Віталь Рыжкоў: “Усе конкурсы, узнагароды, перамогі, паразы – пыл!” 11

Віталь Рыжкоў: “Усе конкурсы, узнагароды, перамогі, паразы – пыл!”

Мне вельмі падабаюцца людзі,  якія у жыцці маюць сваю справу. Я пазнаёміўся з чалавекам, які піша вершы ўжо на працягу многіх гадоў! Сёння Віталь Рыжкоў раскажа аб сваім занятку на Studlive:

v_-4gI9H-70

Фотаздымак: Віталь Курэц

Калі вы зразумелі, што будзеце пісаць?

«Буду пісаць» — хімера, што перыядычна наведвае і пакідае любога чалавека. Зразумець яе (хімеру) звычайнаму люду няпроста — і бліжэйшай асацыяцыяй гэтай дзіўнай жарсці будзе свярбенне. Вось уявіце, што ў вас чэшацца спіна — і тэарэтычна вы можаце трываць гэта. Але. Але можаце і не трываць. І тады пачынаецца ўся гульня: цяжка здзейсніць задуманае, бо дацягнуцца складана. Вось я спрабую дацягнуцца да патрэбнага месца на спіне з 13 гадоў. І ўсё ніяк.

Чым захапляецеся акрамя пісьменніцтва?

Па-за пісьменніцтвам я самы звычайны чалавек! Можаце не верыць, але гэта так. Я захапляюся самымі звычайнымі чалавечымі рэчамі. Піццём піва, напрыклад. Навуковай фантастыкай, рэпам розных краінаў (з 98-га году), чытаннем кніг.

Ваша любімая тэма ў паэзіі? 

У літаратуры мяне заўжды цікавілі чалавечыя парадоксы, таму люблю этыку.  Адчуваю пяшчоту да трагікамедыі. У натхненне не веру. Веру ў ідэю. Калі ёсць яна (ідэя) — тады з’яўляецца тэкст. Альбо прыём, ход, паварот… Тут найбліжэй будзе ў якасці прыкладу — мастацтва прыдумляць жарты. Можа быць настрой пажартаваць, так, але асноўны рухавік — ідэя.

Што вас натхняе?

Гадоў у 25-26 я зразумеў, што гэта проста пыл. Усе конкурсы, узнагароды, перамогі, паразы — пыл. Небяспечны, радыяктыўны пыл хваляванняў, перайманняў, калі амбіцыі скочуць, нібы ціск у гіпертоніка. А яшчэ зайздрасць, таварышы. Яна цягне за сабой размовы за спінай, плёткі, інтрыгі. Гэта нафіг не ўпала нікому. Таму — альбо ставіцца максімальна лёгка да конкурсаў альбо не браць удзелу.

3DqF2mVOxWs

Як вы ставіцеся да паэтычных конкурсаў і ўзнагарод? 

Вось я нядаўна даслаў свой верш 2009-га году «Два скрыпачы» (пагуглі, чытач, не лянуйся, нават відос ёсць) на конкурс, прысвечаны паэме Якуба Коласа «Сымон-музыка». Там была тэма «І пайшоў Сымон сваёй пуцінаю!» (клічнік — мой). Перамагу наўрадці, але чорт з ім. Тут важны перфоманс.

Якія кампазітары вам блізкія па рытме і па духу?

Вагнер.

У вершаваннікаў ёсць такая патрэба – ізноў асвоіць свет, пераклаўшы яго на паэтычную мову?

— Вядома. Гэта апрыёры — як папісаць зранку.(смяецца)

З кім з паэтаў вам бы хацелася ўстаць у адзін шэраг?

Нармальны творца не хацеў бы быць у адным шэрагу з іншымі паэтамі, але гэта амаль немагчыма праз саму сутву літаратуры. Маё кола прыхільнасцяў даволі стандартнае. Назаву хіба больш «рэдкіх»: Алесь Разанаў, Вальжына Морт, Антон Францішак Брыль, Пауль Цэлян, Міхаіл Паздняеў, Фёдар Свароўскі.

Калі б вершы друкавалі на паштоўках, як зайчыкаў і кацянят, была б паэзія папулярней?

Паэзія — своеасаблівы інтэлектуальны спорт, гульня ў шахматы з вечнасцю. Для своеасаблівых гікаў, завучак (смяецца). Можна гуляць распранутым, можна эпатаваць любымі спосабамі, можна піярыць сябе, друкуючы на паштоўках свой твар ці аголеныя часткі цела разам з паслядоўнасцю хадоў сваёй паэтынай шахматнай партыі — усё застанецца на сваіх месцах, дзе ўсё залежыць ад таго, аблажаўся ты ці не, а не ад папулярнасці, вядомасці, распіяранасці. То бок адказ на пытанне — вядома, не!

(Дарэчы, былі калісь паштоўкі з маімі вершамі і фоткамі «ню». І калі вы чытаеце маё прозвішча ўпершыню — гэта таксама доказ марнасці ўсіх спосабаў распіярыць паэзію сёння. І ёй (паэзіі) гэта не трэба. Яна — самадастатковая прыгожая маладая дзяўчына, а не старая бабуля, што просіць у вас увагі ці міласціны. Мамкам гора-папулярызатараў — прывітанне!)

Добавить комментарий