Смерць прыходзіць без запрашэння

Светлана Галузо

Институт журналистики БГУ

Антон прачнуўся ад званка ў дзверы. Нягледзячы на тое, што за вокнамі было цёмна, а гадзіннік упарта паказваў чатыры раніцы, нехта, відаць, да зарэзу жадаў яго бачыць.

– Ат, каб цябе… – злосна прамовіў ён і падняўся з ложка. Холад кватэры, у якой дні тры таму адключылі ацяпленне, непрыемна ахутаў цела і прымусіў скуру пакрыцца дрыжыкамі. Антон лянотна сунуў ногі ў тапкі і, уздыхаючы, пайшоў да дзвярэй.

– Хто б ты ні быў, я цябе заб’ю! – сказаў ён, адчыняючы. І… абамлеў. Насупраць яго стаяла даўганогая бландзінка ў ружовым паліто да сярэдзіны сцягна і ў ботах на вялізных абцасах. Яна была вельмі падобная да тых дзяўчат, якія часам трапляліся Антону ў крамах, метро, нават у рэдакцыі, дзе ён працаваў. Яны пагардліва аглядалі яго старое паліто і акуляры з паламанай дужкай, штурхалі яго ў плячо, маўляў, не стой на дарозе, і ішлі далей, а ён, задуменны і сарамлівы, моўчкі глядзеў ім услед, здаецца, нічога не разумеючы.

– Вы хто? – утаропіўшы вочы ў дзяўчыну, спытаў ён.

– Салю-ю-юцік! – яна занадта салодка ўсміхнулася і дастала з кішэні свайго паліто iPhone апошняй мадэлі ў ружовым чахле. – Мяне завуць Дэйзі. Я Смерць, прыйшла, каб забраць цябе.

– Ты-ы-ы? – Антон здзівіўся яшчэ больш і ледзь не ўпаў на каменную падлогу пад’езда, у апошні момант схапіўшыся за дзверы.

– Ага, – пагадзілася яна. – Давай сэлфі зробім?

– Што? – не зразумеў мужчына.

– Сэлфі! – яна, здаецца, пачала абурацца. – Чаго тут незразумелага? Ну, хадзі сюды! – дзяўчына абняла яго і, склаўшы вусны як для пацалунку, зрабіла фотаздымак на франтальную камеру iPhone.

– Во, бачыш, гэта не страшна! Зараз толькі ў Інстаграм кіну. Можа, прапусціш дзяўчыну? А то тут халодна!

Антон стаяў як укапаны і проста не ведаў, што думаць і што рабіць. А Дэйзі і не заўважала гэтага. Адштурхнуўшы мужчыну, яна ўвайшла ў яго не прыбраную кватэру і накіравалася ў адзіны пакой.

– Да-а-а… Ну і срач тут у цябе! – канстатавала яна, аглядзеўшы памяшканне. Антон моўчкі прайшоў за ёю, адчуваючы, як страх саступае і вяртаецца розум.

– Што табе тут патрэбна? Чаму ты прыйшла?

– Дзіўны ты! – Дэйзі какетліва адкінула валасы назад. – Не ведаеш, чаму смерць прыходзіць, ці як?

– Не, ну… Ведаю… Яна прыходзіць, калі чалавеку ўжо пара на той свет.

– Вось… А твая пара надышла зараз! О! – яна зноў дастала тэлефон. – Люцыфер лайк на фотку паставіў. Глядзі, што напісаў: “Зачотны чувак! Дзе адхапіла?”  О, яшчэ і Тарквемада камент пакінуў! – яна ненатуральна рассмяялася. – Хоча, каб ты з ім у футбол згуляў. Галовамі. Умееш?

Антон аслупянеў. Гэта не жарт? Гэта не сон? Няўжо ўсё адбываецца на самай справе? А што цяпер рабіць?

– Пачакай. Гэта… Ты што, праўда Смерць?

– Ну, ты глухі, або што? – абурана працягнула дзяўчына. – Мала таго, што недарэка і небарака, дык яшчэ і вушы не чысціш. Фу такім быць!

– Навошта ты прыйшла? Мне ўсяго сорак восем!

– Усяго… – перадражніла яна. – Нам там без розніцы, сорак восем табе ці восем. Прыйдзем – і ўсё! Ды што табе губляць? Грошай няма, жонкі няма, дзяцей няма, нават палюбоўніцы – і той няма! Жывеш тут як наводшыбе, марнуеш жыццё, нават пра сэлфі і “Укантакце” не ведаеш!

– Ну, чаму… Ведаю.

– Да ладна-а-а? – недаверліва працягнула Дэйзі і ўтаропіла вочы ў Антона. – І што ж ты ведаеш?

– Ну… “Укантакце” – гэта як “Аднакласнікі”, толькі там больш моладзі сядзіць.

Яна рассмяялася, а Антон ад гэтага збянтэжыўся і ўтаропіў вочы ў падлогу.

– І ўсё? – спытала яна, выціраючы слёзы. – Да-а… Напавал, так скажам. Слухай, можа, прапануеш дзяўчыне кавы ці гарбаты? Мне, калі што, экспрэса.

– Эспрэса, – паправіў мужчына і выйшаў на кухню, не разумеючы, што ўвогуле адбываецца і што трэба рабіць.

Пакуль ён гатаваў каву, Дэйзі крычала яму з пакоя:

– А наша фотка яшчэ Бісмарку спадабалася! І Сталіну таксама! О, і Мусаліні з Гітлерам! Зараз прачытаю, што ён напісаў. Іхь… Ліе… Слухай, ты па-нямецку разумееш? А то гэты казёл іншых моў не ведае!

Ён моўчкі падышоў у суседні пакой і ўзяў у рукі тэлефон.

– Толькі акуратна, не лапай. Я нядаўна экран замяніла, столькі баблосаў адваліла за гэта!

Антон праігнараваў словы Дэйзі.

– Гітлер піша, што мне няма чаго рабіць на зямлі і што жыві я ў яго час, ён бы мяне забіў.

– Ну, вось бачыш! Ды ты не трымціся так, у пекле табе будзе добра! Бісмарк класны пацан, я цябе побач з ім пасялю. А насупраць у хаце жыве Чыкаціла. Ты з ім акуратна будзь, добра? Ён увогуле добры дзядзька, але калі што… Ды я ў яго ўсё роўна кожны вечар бываю, буду заходзіць да цябе. Мы з Андрэйкам сустракаемся ўжо дзесяць гадоў, да-а! Але ён чамусьці не прапануе мне выйсці за яго замуж… Адольфік з Вовам Леніным у чарзе стаяць, за імі яшчэ доктар Шыпман – чуў пра яго? – але з Андрэйкам усё неяк круцей…

Антон усё больш здзіўляўся кожнаму слову. Калі б ён захаваў хаця б рэшткі розуму, ён перш-найперш выгнаў бы дзяўчыну за дзверы, але ён быў занадта разгублены. Голас Дэйзі гіпнатычна дзейнічаў на яго, ён моўчкі рабіў усё, што яна патрабавала.

– Я цябе не цікаўлю? – раптам спытала яна, і яе вусны скрывіліся і задрыжалі. – Ты ў мяне нават не пытаеш нічога!

– А што пытаць?

– Ну… Не ведаю… Хоць што! А то я сяджу як быццам ля сцяны. Як быццам табе напляваць, што я тут… Цяпер зразумела, чаму ў цябе жонкі няма…

А і праўда! Антон нават не заўважаў, што раней у размовах з жанчынамі заглыбляўся ў сябе і нічога не чуў і не бачыў.

– У мяне зараз толькі адно пытанне: чаму ты тут?

– Як чаму! – яна пераможна хіхікнула: нарэшце атрымалася разбудзіць мужчыну. – Табе пара! Табе няма чаго рабіць тут. Усё жыццё ты спусціў дарма. Той час, што быў табе дадзены, я адабрала і падарыла маленькаму хлопчыку з лейкозам. Няхай ён жыве замест цябе.

– Што за хлопчык? – вырвалася ў яго.

– Стадзелаў Антон, пяць гадоў. Ён з дзіцячага дома. У яго лейкоз, і жыць яму засталося, мабыць, месяцы тры-чатыры. А твае гады, якія табе ўсё роўна не патрэбны, застануцца яму.

У Антоне змагаліся дзве супярэчнасці. З аднаго боку, сваёй смерцю ён падарыць гады жыцця маленькаму хлопчыку, з другога… Можа, не трэба? Малеча ўсё роўна нічога добрага ў дзіцячым доме не бачыць… Няхай зараз памрэ, чым потым ад наркотыкаў ці алкаголю. “Божа, пра што я думаю!”

– Можна мне час, каб даць адказ табе? – слабым голасам папрасіў Антон.

– А я не прашу адказ, я стаўлю цябе перад фактам.

– Калі ласка… – ён ледзь не маліўся. – Я не хачу паміраць!

– А ніхто не хоча! – Дэйзі стала вельмі сур’ёзнай. – Так што збірайся. А хаця ладна… Як памерці хочаш? Толькі каб прыгожанька было, бо я ў Instagram выкладу. І на Facebook напішу.

Антон пачаў разважаць. Цікава: чалавек разважае над спосабам уласнай смерці! Каму сказаць – не павераць! Але ж…

– Можа, у мяне яшчэ ёсць шанс? – нарэшце з надзеяй спытаў ён. На сэрцы было балюча ад таго, што ранкам ён не пойдзе на працу, не аддасць загады падначаленым, як было заўсёды, не вызначыць кантэнт наступнага номера часопіса, не падпіша ніводнай справаздачы.

– Ну, ты тупы, ці як? – дзяўчына зноў раззлавалася, не па-добраму зыркнуўшы ў яго бок маленькімі вочкамі. – Колькі разоў яшчэ сказаць трэба, каб ты зразумеў? Індзюк! Кажы хутчэй, як памерці хочаш, мне яшчэ за дзедам Мацвеем у суседні пад’езд ісці!

І тут у Антоне нешта заварушылася. Раптам ён адчуў такую прагу да жыцця, такое жаданне ўбачыць світанак, ранішняе метро, будынак рэдакцыі, што схапіў Дэйзі за каўнер ружовага паліто і адным махам узняў.

– Ты гэта вось што… Мне пляваць, хто ты і што ты, мне пляваць на ўсё, што ты тут мне казала! Я не збіраюся слухаць цябе, я ўжо ўсё зразумеў! Правальвай адсюль і не з’яўляйся ў бліжэйшыя гадоў трыццаць!

Як кацяня, ён вынес яе з кватэры і кінуў на лесвіцу, не зважаючы ўвагу на яе крыкі і пратэсты. Кіпцюрамі, пакрытымі ружовым лакам, яна драпала яго рукі, шыю, але ён быў мацней. Жорсткасць (хаця ён ніколі не быў жорсткім) зараз запоўніла кожную клетку яго цела. І да яе прымешвалася прага жыцця.

З пад’езда данесліся грукат і звон разбітага шкла. Пэўна, Дэйзі, падаючы, згубіла свой iPhone з Instagram і каментарыямі ад Гітлера, Бісмарка і іншых.

***

Антон са страхам падскочыў на ложку і аглядзеўся. Ніякіх слядоў прысутнасці Дэйзі. “Фух, дзякаваць Богу, сон!” – з палёгкай падумаў ён і глыбока ўдыхнуў. Марознае паветра з незачыненай форткі запоўніла лёгкія. “Як жа гэта добра – жыць!” – падумаў ён і стаў збірацца на працу.

Выйшаў з дому ён у добрым настроі, яго нават не пужала неабходнасць ехаць у рэдакцыю на метро і зноў лавіць пагардлівыя позіркі маладых дзяўчат, падобных да Дэйзі. Больш за ўсё хацелася ў офіс, туды, дзе яго, несумненна, чакаюць падначаленыя.

У двары ён сустрэў Валянціну, касірку з бліжэйшага супермаркета, якая жыла ў суседнім пад’ездзе.

– Прывітанне, Валя! – усміхнуўся ён, памахаўшы ёй рукой.

– Добрай раніцы, Антось!

Звычайна вясёлая і прыгожая, сёння жанчына выглядзела стомленай і засмучанай, і гэта насцярожыла Антона.

– Валя, што здарылася?

– Ты не ведаеш яшчэ? Дзед Мацвей памёр.

І зноў гэтае адчуванне, як у сне – пачуццё страху, змешанага з нечаканасцю…

– Як памёр?

– Інфаркт, кажуць. Эх, шкада, добры чалавек быў!

“Няўжо мой сон быў праўдай? – думаў Антон, баючыся зрабіць крок. – Але… У маёй кватэры няма нічога, што паказвала б на тое, што Дэйзі прыходзіла да мяне…”

Азіраючыся, быццам у пошуках Дэйзі, ён бег да метро, нават забыўшыся развітацца з суседкай. Страх надаваў яму моц, нягледзячы на недахоп дыхання. Ледзь паспеўшы, ён ускочыў у апошні вагон адыходзячага цягніка метро і… І аслупянеў. Перад ім сядзела яна. Такая ж, як і ў сне. Доўгія белыя валасы, маленькія вочкі, ружовае паліто да сярэдзіны сцягна, iPhone у руках (з адкрытым профілем Instagram), вострыя ружовыя пазногці. Яна паглядзела на яго так, што душа схавалася ў раёне ахілава сухажылля, і раптам тым жа самым голасам прамовіла.

– Ну, прывітанне, прыгожы!

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by