Тры галоўныя альбомы гэтага чэрвеня

Гуліцкі Аляксей Аляксандравіч

Абітурыент ІЖ

Джорджа Сміт — «Lost & Found»

Metacritic: 81/100

Тэмпам развіцця кар’еры гэтай маладой брытанкі можна толькі пазайздросціць. У пачатку 2016 года яна прадставіла першы сінгл на сэрвісе SoundCloud, а ўжо праз некалькі месяцаў паехала ў тур з Дрэйкам. Выпусціўшы некалькі паспяховых песень і звярнуўшы на сябе ўвагу крытыкаў ды слухачоў, Джорджа нарэшце саспела для альбома. Ды якога!

Па-першае, «Lost & Found» — гэта R&B, па-другое, вельмі якасны. Сміт не згубілася сярод папулярных, але даволі аднатыпных сучасных бітоў і спалучыла іх з традыцыйным гучаннем. У выніку атрымалася пласцінка з вельмі ўдалай стылізацыяй пад 90-я, не пазбаўленая пры гэтым любімых сучаснай аўдыторыяй фішак. Акрамя гэтага, альбом звязаны адзінай канцэпцыяй. Тут няма ні «бэнгераў», якія адцягваюць увагу, ні адкрыта прахадных трэкаў, якія проста расцягваюць хранаметраж.

«Lost & Found» трэба слухаць цалкам, паглыбляючыся ў яго структуру. На шчасце, усёабдымны, моцны голас Джорджы, які ўжо паспелі параўнаць з вакалам самой Эмі Уайнхаўс, у гэтым дапаможа. Раю таксама праглядзець тэксты кампазіцый. Сміт сама стварала лірыку, таму яна выглядае аўтэнтычна, дапамагае раскрыццю і альбома, і спявачкі.

 

«Panic! at the Disco» — «Pray For the Wicked»

Metacritic: 70/100

Гэтыя амерыканцы не маюць патрэбы ў прадстаўленні. За доўгія гады паспяховай кар’еры яны паспелі скарыць сэрцы, напэўна, ўсіх аматараў року і панку. На дасягнутым гурт спыняцца не збіраецца і працягвае ствараць новую музыку.

Шосты студыйны альбом хлопцаў не вельмі адрозніваецца ад папярэдняга, але ў іх выпадку гэта не дрэнна. Усё на месцы: і захапляльны вакал Брэндана, і ўзбуджальная музыка, і трапныя тэксты. Аднак цяпер гурт робіць акцэнты крыху на іншых месцах. Яшчэ больш весялосці, яшчэ больш шаленства, яшчэ больш запалу – гэта пра «Pray For the Wicked». Увогле, гэтую пласцінку можна апісаць як «паўгадзінную вечарынку». Танцы, усмешкі і пырскі шампанскага уяўляюцца на працягу ўсяго альбома.

Канечне, гэта далёка не тая праца, якую хто-небудзь, акрамя прыхільнікаў «Panic! at the Disco», будзе з захапленнем пераслухваць праз некалькі гадоў. Але яна на гэта і не прэтэндуе. Хлопцы стварылі адзінаццаць прысвячэнняў вечарынкам і аб’ядналі іх у альбом, якому заўсёды знойдзецца месца ў плэйлістах гэтых самых вечарынак.

 

«Florence + The Machine» — «High As Hope»

Metacritic – 75/100

Праз тры гады пасля рэлізу суперпаспяховага альбома «How Big, How Blue, How Beautiful» галоўная зорка брытанскай альтэрнатыўнай музыкі і яе каманда вяртаюцца з новым матэрыялам. «Гэта любоўнае пасланне адзіноце, Нью-Ёрку, Паўднёваму Лондану і ўсім анёлам, якіх я сустрэла на сваім шляху», – так ахарактарызавала гэтую пласцінку сама Фларэнс.

Альбом больш чым атрымаўся. The Telegraph увогуле назваў гучанне новых песень «дасканалым». Шчыра кажучы, не пагадзіцца з такім меркаваннем цяжка. У кожнай ноце, у кожным слове адчуваецца такая вар’яцкая энергія, што яе цяжка стрымаць у навушніках. Гэтай музыцы патрэбна вялікая прастора, здольная змясціць тое буйства інструментаў, мелізмаў і гукаў, якімі прасякнуты песні Фларэнс. Спявачка ўжо даўно знайшла свой адметны стыль: з голага рытму, з аднаго ўдару палачкамі яна пачынае патроху так разгортваць мелодыю, што ты ніколі не здагадаешся, што адбудзецца праз секунду.  Новы рэліз якраз вытрыманы ў лепшых традыцыях такога метаду.

Тым, хто сумуе па сапраўднаму інды-року, жывым інструментам і адчуванню свабоды пры праслухоўванні, абавязкова трэба звярнуць увагу на «High As Hope». Катарсіс вам забяспечаны.

 

Таксама варты ўвагі:

  • «Gorillaz» — «The Now Now»: для тых, хто шукае нешта неардынарнае і самабытнае.
  • Дрэйк — «Scorpion»: для тых, хто заўсёды імкнецца быць у курсе моднага гучання і актуальных падзей.
  • Бібі Рэкса — «Expectations»: для тых, хто прагне адраджэння поп-музыкі ў лепшых яе традыцыях.
  • «5 Seconds of Summer» — «Youngblood»: для тых, хто яшчэ не расчараваўся ў бой-бэндах.
  • Крысціна Агілера — «Liberation»: для тых, хто ў першую чаргу зварочвае ўвагу на вакал.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by