Ён піша для дзяцей, як для дарослых, але яшчэ лепш…

Вероника Гамзюкова

Институт журналистики БГУ

Адназначна адказаць на пытанне “Што падштурхоўвае пісменніка пісаць?” — немагчыма, ды і ніводны чалавек на яго не адкажа. Калі б ведаць, што канкрэтна яго на гэта “падштурхоўвае”, тады б можна было “падштурхоўваць” усіх жадаючых стаць пісьменнікамі. Нездарма ж кажуць, што яму дадзены талент.

Адзін з такіх пісьменнікаў — Генадзь Аўласенка. Чалавек, які не ведае, да якой менавіта катэгорыі творцаў аднесці сябе…

CUpVzfsGz8k

Генадзь Аўласенка

Спачатку раскажыце, чаму пісьменнікі пішуць “у стол?

-Я спецыяльна “ў стол” не пішу. Навошта пісаць тое, што ніхто ніколі не прачытае? Гэта асабістыя дзённікі людзі пішуць для сябе, і тое не заўсёды. Часцей яны пішуцца быццам для сябе, але з такой нагодай, што ў будучым іх усё ж такі будуць чытаць іншыя. Тым больш гэта тычыцца мастацкіх твораў. У мяне ёсць шмат тэкстаў, якія яшчэ чакаюць сваіх чытачоў, але не публікую я іх не таму, што не жадаю. Можа, чарга яшчэ не дайшла.

-Усе мы зараз чуем, што газеты робяцца менш папулярнымі і тады, мабыць, праца аўтараў марная? Як Вы лічыце?

-Я б не сказаў, што газеты сёння чытаюць менш, чым кнігі. І аўтары наўрад пішуць свае творы спецыяльна, каб надрукаваць іх у газеце, – я не маю на ўвазе раённыя выданні, бо так там часцей за ўсё і здараецца. А сур’ёзнаму аўтару чаму б не надрукаваць свой твор у газеце? А тым больш у часопісе, перад тым, як уключыць яго ў тую ці іншую сваю кнігу? Гэта плюс, а не мінус, які значна пашырае кола чытачоў.

-А на каго разлічаны Вашыя творы?

-У мяне дзіцячай і дарослай літаратуры, прыкладна, аднолькавая колькасць. Ёсць “дарослыя” вершы, ёсць вершы дзіцячыя. П’есы таксама маюцца для абедзвух аўдэторый. А ў апошні час я пішу больш прозы – дык  яна таксама падзяляецца на дзіцячыя аповесці і невялікія казачкі з аднаго боку і дарослыя фантастычныя раманы, аповесці і апавяданні — з другога.

У чым складанасць напісання твораў для дзяцей і для дарослых?

-Як сказаў адзін вядома пісьменнік: “Для дзяцей трэба пісаць так, як для дарослых, але яшчэ лепш”. Але і сапраўды, не кожны, нават вельмі добры пісьменнік, здольны напісаць для дзяцей што-небудзь вартае. Напрыклад, дзіцячым творам Маякоўскага, і, тым больш, Ясеніна (нягледзячы на тое, што паэтамі яны былі праста выдатнымі) далёка да твораў таго ж Чукоўскага, Маршака альбо Міхалкова. Каб пісаць для дзяцей, трэба захаваць у душы штосьці дзіцячае, нават у даволі сталым узросце.

Вы праводзіце сустрэчы з дзецьмі. Як думаеце, яны сталі менш чытаць?

-Сустрэчы з дзецьмі я раблю рэгулярна. І як аўтар дзіцячых кніжак, і як намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Бярозка”. І гэтыя сустрэчы для мяне заўсёды радасць. А наконт таго, ці сталі дзеці менш чытаць: магчыма і менш, але гэта не значыць, што раней яны ўсе пагалоўна чыталі. Проста тыя дзеці, якія замест кнігі зараз гадзінамі сядзяць за камп’ютарнай “стралянінай”, раней проста гулялі ў “вайнушкі” на вуліцах. Праўда, для іх уласнага здароўя гэта было куды больш карысна, чым сучасная камп’ютарная залежнасць.

На сустрэчы з вучнямі Заслаўскай гімназіі

-Як Вы лічыце, чаго не хапае сучаснай беларускай літаратуры для дзяцей?

-Таго ж, чаго і літаратуры для дарослых: займальнасці, разнастайнасці, арыгінальнасці.

У Вас ёсць творы на дзвюх мовах. Як думаеце, раманы і казкі на беларускай мове патрэбны дзяцям?

-Не мае значэння, на якой мове напісаны дзіцячы, ды і не толькі дзіцячы, твор. Галоўнае, каб ён быў цікавым і лёгка чытаўся.

Бяда некаторых нашых аўтараў ў тым, што яны, спрабуючы зрабіць свой твор як мага больш “беларускім”, літаральна, нагрувашчваюць яго дыалектызмамі, мясцовымі выразамі, тымі беларускімі словамі, якія былі ва ўжытку на пачатку ХХ стагоддзя, але зараз амаль не ўжываюцца. І чытачы, нават тыя, хто няблага ведае беларускую мову, чытаючы такі, можа, і таленавіты, і займальны па сэжэце твор, пачынаюць, “спатыкацца” на кожным такім слове і вельмі хутка губляюць да самога твору ўсялякую цікаўнасць. А аўтар потым ва ўсім вінаваціць саміх чытачоў. Ім, маўляў, чытаць па-беларуску нецікава.

Як Вы вызначаеце, на якой мове павінны быць напісаны твор?

-Неяк само сабой вызначаецца. Хоць, да прыкладу, сярод маіх вершаў для дзяцей зусім няма рускамоўных. Як і сярод маіх гумарыстычных вершыкаў альбо пародый. І наогул, з рускамоўнай паэзіяй я даўно завязаў. Праўда, шмат перакладаю вершаў вядомых беларускіх паэтаў на рускую мову. Што ж датычыцца прозы, то тут ужо на якой мове напішацца.

У Вас ёсць паэтычны зборнік Час збіраць камяні”. Ці плануеце вы яшчэ выдаваць зборнікі вершаў?

-У мяне шмат вершаў, якія яшчэ не выдадзены асобнымі зборнікамі, хаця амаль усе яны “прайшлі праз перыёдыку”. Вось, напрыклад, пэўны час я захапляўся напісаннем, так званых, “цвёрдых формаў верша” – санетаў, рандэляў, трыялетаў і шмат іншых. З іх адных цудоўны зборнік можна скласці! Але планаваць – адно, а рэчаіснасць – гэта крыху іншае. Мне б пакуль прозу сваю выдаць, тую, якая з нецярплівасцю чакае сваёй чаргі. Тым больш, не паспееш выдаць адно – а тут ужо штосьці іншае напісалася…

-А беларускі чытач аддае перавагу вершам або прозе?

-Зараз чытачы адаюць перавагу менавіта прозе. І таму выдавецтвы таксама больш вітаюць прозу, а да паэзіі адносяцца, мякка кажучы, насцярожана. Асабліва тое датычыцца пачынаючых і малавядомых аўтараў. Не ведаю, чаму так адбылося. Пік цікаўнасці да паэзіі быў у шасцідзясятыя-сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Тады ў Маскве паэты стадыёны збіралі, ды і песні былі цікавымі, бо словы да іх сапраўдныя паэты пісалі. А зараз – папса, у якой самі спевакі і тэксты пішуць, і музыку. А песні-аднадзёнкі гэтыя забываюцца адразу ж.

Ведаю, што Вы пісалі п’есы. На якога гледача яны разлічаны?

-Да, такі перыяд быў у маёй творчасці. Зараз, я ўжо казаў аб гэтым, перайшоў, у асноўным, на прозу. А п’есы ў мяне былі і для дзетак, і для дарослых. Сярод дзіцячых нават шмат вершаваных, хаця і сярод “дарослых” п’ес для такія таксама маюцца.

Ці губляе тэатр сваю папулярнасць? Як думаеце, ад чаго залежыць выбар паміж тэатрам і кіно?

-Тэатру ўжо больш за сто гадоў прарочаць смерць. Спачатку, як толькі кіно з’явілася, потым – калі тэлебачанне ў сілу ўвайшло. А зараз яшчэ і Інтэрнет.

Але ж жыве тэатр! І будзе жыць. Магчыма, зробіцца менш масавым і больш элітарным.

З пісьменнікам Яўгенам Хвалеевым у доме-музеі Янкі Купалы

З пісьменнікам Яўгенам Хвалеем у доме-музеі Янкі Купалы

-А як Вы ставіцеся да буккросінгу? Ці спрыяе ён распаўсюду літаратурнай адукацыі моладзі?

-Я вітаю буккросінг, як станоўчую з’яву, якая пашырае кола аматараў кнігі. Але сам у ім удзельнічаць не жадаю. Я ўжо казаў у адным інтэрв’ю, што кнігі для мяне – гэта сябры, а як можна камусьці сяброў аддаваць? Праўда, маюцца ў маёй хатняй бібліятэцы кнігі, якія я, прачытаўшы адзін раз, ніколі перачытваць не буду, і такія нават, якія я ані разу не прачытаў. Іх можна было б і аддаць, але тады атрымліваецца – “бяры Божа, што нам нягожа”.

Напэўна буккросінг равівае літаратурную адукаванасць, але не так моцна, як таго б хацелася. Бо, у пераважнай большасці, удзельнічаюць у ім тыя, хто і так літаратурна адукаваны.

Як пісьменнік і педагог як Вы ацэньваеце ролю бібліятэк у выхаванні дзяцей?

-Бібліятэкі ўносяць вялікі ўнёсак у развіцці і выхаванні дзяцей. У маім дзяцінстве, калі добрых кніг купіць было амаль што немагчыма, і зараз, калі кніг у крамах шмат, але іх кошт проста адпужвае многіх чытачоў. І таму дзеці, не маючы магчымасці набыць патрэбнае альбо жаданае ва ўласнасць, бягуць менавіта ў бібліятэку. Дзе і кнігу дадуць пачытаць, і параду слушную.

У сваёй біяграфіі Вы напісалі, што не ведаеце, да якой катэгорыі пісьменнікаў можаце сябе аднесці. Цяпер таксама не вызначыліся?

-Не, нават яшчэ больш заблытаўся (усміхаецца). Бо ў біяграфіі даволі легкадумна напісаў, што крытычныя артыкулы – гэта не маё, і імі я ніколі займацца не буду. А з таго часу я нават з ліку збіўся, колькі маіх падобных артыкулаў выйшла ў нашых перыядычных выданнях…

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by