Начны выклік

Дарья Никончук

Институт журналистики БГУ

Дзядзька Сцяпан усё жыццё прапрацаваў фельчарам на вёсцы. Людзі ставіліся да яго з павагай і падзякай  – безадмоўны ён быў чалавек і добры спецыяліст, у любое надвор’е, па першым выкліку спяшаўся да людзей на дапамогу. Па сваёй вёсцы да хворых хадзіў пешшу, а ў суседнія  – ездзіў на возе. Аднойчы здарыўся з ім такі выпадак.

Была ранняя зіма. Уся вёска, дзе жыў дзядзька Сцяпан, даўно ўжо спала. Апоўначы ў дзверы да сельскага фельчара пастукалі  – патрабавалася дапамога. Дзядзька Сцяпан, не марудзячы, узяў сваю медыцынскую сумку, выйшаў на вуліцу, запрог каня і адправіўся ў дарогу. Шлях быў няблізкі.

Аказаўшы хвораму дапамогу, дзядзька стомлены вяртаўся дадому. Пад’ехаўшы да скрыжавання, задумаўся  – ехаць у аб’езд ці абраць прамы шлях. Па ім у два разы хутчэй дабярэшся, але хто ведае, якая там дарога: даўно там не быў, ды і праз могілкі трэба праязджаць. Доўга разважаць не стаў, хацелася дадому хутчэй трапіць, вельмі замёрз  – сагрэцца б у цёплым доме.

Кабылка паслухмяна кранулася і пайшла прама. Зацярушыў сняжок. «Хутка будзе днець»,  – падумаў дзядзька Сцяпан.

Не гледзячы на дрэнную дарогу і надвор’е, кабылка ішла даволі хутка, быццам адчувала скоры канец падарожжа. Вось і вясковыя могілкі. Раптам Рыжуха пайшла павольней, а затым і зусім спынілася: стала пырхаць, заўпарцілася. «У чым справа?»  – падумаў Сцяпан. Быў ён не з палахлівых, але раптам стала яму не па сабе  – вакол ні душы, толькі ён ды Рыжуха. Крыкнуў ён на сваю кабылку, тузануў што ёсць сілы за лейцы  – паслухалася яна гаспадара, кінулася ўперад  – і гайда рыссю. Раптам штосьці вялікае і цяжкае з усяго маху ды са свістам прама дзядзьку Сцяпану па галаве. «Госпадзі! Ратуй душу маю грэшную!»  –  залямантаваў Сцяпан. І давай кабылу хвастаць! Са страху ледзь вароты свае пазнаў. Рыжуху распрагаць не стаў, так і пакінуў на двары. Сам у дом хутчэй, рукі трасуцца ад страху, у галаве гудзіць. Жонцы і дзецям пра начное здарэнне раніцай нічога не стаў расказваць. Праз некаторы час вырашыў пайсці ды паглядзець на тое месца, дзе   «штосьці»  яго так напалохала. Глядзіць і вачам сваім не верыць  – у баку ад дарогі ляжыць здаравенная жэрдка: хтосьці адкінуў, каб не перашкаджала ездзіць. Мабыць, гэта яна застрала ў коле, калі Рыжуха на месцы тапталася, і замінала ехаць, а пасля, калі яна ірванула, паднялася ўверх ды прама па Сцяпану.   Паглядзеў ён на жэрдку, пачухаў патыліцу, узяў знаходку пад паху ды і панёс дадому  – у гаспадарцы спатрэбіцца! З тых часоў дзядзька Сцяпан ніколі той дарогай не ездзіў і іншым не раіў.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by