Лілія Георгіеўна Шасцярнёва: “Аснова ўсяго – дабрыня”

Ірына Івашка

Строгая і патрабавальная, сур’ёзная і засяроджаная, прынцыповая і велічная, яна з’яўляецца ў жыцці многіх студэнтаў журфака. І, культывуючы любоў да роднай мовы, сеючы ў іх свядомасці, здавалася б, простыя ісціны, не можа сысці адтуль, не пакінуўшы моцнага адбітку. Пры гэтым многія з маладых людзей пабойваюцца Лілію Георгіеўну. Але сціплая ўсмешка дацэнта Шасцярнёвай, яе шчырыя адносіны да студэнтаў пераконваюць у тым, што ўсе страхі дарэмныя.

Яшчэ год назад я не магла сабе нават уявіць, што калі-небудзь буду браць інтэрв’ю ў гэтага выкладчыка. Але цяпер, стоячы ля кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання і чуючы на лесвіцы знаёмыя крокі, чарговы раз пераконваюся: думкі матэрыяльныя. Хвіліна – і я з новых бакоў адкрываю для сябе Лілію Георгіеўну, слухаючы маленькія гісторыі з яе жыцця.

Кароткая даведка

Лілія Георгіеўна Шасцярнёва нарадзілася на Палессі, у Брэсцкай вобласці Ганцавіцкага раёна. У першы клас пайшла ў Ляхавіцкім раёне. На ўрачыстай лінейцы 1 верасня 1982 года дзесяцікласнікі бралі за руку першаклашак і вялі іх пад апладысменты ў школу. Лілія Георгіеўна ішла з Алесем Бадаком – сёння знакамітым беларускім пісьменнікам. Пасля паступіла на філфак БДУ, скончыла аспірантуру пры НАН Беларусі. У 26 гадоў абараніла кандыдацкую дысертацыю.Замужам, мае сына Мацвея і дачку Настачку.

Пра бесклапотнае дзяцінства

Калі была маленькай, мне хацелася быць цырульнікам. На той час я хадзіла ў першы клас, а мая малодшая сястра, якая ва ўсім мне падпарадкоўвалася, –  у дзіцячы садок. Перад летам я прапанавала зрабіць ёй прыгожую прычоску: узяла нажніцы, пасадзіла сястру на падлогу – давай, маўляў, стрыгчыся. Потым зразумела, што коратка састрыгла ёй валасы спераду. Да мяне прыйшло ўсведамленне, што я зрабіла нядобра: прыйшлося прышпіліць валасы наперад і замацаваць тое, што атрымалася,матуліным лакам. Пасля сястра, калі і выходзіла некуды, то толькі ў хусцінцы.

Бацькі нашы працавалі шмат, і мы з сястрой часта заставаліся ўдзвюх у нашай двухпавярховай кватэры. Я любіла чытаць, а яна – гуляць. Каб знайсці кампраміс, прыдумалі гульню. У мамы былі вялікія шчоты, і мы, сеўшы на іх, з’язджалі з другога паверха на першы. Лесвіца была пакатая, і, каб не разбіцца, трэба было ўнізе адштурхоўвацца нагамі. Было весела!

Мы вельмі многа гулялі на вуліцы. Зімой пасля школы выпраўляліся на горку. Спачатку каталіся звычайна: хто на санках, хто нешта яшчэ пад спіну падкладваў. Пасля мы вырашылі з’ехаць без нічога, бо горка была ўжо дастаткова ўезджаная. На мне было ні то паліто, ні то футра, на якім у канцы нашых “катанняў” не засталося ніводнага гузіка, акрамя самага верхняга. У той момант з дахаў капала, мы падышлі туды з сястрой, бо хацелася піць.У добрым настроі адарвалі сабе па ледзяшу і елі іх, як марожанае, ідучы дадому. Гэта было выдатнае бесклапотнае дзяцінства, і я ў гэтым плане шчаслівы чалавек.

Пра бабуліну навуку

Магу сказаць, што мяне гадавала мая прабабуля, якая пражыла 107 гадоў. Менавіта ад яе я многаму навучылася: ужо ў першым класе вязала шалікі (нават калі ехалі ў летні лагер, маці купляла ніткі, пруткі, і я займалася справай, бо падабалася). Дзякуючы прабабулі, цяпер умею вышываць, шыць, няблага гатую, люблю корпацца з цестам (на твары Ліліі Георгіеўны неўпрыкмет з’яўляецца сціплая ўсмешка).

Аб марах юнацтва

Калісьці я хацела паступаць на журфак БДУ, доўгі час пісала ў раённую газету і “Знамёнку”. Але ў дзясятым-адзінаццатым класах адбыўся пераломны момант, і нешта ўнутры мяне спыніла. І я вырашыла, што паступлю на філалагічны факультэт, аб чым ніколі, канешне ж, не пашкадавала.

Аб радасцях студэнцкага жыцця і выкладчыках

Я прыехала з вёскі, і для мяне вялікай радасцю было тое, што я магу тут вучыцца, што тут шмат кніг і бібліятэк. Я была стараннай,і мне вельмі хацелася авалодаць мовай і літаратурай у поўнай ступені, а таксама здабываць новую цікавую інфармацыю і мець выключныя веды па іншых прадметах.

У мяне былі выбітныя выкладчыкі. Мне пашанцавала вучыцца ў такіх таленавітых вучоных, як Таццяна Іванаўна Шамякіна, Ніна Барысаўна Мячкоўская, Галіна Веніямінаўна Сініла, Адам Яўгенавіч Супрун. Сённяшні падыход да  навучальнага працэсу адрозніваецца ад таго, па якім вучылі яны. Нам ніхто не рабіў шоу з пар. Напрыклад, стараславянскую мову маглі выкладаць чатыры гадзіны запар (трэба было перакладаць, слухаць, запісваць), але было цікава. Не было ніякіх прэзентацый – у распараджэнні выкладчыка былі толькі дошка і крэйда. Заняткі пачыналіся а восьмай раніцы, і ніхто не спазняўся, усе старанна працавалі. Мы, напэўна, не былі выпешчанымі так, як мае студэнты сёння.

Зараз, можа, гэта прагучыць смешна, але ўсе выхадныя я праводзіла ў бібліятэцы імя А.С. Пушкіна ці ў Нацыянальнай бібліятэцы. І, калі падыходзіла здаваць ці браць літаратуру, бібліёграфы не пыталі маё прозвішча – ведалі. Я была іх частым кліентам.

Дацэнт Шасцярнёва не хавае сваёй любові да студэнтаў. І пацверджаннем гэтага сталі думкі Ліліі Георгіеўны наконт праблем моладзі, з якімі трэба неадкладна змагацца.

– Непакоіць празмернае захапленне мабільнымі тэлефонамі, сацыяльнымі сеткамі і гульнямі. Сёння моладзь мала размаўляе, кожны сам сабе корпаецца ў тэлефоне. Падлеткі не ўмеюць кантактаваць, не могуць падтрымаць размову і, адпаведна, не ў стане быць цікавымі субяседнікамі. Гэта накладвае адбітак нават на асабістае жыццё. Людзі знаёмяцца не ў парку ці кіно, а ў інтэрнэце, шлюць паведамленні адзін аднаму, шчыра аздабляюць усё гэта смайлікамі, кветкамі і віртуальнымі падарункамі. Часта пасля такіх перапісак людзі сустракаюцца і расчароўваюцца, бо віртуальнасць не супадае з рэальнасцю. У інтэрнэце ўсё выключна, ідэальна, а сустрэўшыся, яны проста не ведаюць, пра што гаварыць. Акрамя таго, сёння страшна слухаць пра розныя групы, маю на ўвазе “Сіні кіт”. Безумоўна, да глабальных праблем адносіцца і ўжыванне алкаголю, наркатычных сродкаў, курэнне. Слабы чалавек, без унутранага стрыжня, без пэўных заняткаў можа лёгка пагадзіцца на дрэнную прапанову.

Лілія Георгіеўна са студэнтамі на Дні роднай мовы 2016

Аб перавазе філфака над журфакам

Прафесія журналіста патрабуе пэўнага складу характару, апублічвае. А я зразумела, што гэта не маё. Выбар чалавека раскрывае таксама яго сутнасць. Гэта не адпавядала ні майму характару, ні маім тагачасным жаданням: мне хацелася даследаваць мову і аналізаваць тэксты, а не ствараць іх. Спачатку хацела больш паглыбіцца ў літаратуру, але, калі паступала ў аспірантуру, такой магчымасці не было.

Аб тым, што матывуе

Першае, што заўсёды матывавала і матывуе, – сям’я, вечныя каштоўнасці маіх продкаў. У нашай сям’і ніколі не было падманшчыкаў, хітруноў, гультаёў. Бярэшся за справу – абавязкова даводзь яе да канца. Мяне заўсёды вучылі, што патрэбна быць адказнай. Ведаеце, у мяне быў вельмі прынцыповы і сумленны дзед Мікалай, які ўсё сваё жыццё адпрацаваў шафёрам і быў адным з лепшых ў калгасе. Памятаю з дзяцінства такі выпадак: было лета, ішла ўборачная, дзед зранку да вечара шчыраваў, адвозіў збожжа. Прыязджаў вельмі позна, машыну пакідаў на надворку, каб з самай раніцы зноў ехаць у поле. На кузаве заставалася некалькі жмень зерня, і бабуля часам прасіла ў яго дазволу, каб я залезла на машыну і проста змяла венікам зерне курам. Ён не пагаджаўся і нават мог насварыцца.

Сын Мацвей

Пра сямейныя святы

Мы іх моцна любім, і ў такія моманты стараемся быць разам. Яшчэ з дзяцінства самае любімае з іх – Вялікдзень. Збіраемся ў мамы, гатуем святочны стол, мыем хату, разам з дзецьмі фарбуем яйкі, робім на іх разнастайныя ўпрыгожванні. Сын у мінулым годзе ўжо сам спёк куліч. Пасля едзем усёй сям’ёй на могілкі. Сям’я ў нас вялікая, што вельмі радуе. На працягу года мы бачымся нячаста, але ў гэты дзень абавязкова павінны сустрэцца.

Пра ўсё, што датычыцца сям’і, Лілія Георгіеўна расказвае з вялікай пяшчотай. І, зразумела, нездарма: выкладчыца лічыць, што аснова ўсяго закладаецца ў сям’і. Гэта тэма чырвонай стужкай праходзіць праз усю гутарку. Нават на пытанне “Што такое ідэальная раніца?” Лілія Георгіеўна, не задумваючыся, адказвае:

Гэта вясковая раніца дома ў мамы. Калі там бацькі, уся мая сям’я і сястра з дзеткамі. Гэта раніца летам. Калі бачу, як узыходзіць сонца, гатую родным сняданак, а яны моцна спяць.

Дачка Настачка

На працоўным стале выкладчыцы Шасцярнёвай ляжаць раманы “Пётр I”, “Иван Грозный” у трох тамах, першая частка “Гары Потэра”. Але, як аказваецца, іх чытае не Лілія Георгіеўна, а яе сын – сямікласнік Мацвей. Іх яна бярэ ў бібліятэцы журфака і носіць дадому. Лілія Георгіеўна прызнаецца, што сын чытае вельмі многа, нават празмерна, таму бывае такое, што кнігі прыходзіцца хаваць і выдаваць праз пэўны час. Самой жа імпануе трылогія І. Мележа “Палеская хроніка”, якую яна палюбіла са школьных гадоў.

– Чытала ў школе, перачытвала, калі заканчвала філалагічны факультэт і паступала ў аспірантуру, і яна знайшла адлюстраванне ў маёй дысертацыі. Мне блізкія перажыванні герояў, вельмі імпануе Ганна Чарнушка.
Сучаснікаў я не чытаю, паважаю класічную літаратуру.

Пра чалавечыя якасці

Найбольш у людзях я цаню сумленнасць, выхаванасць. Не люблю гультаёў. Аснова ўсяго, вядома, дабрыня. Без яе немагчыма наладзіць спрыяльныя адносіны. Нядобрым людзям цяжка самім і з імі цяжка навакольным. Дабрыня – гэта прыкмета сталасці душы.

Лілія Геогіеўна пераканана, што блізкаму чалавеку можна дараваць многае. Але нельга дараваць падману, падхалімства, несапраўдных адносін да сябе. На яе думку, асабліва цяжка перажываць той момант, калі ты з нейкім блізкі шмат гадоў, верыш яму, магчыма, ідэалізуеш, а пасля нейкі адзін дробны ўчынак паказвае, што гэта – памылка, а ўсё тое, што звязвае вас – штучнае, ненатуральнае.

Пра паводзіны ў экстрэмальных умовах

Калі гэта не смерць блізкіх і дарагіх людзей, то я гавару сабе, што ўсё магчыма наладзіць. Аналізую сітуацыю, шукаю выйсце. Важна цвёрда сказаць сабе, што ўсё мае свой пачатак і канец, а значыць, і дрэннае таксама заканчваецца. Ёсць правіла трох Н: “Няма нічога немагчымага”. Заўважаю, што сёння моладзь моцна гіпербалізуе экстрэмальныя сітуацыі. Экзамен, залік, непаразуменне з бацькамі – усё успрымаецца як стрэс, як канец свету. Трэба сябе перасільваць, нават сілком перайстройваць сябе на пазітыўны лад. Безумоўна, добра мець хаця б аднаго сапраўднага аптымістычнага сябра.

Пра асацыяцыі з журфакам

Яны самыя мілыя, добрыя, прыемныя. Журфак – гэта маё жыццё, частка мяне самой. Так склаўся лёс, што сёння я тут выкладаю (чаму вельмі рада), а калісьці мне вельмі хацелася самой быць журналістам.

Пра ідэальнага студэнта

Я лічу, што гэта абавязкова цікаўны чалавек, дапытлівы і працаздольны. Дарэчы, у мяне такія студэнты заўсёды былі і цяпер ёсць! (І не паспрачаешся, бо пра гэта сведчаць яскравыя агеньчыкі ў вачах Ліліі Георгіеўны).

Пра адносіны да прадмета

Часам нелюбімы прадмет можа стаць самым важным, калі выкладчык умее падаць матэрыял, сам з’яўляецца цікавай і неардынарнай асобай. Я ведаю, што амаль усе нашы студэнты самааддана вучаць у школе рускую мову, а пасля здаюць па ёй ЦТ. На мой прадмет мала хто зважае, таму мне ўдвайне прыемна, калі чалавек пачынае сумленна працаваць, вывучаючы нацыянальную мову. Журфакаўскія студэнты любяць шоу, але не заўсёды магчыма так прачытаць лекцыю ці правесці практычныя заняткі, бо вывучэнне мовы – гэта найперш цяжкая і настойлівая праца.

Сваім прыкладам Лілія Георгіеўна неаднойчы даказвала “правіла трох Н”, пра што сведчыць яе бясконцае захапленне жыццём. На думку выкладчыка, за жыццё неабходна навучыцца плаваць, вадзіць аўтамабіль, атрымаць добрую адукацыю, завесці сям’ю, нарадзіць дзяцей і (самае важнае!) стаць прыстойным чалавекам і рабіць шчаслівымі тых, хто побач. Крэда Ліліі Георгіеўны – не баяцца цяжкасцей, заўсёды ісці наперад, вучыцца радавацца дробязям. Бо жыццё для яе, як сказаў адзін з герояў рамана “Людзі на балоце”, – гэта не свята, а, хутчэй, доўгі і клопатны будзень.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ