Каханне па-беларуску

Шупенька Дар'я

Інстытут журналістыкі БДУ

Літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная тэме кахання, адбылася 19 лютага ў медыятэцы імя М.Я. Цікоцкага.

Міжнародны дзень роднай мовы на журфаку звычайна не дзень, а цэлы тыдзень, бо адзначаюць яго асабліва і арганізатары стараюцца прыдумаць кожны год што-небудзь цікавае. У 2016 годзе сярод вядомых  беларускіх пісьменнікаў і паэтаў некалькі юбіляраў: 95 год з дня нараджэння І. Мележа і І. Шамякіна, 120 год − К. Крапівы, 125 год – М.Багдановіча і 140 год з дня нараджэння Цёткі. 2016-ы аб’яўлены годам культуры ў Беларусі. Менавіта гэта разам з Днём усіх закаханых натхніла выкладчыкаў кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання і Саюз жанчын Інстытута журналістыкі БДУ на ідэю мерапрыемства “Пачуцці праз мову”.

Арганізатары мерапрыемства назвалі яго літаратурна-музычнай імпрэзай. Сапраўды атрымалася невялікая творчая сустрэча. Студэнты чыталі вершы беларускіх паэтаў пра каханне (“Каханне планет” К.Крапівы). “Зорка Венера” М. Багдановіча прагучала пад акампанемент знакамітага аднайменнага фартэп’яннага раманса, уласны верш прачытала студэнтка 1 курса К. Пагасян. Захапіла касцюміраванае выступленне А. Кулінчык і А. Худанава, якія шчыра выканалі ролі закаханых Ганны і Васіля з “Людзей на балоце”. Гучалі народная музыка, песні “Купалінка” і “Марыся”. Нават студэнты з Кітая слухалі выканаўцаў з захапленнем.

Трэба заўважыць, што выкладчыкі кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання актыўна удзельнічалі ў мерапрыемстве. Верш У. Караткевіча прачытаў П.П. Жаўняровіч, Л.Г. Шасцярнёва пазнаёміла ўсіх з гісторыяй кахання беларускага пісьменніка, аўтара трылогіі “Палеская хроніка” І. Мележа і яго жонкі Лідзіі Пятровай, а таксама развесяліла ўсіх цудоўнымі загадкамі і пытаннямі пра беларускія традыцыі, О.А. Горбач, арганізатар сустрэчы, падрыхтавала шмат цікавых фотаздымкаў, урыўкаў  і цытат для  мультымедыйнай прэзентацыі.

Паміж удзельнікамі і гледачамі панавалі прыемная атмасфера і павага. Мне здаецца, што ўсім прысутным на кароткі час давялося, адчуваючы асалоду, як памаўчаць, так і пагаварыць пра каханне па-беларуску.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by