Сярэднявечча сёння

Шальмоўскі тэатр ДыГрыза

Вулічны тэатр — асаблівы від мастацтва, нібы прывітанне з Сярэднявечча. Не абмежаваны сценамі тэатральнай залы, ён па-ранейшаму радуе гледачоў на гарадскіх плошчах. Мабыць, самы знакаміты вулічны тэатр Беларусі — гэта «Шальмоўскі тэатр ДыГрыза», вядомы не толькі тэатральнымі пастаноўкамі, але і вогнеными перфомансамі. Пра тое, хто ж такі ДыГрыз, аб Сярэднявеччы і пешаходнай вуліцы ў Менску я пагутарыла з кіраўніком тэатра — Аляксеем «Бекарам» Бурносенка.

— Ваш тэатр завецца «Шальмоўскі тэатр ДыГрыза». Раскажыце, чаму такая назва.

— ДыГрыз — уяўны гаспадар трупы. Гэта сярэднявечны махляр, прайдзісвет, але разам з тым найталенавіты артыст, які вырашыў стварыць трупу і красці ўжо пад выглядам тэатра. Яго імя ўзята з навуковай фантастыкі — дарэчы, прывітанне ўсім аматарам гэтага жанру — з твора Гары Гарысана «Стальны пацук». Я калісьці зачытваўся ім у маладосці.

Назва з’явілася 15 ліпеня 2005 года ў Расіі, пад Цверру, дзе наша каманда ўдзельнічала ў ролевай гульні «Новыя балады старой Англіі». Мы прывезлі туды агнявое шоў, сярэднявечныя і гістарычныя фарсы. 2000 чалавек гледачоў і ўдзельнікаў прыйшлі ў захапленне ад гэтага відовішча, а нашы персанажы літаральна азалаціліся. І калі мы прыехалі дадому, то задаліся такім пытаннем: павесіць нашы касцюмы на вешалку і пакінуць «паміраць» — ці ж працягнуць гульню? Мы выбралі другое. Было прынята рашэнне працаваць над тэатральнай трупай, каб мець магчымасць выязджаць у Еўропу, выступаць там на вуліцах «на капялюш» як Брэменскія музыкі, і шукаць фестывалі, якія могуць пакрыць частку выдаткаў. Мы сталі працаваць над напрамкам сярэднявечнага тэатра, дадаваць часам крышачку фэнтэзі, вядома, калі дазваляе фармат мерапрыемства. Сталі паглыбляць вобласць агнявога мастацтва, адкрылі сваю Школу агнёвага перфомансу, дарэчы, з верасня будзе новы набор. Усё гэтак жа працягнулі працу над кружкамі старадаўняга і народнага танца. Усё гэта стала працаваць на ідэю тэатра. Цяпер у нас тры асноўных напрамкі — гэта агонь, сярэднявечная культура, і наша любімая карнавальная культура Беларусі.

— Гэта значыць, спачатку вы займаліся сярэднявечнай культурай, і толькі потым перайшлі да агню?

— Так. Хоць яны ідуць так блізка, што мне цяжка падзяліць, што было першым, што другім…

— Не цяжка працаваць з трыма напрамкамі адразу?

— Вельмі цяжка, на самай справе. Я зайздрошчу беларускім тэатрыкам, з якімі мы супрацоўнічаем, таму што яны працуюць у сваёй вузкай вобласці і не прэтэндуюць на нешта большае. Ім хапае 2-3 рэпетыцый у тыдзень. А нам у сярэднім — 5-6. Мы ледзь-ледзь выкройваем адзін дзень выхадным. Наогул, я ў захапленні ад працаздольнасці акцёраў ДыГрыза, іх зацятасці і матывацыі.

На жаль, пакуль нашым артыстам прыходзіцца падзарабляць на старане. За 6-7 гадоў мы пакуль не змаглі забяспечыць іх настолькі, каб яны працавалі ў тэатры ўвесь дзень.

— А няма цякучкі артыстаў?

— На жаль, бывае. Не ўсе вытрымліваюць такое цяжкае жыццё. Да таго ж, кантракты мы з імі пакуль не падпісваем, але, думаю, такі час наступіць. У нас ёсць нязменны склад — 4 чалавекі, хто заўсёды з намі. Ёсць яшчэ чацвёра, якія не могуць так часта «катацца». І плюс — другі склад, які дапамагае нам закрываць нашы выступы, пакуль мы граем у Еўропе.

— Адкуль бераце ідэі для спектакляў, танцаў? Так разумею, шукаеце рамантычныя сюжэты, каб было відовішчна, як ваш «Алхімік», пастаўлены па Гётэ …

— Па-рознаму. Вось, напрыклад, у сярэднявечным тэатры мы рэканструюем дашэкспіраўскую мадэль — тую самую, што яшчэ змяшаная з цыркам. Менавіта падчас Шэкспіра тэатр падзяліўся. У адзін бок пайшоў высокі тэатр — са сцэнай, глыбокай прапрацоўкай характараў і гэтак далей. А ў іншы бок пайшлі жанглёры, скамарохі, тыя, якія больш займаюцца фізпадрыхтоўкай, чым характарамі. І зараз дзве гэтыя сьцежкі разышліся ў бакі, хоць абедзве яны зачыненыя ў памяшканнях — тэатр у тэатральных залах, цырк на арэне. Магу іх зразумець, усе любяць камфорт (смяецца). А вось гэтая вулічная рамантыка, пачуццё роўнасці з гледачамі — згубіліся. У цырку публіка глядзіць зверху, у тэатры — знізу, а вось так, каб на адным узроўні — гэта сышло.

Мы ж адраджаем карнавал, дзе артысты, жанглёры, акрабаты весяляцца, а потым у адзін момант пераходзяць да складанай тэмы. Напрыклад, высмейваюць прагнасць, глупства, агрэсіўнасць. Да таго ж, часам мы прыкідваемся гісторыкамі і адраджаем фарс пачатку 14 стагоддзя, апісаны ў кнігах. З пункту гледжання рэканструкцыі гэта правільна, гэта аднаўленне эпохі, і ні адзін «хворы на рыцарскі клуб галаўнога мозгу» не папракне нас у прыдумках. Такая праца падыходзіць для любога сур’ёзнага фестывалю. А часам мы прыдумляем сюжэты самі, як, напрыклад, 12-хвілінны фарсік «Карабас».

Дзве іншыя нашы пастаноўкі — «Танец Смерці» і «Чума» — адукацыйныя. Дастаткова змрочныя, яны раскрываюць сучаснаму гледачу некаторыя рэаліі сярэднявечнага жыцця.

— Дык што ж важней: гістарычнасць або жа відовішчнасць?

— Гэта складанае пытанне. У нас няма канкрэтнага прыярытэту. Мы балансуем паміж відовішчнасцю, прыгажосцю, яркасцю — і гістарычнасцю, рэканструкцыяй. Гэтым пытаннем задаваўся яшчэ сам Станіслаўскі. Часам сцэнічная прыгажосць і праўдзівасць перашкаджаюць адзін аднаму. Бывае, што падтрымліваюць, але часцей за атрымліваецца так, што праўдзівая пастаноўка не такая яркая, а відовішчная — не такая праўдзівая. Тут ізноў жа ўзнікае супрацьстаянне цырка і тэатра. Нам прыходзіцца пакуль балансаваць, але мы самі абралі гэты шлях.

— Ваш тэатр часцей ўбачыш на сярэднявечных фэстах, а дзе ж пазнаёміцца з ім простаму гледачу?

— Як сказаў адзін мой знаёмы: «А вы прафесійныя артысты — або па вяселлях?» (смяецца). Наш тэатр зноў-такі пасярэдзіне. Мы з задавальненнем выступаем як на фестывалях, так і на прыватных святах. Вядома, на такіх святах мы не будзем паказваць нашы сур’ёзныя пастаноўкі — іх мы павязем на сур’ёзныя фестывалі.

— А на Карла Маркса выступіць не хочаце?

— Хочам, вельмі. Яшчэ калі зараджалася ідэя пешаходнай вуліцы і бедную адміністрацыю раёна паставілі перад фактам: «Зрабіце-ка нам беларускі Арбат» — ужо тады ў мяне была размова на гэтую тэму. Але на той момант быў самы разгар гастроляў, і за ўсё лета я ні разу не змог вярнуцца да гэтага пытання. На самай справе, у Беларусі няма лепш месца для нашага тэатра.

Я баюся, што мы зможам прыйсці на пешаходную вуліцу толькі з сярэдзіны верасня, калі прыедзем на Радзіму. У дадзены момант на Карла Маркса даволі нізкі ўзровень выканаўцаў. Зараз там выступаюць тыя, якія хочуць, каб на іх паглядзелі. А гэта паказчык таго, што яны пакуль не дасягнулі майстэрства.

Лепшае выступленне, што было на Карла Маркса, адбылося ў мінулую нядзелю. Яго арганізавалі выпускнікі Школы агнявых мастацтваў і артысты з майго тэатра.

— А як за мяжой ўспрымаюць нашу традыцыйную культуру?

— Па-рознаму, але заўсёды з цікаўнасцю. Еўропа ўспрымае нас як нешта незвычайнае. Беларусь — краіна, якая 70 гадоў была за «жалезнай заслонай», ды і цяпер пра яе ведаюць няшмат. А тут прыязджаюць беларускія артысты, якія вучаць еўрапейцаў сярэднявечнай культуры, еўрапейскіх фаершчыкаў — вогненным шоў, а ў прыдачу — яшчэ і танцам. Гэта экзотыка, зусім як у Беларусь прывезці настаўніка скокаў ацтэкаў. Людзі пойдуць проста для таго, каб пазнаёміцца з экзотыкай. Да таго ж нашы танцы — гэта аўтэнтыка, сапраўдная старажытнасць. А на фестывалях менавіта гэтага і хочуць. У выніку ўсё шчаслівыя.

— Можаце пералічыць складнікі добрага спектакля?

— Калі браць неглыбока, іх каля васьмі. Гэта музыка, касцюмы, сцэнаграфія, харэаграфія, індывідуальная тэхніка валодання, інструментар, выкарыстанае паліва, падача артыстаў, псіхалогія публікі, разбіўка па часе, кампазіцыя — і гэтак далей. А наогул такіх аспектаў каля 30. Усе гэтыя элементы патрабуюць прапрацоўкі. Таму наша праца ідзе не так хутка, як хацелася б, мы ставім адну новую пастаноўку ў год. Але, тым не менш, гэта тыя пастаноўкі, якія потым Еўропа адрывае ў нас з рукамі.

— Дзякуй за гутарку.

— Заўсёды калі ласка.

Добавить комментарий