раней чалавек хаця б крыху аслабляў яе, то цяпер ужо не, наадварот, ён зацягвае ўсё тужэй і тужэй. Усе кажуць яму, што ён павінен зняць гэтую вяроўку з сябе, ды ён не хоча слухаць. Яму і так добра.

Усё больш і больш вяроўка перакрывае доступ да кіслароду, атручваючы мозг. Яна, як вампір, смокча энергію са свайго закладніка. Ён ужо амаль памёр з-за яе, але па-ранейшаму нічога не заўважае, нягледзячы на тое, што людзі вакол усё часцей і часцей нагадваюць яму пра вяроўку. Ды ён, мабыць, ужо і сам разумее сваім напаўзагінулым мозгам, што вяроўка – гэта шлях у бездань, нават у смерць. Толькі пракляты аркан ужо выйшаў з-пад кантролю. Ён сам зацягваецца на шыі, як яму захочацца, пазбывае магчымасці зняць, скінуць путы. Нягледзячы на сваё нежаданне, чалавек становіцца рабом вяроўкі, страчвае сваю асобу, атаясамлівае сябе з вяроўкай. Гэта жудасна, жахліва і нават смяртоўна. “Ахвяры” ніхто не можа дапамагчы, акрамя яе самой. Яна сама павінна знайсці выйсце.

Любы шнур, нават наймацнейшы ў свеце, можна разрубіць з дапамогай сякеры, разрэзаць нажніцамі. І гэты не выключэнне. Толькі дзе знайсці патрэбнае абсталяванне?

Раб цярпліва шукае, стукае ў зачыненыя дзверы, зачыненыя сэрцы, пачынае крычаць, маліць аб дапамозе. І нарэшце разумее, што адзіны спосаб – толькі ягоная моц. Ён знясілены вяроўкай, і моцы ў слабых руках не хапае, каб разарваць яе. Але вязень не саступае. Ён раптам вынаходзіць у сабе ўпартасць, жаданне дасягнуць пастаўленай мэты. І з кожным крокам да яе адчувае, як вяроўка на шыі слабне, як амаль забіты мозг пачынае вольна дыхаць, як з’яўляюцца думкі. А вяроўка распадаецца на шматкі, як малекула вады пад уздзеяннем току. Цяпер яна ўжо не патрэбна чалавеку. Ён зразумеў, чаму і калі з’явілася гэтая перашкода. І ведае спосаб пазбаўлення. Ён зноў вярнуў страчаную асобу.

 

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by