Еўрапейскі тыдзень

Паршына Ганна

Инстытут журналістыкі БДУ

Дзякуючы праграме супрацоўніцтва Інстытута журналістыкі БДУ са шведскім інстытутам павышэння кваліфікацыі FOJO, з 7 па 14 лютага дваццаць журфакаўцаў пабывалі ў Швецыі. “ЖФ” вырашылі даведацца аб іх уражаннях.

Данііл Шаўроў, 2 курс:

– Я бываў у Швецыі і раней. Але гэтая паездка запомніцца надоўга. Спадабалася ўсё. Адзіны мінус, напэўна, тое, што не хапіла часу дасканала вывучыць кожны горад, зразумець яго. З трох гарадоў, у якіх пабывалі, больш за ўсё спадабаўся Мальмё. Што тычыцца вучэбнай часткі, то больш за ўсё запомнілася наведванне рэдакцый СМІ і размова па скайпе з журналістам Матвеем Ганапольскім. Кіраўнік візіту Петэр Саммерштэйн сказаў нам, што хоча паспрабаваць хоць трохі нас змяніць. Думаю, у яго атрымалася: некаторыя рэчы я пераасэнсаваў.

 

Мікалай Іваноў, 3 курс

DSC02258

Малюнак у рэдакцыі газеты «Sydsvenskan»

-Калі ўспамінаю падарожжа ў Швецыю, сэрца б’ецца хутчэй. Гэта быў тыдзень чараўніцтва, я вельмі рады, што чараўніцтву ёсць месца ў маім жыцці.
Уражанні ад Кальмара, Лунда і Мальмё моцныя. Неверагоднага хараства гарады, вельмі кампактныя, жывыя, сэксоўныя. Дацкі Капенгаген таксама добры, але гэта занадта дынамічны горад для мяне.
У арганізацыйным плане ўсё было на найвысокім узроўні. Я стаўлю дзясятку з плюсам. Сілкаванне, жыццё, экскурсіі — проста казка.
Што да плённасці, эфектыўнасці, то падарожжа было пазнавальным. Я знутры змог убачыць, як працуе шведская журналістыка, адчуць яе, пакратаць за ўсе месцы. Мы былі ў рэдакцыі друкаваных СМІ, тэлебачання, радыё. На жаль, у Швецыі няма інтэрнэт-СМІ, што, увогуле, дзіўна.
Дзякуючы сталаму кантакту, дыялогу з прадстаўнікамі рэдакцый, я запісаў некалькі ідэй у свой нататнік для таго, каб зрабіць беларускую журналістыку лепш. Некаторыя ідэі яшчэ ў самалёце давялося выкрасліць, лісточак з нататніка выдраць, скамячыць, і выкінуць ва ўрну. Таму што шведская мадэль журналістыкі адрозніваецца ад беларускай, агульнага вельмі мала.
Я зрабіў выснову, што Беларусь адстае на некалькі дзясяткаў гадоў ад Швецыі па роўні друкаваных СМІ і тэлебачання. Што да радыё, ты мы ідзём у нагу. Што да інтэрнэту, то мы даём ім прыпаліць.
Увогуле, беларуская журналістыка таксама нічога такая. Але вучыцца ў Захаду варта.

Дзмітрый Сяліцкі, 2 курс:

–Адным з самых цікавых фактаў асабіста для мяне стала тое, наколькі ў Швецыі развіты лакальныя СМІ. Як сцвярджаюць самі супрацоўнікі такіх рэдакцый, яны хочуць быць яшчэ бліжэй да народу. Людзям цікава тое, што адбываецца вакол іх. Нават раённыя газеты актыўна развіваюць свае сайты, яны становяцца ўсё больш папулярнымі. А як працуюць радыёстанцыі! Яны робяць сапраўды якасны кантэнт, які слухаюць не толькі па дарозе на працу. Там можна паслухаць як і добрую музыку, так і (што важна!) аналітычныя праграмы, якія створаны прафесіяналамі. Такая тэндэнцыя мяне вельмі ўразіла.

Кожны дзень мы выходзілі за рамкі, стараліся пераадолець сябе, адшукаць нешта новае, спазнаць максімальна многа. І гэта ўжо ўвайшло ў звычку. Вельмі карысную, прытрымлівацца якой мы будзем працягваць і ў Мінску. Выходзіць за рамкі − гэта нібы адчуваць палёт, адчуваць, што ты здольны на ўсё.

Юлія Дубоўская, 2 курс:

–Немагчыма апісаць словамі той аб’ём ведаў, атрыманы за час нашай вучэбнай паездкі, шмат новых ідэй, уражанняў, натхнення, а галоўнае − неацэннага досведу замежных калег, пасля зносін з якімі пачынаеш  ганарыцца абранай прафесіяй. Я абавязкова паспрабую прымяніць, апрабаваць на практыцы ўсё, што пачула за гэты тыдзень, і не толькі ў сваёй працы, але і ў жыцці таксама, бо журналісту, перш за ўсё, трэба самому быць спецыялістам, быць адукаваным, этычна выхаваным і, як бы гучна гэта ні гучала, − быць Чалавекам. Я  хачу падзякаваць усім арганізатарам вучэбнай паездкі ў Швецыю ад Інстытута журналістыкі БДУ за такую неверагодную магчымасць стаць яшчэ на крок бліжэй да ажыццяўлення сваёй мары!

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by