Бацька

Дарья Никончук

Институт журналистики БГУ

Свайму прадзядулю, які загінуў у гады Другой сусветнай вайны, прысвячаю

— Адамко, уставай, трэба ехаць на сено, — так цётка Арына будзіла свайго трохгадовага сына. Хлопчык ніяк не хацеў расплюшчваць вочы. Праз сон ён чуў, як бацька запрагае каня на дварэ, як маці ў сенцах працэджвае ў глечыкі малако. Нарэшце Адасік занепакоіўся: трэба спяшацца! Каб без мяне не паехалі.

Апрануўшы палатняныя штаны і кашулю, хлопчык куляй выскачыў з хаты. На ганку стаяла сумка з абедам, бацька рыхтаваў у дарогу воз: спачатку паклаў на яго сена, наверх паслаў старую посцілку.

— Сам заскочыш ці дапамагчы? — звярнуўся ён да сына.

— Сам, — адказаў Адасік, які ўсё любіў рабіць без чыёй-небудзь дапамогі. Яшчэ ўвечары ён даведаўся, што грабці сена яны паедуць на Вішняў, а там з бацькамі будзе і яго сябра-сусед Васілька Базылькаў. “Вось ужо набегаемся”, — думаў малы, едучы на возе.

Свайго сябра Адасік заўважыў здалёк: не паспеўшы прыехаць на месца, Васілька ўладкаваўся пад самым вялікім стажком і ўплятаў пампушкі з малаком. Побач сядзеў ягоны сабака Журык і, назіраючы за гаспадаром, разлічваў, што той пачастуе яго гэткай смакатой.

Дарослыя ўзяліся за працу. Дзень абяцаў быць цёплым і сонечным. “Чаму мама з татам так баяцца дажджу?” — не разумеў Адасік. Не мог уцяміць хлопец, што нарыхтоўка сена на зіму — самая адказная справа летам у гаспадарцы. Чэрвеньскае сонца хутка падымалася, рабілася невыносна горача, але гэта не перашкаджала працы: новыя стажкі вырасталі як грыбы. Сябры не сумавалі: гулялі ў цуркі, у гарэлкі, куляліся ў траве. Іх вясёлы смех разносіўся па ўсім поплаве. “І калі яны толькі стомяцца?” — дзівіўся стары Іван Кулэчка.

— Ой-ёй-ёй! — раптам залямантаваў Адасік.

— Што? Што здарылася? — падбегла маці.

Малы аж заходзіўся ад болю, гаварыць нічога не мог, толькі трымаўся за нагу. Бацька падышоў да хлопчыка, прысеў і ўсміхнуўся:

— Навошта цвяліў шмеліка?! Вось ён і жарнуў цябе за нагу. Ну, нічога, давай, маці, соль, будзем ратаваць сына!

Бацька доўга націраў соллю нагу, прыгаворваў, што балець больш не будзе і да вяселля зажыве. “Да якога вяселля? Хутка вяселле ў Лексы Серадзіной, то, можа, тады перастане балець?” — так разважаў хлопец і плакаць баяўся, хоць і балела, каб не сказаў потым Васілька, што ён — малы мазун…

Назаўтра нага ўжо не балела. Прачнуўся Адасік і ўспомніў, што сёння нядзеля. Але дзіўна! Чаму ў хаце не пахне аладкамі — маці заўсёды пячэ іх у нядзелю на сняданак.

— Чаму гаворыце шэптам? Я ўжо не сплю, — крыкнуў Адасік, але адказу не атрымаў. І далей размаўлялі шэптам. У хаце за сталом разам з бацькам сядзелі стары Іван Кулэчка і сусед Сцяпан Ляшкаў. Маці стаяла ля печы, па яе твары цяклі слёзы.

— Вайна, сынок… — толькі і змагла сказаць. Яна прыгарнула сына да сябе і загаласіла на ўсю хату.

Вечарам Адасік дапамагаў бацьку збіраць ягоныя рэчы. Маці не пераставала плакаць.

— Вайна хутка скончыцца, — супакойваў яе бацька, — а застаешся ты не сама, вунь які памочнік у цябе.

Ад такіх слоў у Адасіка загарэліся вочы:

— Канечне, памочнік. А яшчэ… — хлопчык падышоў бліжэй да маці, абняў яе за калені. — Пакрыўдзіць цябе нікому не дазволю.

Першы раз не было сорамна Адасіку, калі бацька нёс яго на руках. Нёс да самага аўтобуснага прыпынку. “Няхай смяюцца хлопцы, я не баюся”, — думаў так Адасік і туліўся да бацькавага пляча. Ён адчуваў, якія моцныя ў бацькі рукі, углядваўся ў ягоны твар, каб запомніць яго ўсмешку. Бацька жартаваў, падкідваў Адасіка ўгору, а яму хацелася проста моцна абняцца і моўчкі пасядзець.

Развіталіся хутка. Гучнае “па машынах” вывела ўсіх з нейкага ступару. Калі машыны рушылі, дзеці, як па камандзе, кінуліся за імі. Толькі сілы ў хлапчукоў хапіла да канца вясковай вуліцы.

Цэлыя тры доўгія месяцы цётка Арына не атрымлівала лістоў ад мужа. Цэлыя тры месяцы Адасік не бачыў ніводнай усмешкі на яе твары. І вось аднойчы вясковая паштальёнка цётка Ганна прынесла вестачку ад бацькі. З таго часу лісты прыходзілі рэгулярна. Бацька мала пісаў пра свае вайсковыя будні, больш цікавіўся вясковым жыццём, шмат пытаўся пра Адаську. Той падрос, напрыканцы вайны яму споўнілася сем гадоў.

У дзень Перамогі — 9 мая — цётка Ганна, чаго не было раней, не зайшла ў хату, не прыгасцілася блінцамі, якія пякла Арына. Яна ціха пастукала ў акно, паклікала:

— Выйдзі, Орыно!

Адасік стаміўся чакаць маці. “Дзе яна? У печы даўно выгорэло, і млінцы я ўсе з’еў!”.

Арына сядзела на ганку, апусціўшы рукі. Калі іх вочы сустрэліся, Адасік не пазнаў маці: на яго пазірала зусім састарэлая жанчына.

— Пахавальная, на бацьку, — ціха сказала яна сыну.

У той дзень такая ж пахавальная прыйшла ў хату і да Васількі…

Усё лета сустракалі хлопцы сваіх бацькоў, верылі, што паявіцца знаёмая постаць на вясковай дарозе. Сустракалі… А потым беглі да сціртаў, зарываліся ў салому і плакалі, спачатку ціха, а потым ужо нікога не саромеліся… Ці могуць плакаць мужчыны? Ці маюць на гэта права? Ці дазволена ім?

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by