Час вішнёвых успамінаў

Дарья Никончук

Институт журналистики БГУ

Кожнае лета цётка Вера прыязджае з райцэнтра ў вёску па вішні. Выйдзе з аўтобуса, пасядзіць крышачку на прыпынку, адпачне і павольна крочыць па вуліцы, на якой вырасла, у самы яе канец, да бацькоўскай хаты. На галаве — саламяны брылісты капялюш, што захінае ад сонечных промняў, у руках — лазовыя кошыкі — посуд для ягад. Да аднаго прывязаны бітончык, які час ад часу бразгае, парушае вясковую цішыню. Цётка Вера спыняецца амаль каля кожнай хаты, вітаецца з гаспадарамі:

— Дзень добры!

— Дзень добры, Верачка! Па вішні? Паспелі ўжо, час абрываць.

— Так-так, — ківае яна ў адказ галавой і крочыць далей.

Глядзіць у кожны двор і бачыць: урадзілі сёлета вішні, буйна цвілі, таму і пладоў шмат. Ну вось і родныя веснічкі. Знаёмая сцяжынка вядзе да парога. Абапал яе — вішні. Закладваў вішнёвы сад Верын бацька, Алесь Міканоравіч, разам са сваім старэйшым братам. Верачцы тады гадкоў пяць-шэсць было, у школу яшчэ не хадзіла. З усіх ягад найбольш вішні любіла. Калі паспявалі, бегала па іх да бабулі або да цёткі Тэклі, таму бацька і надумаўся свае дрэвы пасадзіць, каб магла частавацца дачушка ўволю, каб родзічаў і суседзяў прыгашчаць. З гадамі сад абнаўлялі: старыя дрэвы высякалі, замест іх садзілі маладыя. Тоненькія дубчыкі прыжываліся, раслі, мацнелі і з цягам часу ператвараліся ў вішанькі-прыгажуні…

Цётка Вера запавольвае крок, вымае ключ з кішэні, але не спяшаецца адамкнуць дзверы ў хату. Яна ставіць кошыкі на зямлю, садзіцца на ганак. Стракочуць конікі ў траве, пахне мацыёлай (яе штогод сеяла пад вокнамі Верына маці). Гэты водар вяртае жанчыну ва ўспаміны, і быццам чуе яна бацькаў голас:

— Бачыш на яе, артысткай захацела стаць! Раманаў начыталася, кіна наглядзелася. Ну што гэта за прафесія? Несур’ёзна. Ты ж выдатніца ў нас. Чаму ў настаўніцы не хочаш? Вучыцелька — паважаны чалавек, заўсёды з кавалкам хлеба будзеш.

Было і такое. Матулі не спадабаўся абраннік дачушкі, якога прывезла Верачка на агледзіны з абласнога цэнтра.

— І што гэта за муж? Акрамя Міхася, больш на свеце хлопцаў няма? Адумайся, донечка, прападзеш з ім. Гарадскі, нашыя вясковыя лепшыя. Ды і ростам не выйшаў, і шафёрскія правы толькі мае, а ты ж у мяне вучоная…

Даўно пахавала бацькоў цётка Вера, а размовы гэтыя ў памяці так і жывуць. Паслухалася яна тату: стала настаўніцаю, цікавы прадмет выкладала — геаграфію. Спачатку ў суседнім раёне ў васьмігодцы, куды трапіла адразу пасля інстытута паводле размеркавання, потым нейкі час у вялікай школе ў абласным цэнтры, апошнія дваццаць гадоў — у раённай гімназіі. Многіх вучняў улюбіла ў свой прадмет Вера Аляксандраўна, шмат хто пайшоў яе дарогаю. Шкадуе толькі, што не давялося панастаўнічаць у роднай вёсцы, а хутка ўжо і на пенсію.

Праз сваю занятасць на малую радзіму жанчына прыязджала рэдка, а хацелася ж як часцей. Калі з ночы ў ноч пачынала сніцца белая квецень ля дома, разумела: трэба наведаць бацькоўскую хату.

А вось наконт Міхася памылілася матуля. Першае ўражанне пра чалавека часта падманлівым бывае. Душа ў душу пражыла Вера са сваім мужам больш за трыццаць гадоў, ён на руках яе насіў, кахаў і паважаў. Дваіх дзетак нарадзілі, вывучылі, унукаў дачакаліся…

— Верачка! — перапыніў жаночыя ўспаміны сусед Мікалай Іванавіч. — Вішань хутка не застанецца, шпакі ўсе здзяўбуць, паедзеш дадому без ягад. Ідзі “паваюй” з імі, такія ўжо пражэрлівыя, цэлы дзень на дрэвах сядзяць, нікога не баяцца.

Мікалай Іванавіч меў шаноўны ўзрост. Пасля таго як пахаваў жонку, жыў сам у прасторным цагляным доме. Некалі будаваў яго для вялікай сям’і, але выраслі дзеткі, разляцеліся ў розныя гарады і краіны, там і аселі.

— Як ваша здароўе, Мікалай Іванавіч? Сэрца не турбуе? — запыталася жанчына. — Валерка з унукамі даўно наведваўся? Як ён там, на Сахаліне? І што гэта вы ў летніку (пінжаку)? Здымайце! На дварэ такая спякота.

— Дык я толькі што апрануў яго, — з ніякаватай усмешкай адказаў сусед. — Даўно да мяне ніхто не прыязджаў, але тэлефануюць часта, дзякуй Богу і за гэта.

Цётка Вера за бітончык — і да вішань. Бачыць: высокія кроны аблюбавалі шпакі, а зямля пад дрэвамі ўсланая цёмна-барвовым россыпам. Пачала жанчына хапацца за галінкі і цягнуць на сябе.

— Паспрабую хоць штосьці адваяваць у шпакоў, — уголас падумала. І дадала: — А сад трэба зноў абнаўляць…

Ягадка да ягадкі — і поўны бітончык. Сонца паліць, шпакі пералятаюць з дрэва на дрэва, вішні падаюць. Сёлета буйныя яны, салодкія, сакавітыя. Неўзабаве кошыкі сталі поўнымі — увесь ураджай сабраны. Хараство!..

Глянула цётка Вера на гадзіннік — час на аўтобус ісці. Выпіла на дарогу шклянку крамянай калодзежнай вады, павесіла на дзверы замок і пакінула месца сваіх успамінаў. Ідучы вуліцаю, адчула, як ад спякотнай гарачыні заціхае паветра. Далёка наперадзе заўважыла Мікалая Іванавіча ў летніку. На сяло пайшоў…

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by