Бясспрэчна шчаслівы чалавек

Ірына Івашка

Студэнты, якім выпаў гонар ведаць Дзмітрыя Алегавіча, характарызуюць яго як добразычлівага, дэмакратычнага выкладчыка з добрым пачуццём гумару, гатовага заўсёды пайсці насустрач, а таксама ў меру патрабавальнага, пунктуальнага журналіста і проста “свайго чалавека”. Што ж раскажа пра сябе сам спадар Нікановіч?

– Калі б Вас папрасілі ахарактарызваваць сябе, што б Вы сказалі?

– Я спакойны, павольны, мэтанакіраваны. Па жыцці прывык ісці маленькімі крокамі. Таксама мне ўласціва непублічнасць, хаця можа скласціся адваротнае ўражанне. Але мне зусім не камфортна тады, калі на мяне ўсе глядзяць, а тым больш ацэньваюць. Праўда, маё выхаванне, жыццё ў школе, ва ўніверсітэце мяне крышачку змянілі – і цяпер іншага выйсця папросту няма. Гэта звязана з абраннем публічнай прафесіі і такога ж хобі. Яшчэ я дастаткова заўважны чалавек: магчыма, гэта звязана з іміджам, але для мяне гэта не заўсёды камфортна.

– Чым абумоўлена Ваша звычка рухацца па жыцці дробнымі крокамі?

– Жыццёвым вопытам. Калі нешта не атрымоўваецца, раблю крок наперад, аднак як толькі гэта паўтараецца прыходзіцца адступаць на два крокі назад… і пачынаць зноў. Гэта ў большасці выпадкаў звязана з маім перфекцыянізмам: пры ўмове, калі я не магу зрабіць нешта не ідэальна, ёсць пагроза не зрабіць гэта ўвогуле.

Гэта звязана і з музыкай. Напрыклад, перамагаць ў вакальных конкурсах мне даводзілася рэдка: калі на мяне глядзяць і пры гэтым ацэньваюць, як правіла, раблю горш, чым магу насамрэч.

– Вашы прыхільнікі чакаюць навін з нівы творчасці. Дзмітрый Алегавіч, скажыце, ці збіраецеся “штурмаваць” алімп Еўрабачання?

– Раней я не быў артыстам, які выступае на тэлебачанні, мае песні ніколі не гучалі па радыё. Такім чынам, не было стану, у якім я б упэўнена сябе адчуваў. Зараз усё ёсць: і песні, і кампазітар, і магчымасць зрабіць аранжыроўкі, ёсць імя, якое дазваляе браць такую сур’ёзную прыступку. Збіраюся каторы год, але заўсёды сутыкаюся з пытаннем: “А што, калі не атрымаецца?” Ды і пакуль не адчуваю той падтрымкі аматараў сваёй творчасці, якая б падштурхоўвала. А я такі чалавек, што мяне заўсёды трэба стымуляваць і падахвочваць.

– За што Вы атрымалі свой першы заробак? Куды яго патрацілі?

– Калісьці я спяваў у музычным калектыве, які быў дастаткова вядомым у Брэсце. Мы працавалі на вяселлі. На той момант мне было 12 год, і я зарабіў 50 тысяч рублёў. Зусім няблага на той час. На гэтыя грошы я набыў сабе неабходныя прылады для школы. Матулі не прыйшлося мне купляць асадкі, алоўкі, сшыткі – усё ўжо было.

– У якім узросце Вы адчулі ў сябе здольнасць да музыкі?

– Хутчэй не да музыкі, а да розных выступленняў. Гэта праявілася яшчэ ў маленстве. Вельмі пастараліся бацькі. Мне было толькі год і чатыры месяцы, а яны мяне ўжо вымуштравалі паўтараць вершыкі на камеру. Зусім нядаўна пераглядаў відэазапіс. Здзівіўся, як шмат усяго можа ўмець маленькае дзіця ў такім узросце. Гэта я не хвалюся – гэта бацькі ў мяне проста “дрэсіроўшчыкі” J А да спеваў я асэнсавана прыйшоў толькі ў школе.

– Хто стаў для Вас яскравым жыццёвым прыкладам?

– Ніна Міхайлаўна – настаўніца музыкі, якая многаму мяне навучыла. Яна як член сям’і, мая “музычная маці”, шчыры і гасцінны чалавек, прафесіянал. Мае бацькі, канешне, бо гэта для мяне прыклад сям’і. І настаўніца рускай мовы і літаратуры, дзякуючы якой я заваёўваў пераможныя месцы на рэспубліканскіх вучэбных алімпіядах. Я не пайшоў вучыцца ў Ліцэй БДУ толькі таму, што вельмі паважаў сваіх настаўнікаў з маёй брэсцкай 37-й школы.

– На факультэце можна пачуць, што Вы збіраліся ў магістратуру яшчэ з першага курса. Адкуль такая мэтанакіраванасць да вучобы?

* На гэта паўплывала тое, што я хацеў выкладаць. Да таго ж, у маёй сям’і заўсёды існаваў своеасаблівы “культ навукі”. Мой дзядуля быў кандыдатам тэхнічных навук, загадчыкам кафедры. У сям’і заўсёды вяліся размовы, што ўніверсітэт – гэта цудоўна. Вучоба дазваляе чалавеку самарэалізоўвацца. Вучыцца – значыць развівацца. Калі ёсць магчымасць, здольнасці і стымул, трэба вучыцца. Хачу пасля аспірантуры яшчэ вывучыцца на псіхолага. Можа, атрымаю і вышэйшую музычную адукацыю, хто ведае.

– Што стала самым каштоўным за студэнцкія гады?

– Стасункі з людзьмі. Час вучобы – гэта новыя знаёмствы, сувязі, сябры. Большасць тых людзей, каго я сёння называю сябрамі, сустрэліся мне ва ўніверсітэцкія гады. Важным момантам таксама з’яўляецца тое, што ў БДУ ёсць неверагодныя магчымасці для таго, каб праявіць сябе ў розных іпастасях: з грамадскага, культурнага, навуковага бакоў. Галоўнае, прайсці прафесійнае станаўленне.

– З якімі ўспамінамі ў Вас асацыюецца журфак?

– У групе ўсе, акрамя мяне, былі дзяўчаты. І на той час хадзіў жарт вельмі характэрны для прадстаўнікоў менеджменту тае пары: “Групу менеджараў на журфаку можна знайсці па наяўнасці ў ёй аднаго хлопца”.

Гэта было складана, весела і часам сумна. Гэта такая палітра эмоцый, такі спектр пачуццяў! Нельга сказаць, што нешта асацыюецца ў большай ступені, бо я яшчэ на факультэце, а значыць усё яшчэ наперадзе.

– Вы верыце ў прыкметы?

– Не. Яны на мяне ніякім чынам не ўплываюць. Не было такога, напрыклад, каб я не пагаліўся перад выступленнем. Многія артысты робяць наадварот, каб не сурочыць. Можа, па гэтай прычыне я і не перамагаю ў конкурсах (смяецца), але ўсё ж, мне падаецца, што чалавек павінен з’яўляцца на сцэне прыгожым і акуратным. Усё, што датычыцца чорных кошак і іншай мітусні – гэта проста не навукова.

– У сацыяльных сетках Вы напісалі, што хочаце сабраць асабістую бібліятэку. Якім жа будзе кнігазбор Нікановіча?

– Кнігі будуць розныя: мастацкая, навуковая, фантастычная літаратура, бестсэлеры, кнігі па фільмах. З дзяцінства мне падабаецца фэнтэзі, бо чытаць многа і з задавальненнем я пачаў, калі ўзяў у рукі Гары Потара.

– Дзмітрый Алегавіч, Вы можаце назваць сябе шчаслівым?

– Так, безумоўна. Нават думаць няма чаго! У мяне ёсць усё, пра што толькі можа марыць чалавек: прафесія, сям’я, бацькі, сябры. Я, бясспрэчна, шчаслівы чалавек.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ