Усё, што ні робіцца, – да лепшага 11

Усё, што ні робіцца, – да лепшага

Менавіта такім прынцыпам кіруецца жыццярадасная, дружалюбная, адкрытая, упэўненая ў сабе дзяўчына, студэнтка 3 курса спецыяльнасці «Журналістыка (аўдыявізуальная)» Анжаліка Пушнова. Яна падзялілася з «ЖурФАКТАМІ» маленькімі фактамі сваёй біяграфіі.

Жыццё – гэта фільм, які толькі пачынаецца. І, безумоўна, маё кіно будзе мець шчаслівы канец, бо мы звычайна ўсё ўскладняем, а хочацца смеху, пазітыву.

Пра дзяцінства і школьныя гады

Бацькі казалі, што я была ідэальным дзіцёнкам: я шмат спала і зусім не плакала. Калі падрасла, вельмі любіла гуляць з матуляй і татулем і абдымацца. Была вельмі ціхая, сціплая, а вырасла зусім іншай (усміхаецца).

Называлі мяне Анжалюсяй, Люсіндай, Кветачкай, дочыкам. І некаторы час, калі бабуля пыталася, як мяне завуць, я адказвала: «Люся». Я шчыра верыла, што гэта сапраўды маё імя. 

З радасцю ўспамінаю школьныя гады. У мяне склаліся вельмі добрыя адносіны з маімі настаўнікамі і дырэктарам. З многімі я і зараз не губляю сувязі. Яны сочаць за маёй творчасцю, мы камунікуем у сацыяльных сетках, стэлефаноўваемся. Любімым прадметам у школе была фізкультура. Падабалася катацца на лыжах, гуляць у валейбол, лазіць па канаце. Таксама блізкімі мне былі ўрокі літаратуры і алгебры.

Пра шлях да мары і журфак

Я з маленькага ўзросту глядзела навіны, розныя праграмы і ўяўляла сябе журналістам. Калі да нас прыходзілі госці, заўсёды была вядучай, выдумвала штосьці новае. А ўбачыўшы сапраўдных вядучых, глядзела на іх як на нешта незвычайнае. Потым прыйшло разуменне, што мне падабаецца камуніцыраваць. Я вагалася паміж прафесіямі псіхолага і журналіста. Але журналістыка ўсё ж перамагла. Хаця, калі ў дзявятым класе ў мяне пыталіся пра паступленне ў ІЖ, я скептычна паціскала плячыма ці адмоўна круціла галавой.

Журфак падарыў мне людзей. Тут перад вачыма заўсёды такія прыклады, у якіх хочацца чамусьці вучыцца, каб быць такім жа паспяховым. Яшчэ адзін падарунак ад ІЖ – атмасфера: ты з галавой акунаешся ва ўсе справы, бо адчуваеш, што гэта тваё. Журфак мяняе: падчас здачы другой сесіі зразумела, што я ўжо іншая, ды і знаёмыя ўсё часцей казалі мне пра гэта. Не тое, каб я рэзка стала разумнай ці дарослай, проста змяніўся светапогляд, з’явіліся новыя захапленні. І, вядома ж, трэба згадаць выкладчыкаў, такіх цікавых і непадобных адзін да аднаго. Сярод іх ёсць тыя, хто падтрымоўвае не толькі на парах, але і ў жыцці. Алеся Юр’еўна Кузьмінава вельмі дапамагла ў маёй творчаці, у прыватнасці,  – падрыхтоўкі да “Еўрабачання”.

Усё, што ні робіцца, – да лепшага 12

Пра музыку і яе ролю ў жыцці

Калі мне было пяць год, бацькі заўважылі, што я хаджу па доме, нешта буркочучы сабе пад нос. І яны купілі мне цацачнае фартэпіяна. Я ад яго не адыходзіла. Пасля пачала наведваць розныя гурткі, секцыі і, як кажуць, панеслася. Зараз ужо цяжка ўявіць сябе без музыкі, бо я стала б іншым чалавекам. Да заняткаў я была заціснутым дзіцёнкам, а пасля змянілася, раскрылася.

Калі пытаюць, чым я займаюся акрамя музыкі, мне цяжка нешта адказаць, бо ўсё так ці інакш звядзецца да яе. Гэта і ігра на фартэпіяна, і напісанне вершаў, якія пасля становяцца песнямі.

Пра любімую кнігу і «Еўрабачанне»

«Сабор Парыжскай Божай Маці» Віктора Гюго і «Апошнія сведкі» Святланы Алексіевіч – гэта кнігі, якія павінен, на маю думку, прачытаць кожны. Гюго са сваёй творчасцю быў са мной дастаткова доўгі час, таму гэты твор і стаў блізкі. Кнігу Алексіевіч прачытала нядаўна, але яна не менш уразіла мяне. Яе нельга чытаць без слёз, бо яна расказвае пра людзей, якія пабачылі вайну ў дзіцячыя гады. Пасля яе прачытання разумееш, што трэба цаніць тое, што маеш – жыццё, зямлю, свет без вайны.

Што да «Еўрабачання», то, калі б была магчымасць, я б пражыла яго зноў. Канешне, бывалі моманты, калі хацелася ўсё кінуць, але добрага было больш. Гэта такія яскравыя эмоцыі, якія яшчэ невядома калі давядзецца адчуць яшчэ раз.Мяне падтрымоўвала вялікая колькасць людзей: нехта паведамленнем у сацсетках, нехта добрым словам ці абдымкамі. Гэта падымала настрой, не давала спыніцца. Адчувала я і падтрымку кафедры тэлебачання і радыёвяшчання: некаторыя выкладчыкі казалі, што галасавалі ўсёй сям’ёй. І, безумоўна, побач са мной былі бацькі, якія цярпелі мяне, калі я, бывала, станавілася невыноснай.

Усё, што ні робіцца, – да лепшага 13

Пра вольны час і галоўныя рэчы ў жыцці

Вольны час я стараюся праводзіць з роднымі ці сябрамі, бо незаўсёды атрымоўваецца пабыць з імі, папросту пагаварыць. Калі б здарылася так, што побач са мной павінен быў застацца толькі адзін чалавек, то ім бы стаў тата. За яго спінай я адчуваю сябе абароненай, мне камфортна. З падтрымкай таты, мне здаецца, можна справіцца з любымі цяжкасцямі.

Самае галоўнае ў жыцці – гэта здароўе і дабрабыт маёй сям’і. Добра, канешне, развівацца, вучыцца, дасягаць поспехаў у пэўных галінах, але без здароўя і шчасця сям’і ад гэтага цяжка атрымліваць асалоду.

Добавить комментарий