Вянец памяці народнай

Гуліцкі Аляксей Аляксандравіч

Абітурыент ІЖ

У 1965 годзе ў вёсцы Іканы Барысаўскага раёна на пустым месцы каля школы стварылі «Парк герояў». Ён быў пасаджаны мясцовымі дзецьмі пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі і заснавальніка школьнага музея Васіля Васільевіча Ігнатовіча. Больш за 200 дрэў сваімі пышнымі кронамі і сёння спяваюць гімн славы тым, хто загінуў у баях за Радзіму. У кожнага дрэва была ўсталявана таблічка з надпісам, у гонар каго яно пасаджана і хто з вучняў пасадзіў. Маладыя дрэўцы былі прывезены з месцаў былых баёў з Паліковай пушчы.

Праз увесь парк пралягла сцежка, з двух бакоў якой устаноўлены бюсты піянераў-герояў і камсамольцаў: Марата Казея, Лёні Голікава, Валі Коціка, Валодзі Дубініна, Алега Кашавога, Лізы Чайкінай. Побач створана алея са своеасаблівымі пастаментамі, у якіх былі навечна замураваны капсулы са свяшчэннай зямлёй з усіх гарадоў-герояў Савецкага Саюза. У тумбе «город-герой Мінск» знаходзіцца «Пасланне патомкам у 2025 год» ад вучняў Іканскай і Ганцавіцкай школ.

Адначасова з закладкай парку ў цэнтры быў узведзены абеліск. На яго плітах высечаны імёны 126 ураджэнцаў Барысаўшчыны, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.У хуткім часе парк быў расшыраны і ператвораны ў інтэрнацыянальны. З’явіліся дрэвы, пасаджаныя ў памяць чэхаславакаў, іспанца, француза і венгеркі, якія змагаліся разам з беларускімі партызанамі.

Гэтае месца стала для некаторых апошняй магчымасцю даведацца пра лёс блізкіх людзей, сувязь з якімі перарвала вайна. У 1974 годзе ў  Мінску вучні Іканскай школы знайшлі дзевяностагадовую бабульку, Ганну Маркаўну Коўзан. Хутка яе прывезлі ў «Парк герояў», дзе праз трыццаць гадоў пасля вайны яна абняла маладую зялёную ліпку, пасаджаную ў памяць аб яе дачцэ – Ядзвізе Хайчанка, якая была адным з арганізатараў патрыятычнага падполля ў Іканах.

Але летам 1978 года здарылася бяда. Над Барысаўшчынай праляцеў буран. Шквал ветру абрушыўся і на «Парк герояў». Усе дрэвы выстаялі, а вось ясень Мішы Усоскага, як скошаны, зваліўся на зямлю. Вырашылі прывезці з Палікоўскай пушчы новае дрэўца, але нечакана ўбачылі, што каля пянька прабіўся зялёны парастак. Ён цягнуўся ўверх, хутка набіраў сілу. І неўзабаве дрэва памяці зноў зашумела зялёнай лістотай.

Летам 2009 года быў адрамантаваны галоўны памятнік-абеліск. Цяпер кожны год у Дзень Перамогі тут праходзіць мітынг, прысвечаны памяці тых, хто сваім жыццём захаваў мір на зямлі, падарыў светлую будучыню ўсім наступным пакаленням.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by