Тэатральны фаст-фуд

Полина Платова

Институт журналистики БГУ

На працягу ўсяго кастрычніка тэатральная публіка можа пабачыць прэм’еру Сучаснага мастацкага тэатра – спектакль Дзмітрыя Астрахана “З табой” (па п’есе Алега Данілава). Улічваючы, што амаль палова залы пуставала, зрабіць гэта будзе ну вельмі проста.

Дарэчы, чаму пустуюць тэатральныя залы? Кошт квіткоў вялікі? Наўрадці. Спектакль няўдалы? Вось гэта бліжэй да ісціны. І такую няўдачу не схавае слава знакамітых рэжысёра і сцэнарыста. Здаецца, што менавіта на гэтую знакамітасць і рабілі акцэнт у тэатры, рэкламу якую зладзілі! На праграмцы вялікімі літарамі напісаны імёны расіян. А ўверсе – не, не філасофска прыгожы эпіграф – а пераклік былых вядомых прац Астрахана і Данілава. “Ты ў мяне адна”, “Усё будзе добра”… Класічныя фільмы. Такую простую і такую лірычную песню Юрыя Візбара памятаюць усе, і усе жанчыны хочуць пачуць яе ад сваіх каханкаў. А “Усё будзе добра” – увогуле вельмі цікавая рэжысёрская праца. Напэўна, гэта дзве перліны ў творчасці Астрахана. Увогуле ж, крытыкі яго не прызнаюць, не бачаць у рэжысуры Дзмітрыя Хананавіча дастатковай інтэлектуальнасці. На жаль, спектакль “З табой” гэта толькі пацвярджае.

Дзеючых асоб у пастаноўцы было дзве: Юрый Нячаеў (Віталій Новікаў) і яго жонка Лена (Ірына Карніевіч). Пара акцёраў мусіла ўвесь час утрымліваць напружанне ў зале. Якім чынам гэтага можна дасягнуць?

Безумоўна, павінен быць цікавы, інтрыгуючы сюжэт, каб чапляла, каб глядзець з напаўадчыненым ротам на сцэну і не адрываць позірку. Нешта кшталту новай драмы ці добрай класікі. Гэтая ж лірычная камедзія была пазбаўлена ўсялякай сур’ёзнасці, нават маралі. Нервовая жонка, муж-ілгун… І яны вырашаюць … памерці (!), каб быць заўжды разам! Навошта ім жыццё, дзе яны могуць толькі сварыцца? Але ж здаецца, што моц чалавека менавіта ў тым, каб усе складанасці пераадольваць. Пераадольваць ўдваіх. Смерць не ратуе ад спрэчак… Незразумелы сюжэт, у якім час ад часу прасочваюцца цікавыя жарты і думкі. Такое адчуванне, што адзін з сучасных банальных серыялаў перанеслі на сцэну.

Добра (дарэчы, не зусім добра), што можа выратаваць не геніяльны сюжэт? Геніяльныя акцёры, ну хоць бы дастаткова каларытныя. Не ў гэтым выпадку. Акцёры выкарыстоўваюць звычайныя штампы. Ірына Карніевіч ненатурнальна гістэрыць, Віталій Новікаў звяртаецца да адной і той жа дакучлівай мімікі. Як шкада, бо ў Новікава такі прыемны, мілагучны голас, што можа гіпнатызаваць і натхняць… А Карніевіч раз-пораз шчыра перажывае ролю, і ёй хочацца верыць.

Нават зараз спектакль яшчэ можна ажывіць таленавітай рэжысурай. Ды не, Астрахан зрабіў яго дакладна для галачкі. На маленькай сцэне стаіць вялізная-вялізная сіняя канапа, якая робіць прастору яшчэ менш. Зразумела, калі б на ёй мы пабачылі цікавыя пластычныя эцюды… А так яна толькі з’ядае сцэну і акцёраў сваёй маштабнасцю. З-за гэтай канапы мізансцэны ўвесь час паўтараюцца, руху ўвогуле ж няма! Акцёры проста не ведаюць, што рабіць з сабой і са сцэнічнай прасторай.

З цікавых дэталей можна ўзгадаць толькі серабрысты парасон. Але ж яго з’яўленне проста смяшыць гледачоў. Не кранае, не прымушае думаць – смяшыць!

Музыка практычна не выкарыстоўваецца. Лейтматыў, што часам гучыць, падабраны безгустоўна. Ён не ўзрушвае ні адну струнку душы, як гарох аб сцяну… Зала яшчэ можа ўстрапянуцца ад гука грому, які суправаджаецца цікавым асвятленнем, але ж гэта хвіліннае ажыўленне, не болей.

Святлом рэжысёр грае толькі падчас грому і філасофскіх разваг Юры Нячаева. Напрыканцы спектакля заднік сцэны зіхаціць, як зорнае неба. Гэта сапраўды добрая знаходка, але зноў-такі адзінкавая!

І што атрымоўваецца ў выніку? Тэатральны фаст-фуд, зроблены на скорую руку, пусты. Ад яго не атрымоўваеш эстэтычнай асалоды. Нездарма некаторыя гледачы пасля антракту сыходзілі. Безумоўна, радыкальны крок, але ж… Жахліва, бо гэта – прэм’ра! Спектакль яшчэ доўга будзе ісці ў тэатры. Пастаноўка для паўпустой залы. Уявіце, як гэта будзе душыць акцёраў ды і ўвесь тэатр. Дзіўны тэатр, які душыць сам сабе… Гледачы гэта заўважаюць: у інтэрнэце нямала негатыўных водгукаў аб Сучасным мастацкім тэатры. Удумайцеся ў назву: “Сучасны…”. Што гэта значыць? Пошукі новага, эксперыменты, няспынны рух. Канечне, не абавязкова шакаваць публіку неверагоднымі вар’яцтвамі, як Беларускі свабодны тэатр. А вось знайсці свой шлях, які будзе наўпрост звязаны з сучаснасцю, магчыма. Мабыць, ёсць сэнс даць слова маладым рэжысёрам, як гэта робіць, напрыклад, Купалаўскі тэатр? Моладзь звычайна творыць з запалам, самааддана. Ім не цікава рабіць фаст-фуд.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by