Развітанне з мінулым

Ганна Варонка

Інстытут журналістыкі

Сусветная літаратура багатая на шэдэўры. Адным з такіх, безумоўна, стаў “Вішнёвы сад” Антона Чэхава: ён ставіцца на ўсіх падмостках свету, нягледзячы на тое, што гэтаму твору амаль 120 гадоў. Беларускія тэатралы не засталіся ў баку. 27 красавіка Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прапанаваў сваю версію прачытання бессмяротнай п’есы – на гэты раз у выглядзе балету.

Балет – мастацтва перадачы эмоцый праз танец. Кожны паварот галавы, палёт рукі, кожнае дзеянне штосьці значыць. Тое, што мы прывыклі хаваць за словамі тут губляе сваю заслону, і перад намі паўстаюць голыя пачуцці.

Галоўны герой твора не чалавек, гэта вішнёвы сад – сімвал дваранскай Расіі. У балеце высякаецца сад, а ў жыцці распадаюцці даваранскія гнёзды, памірае старая Расія, радзіма Ранеўскай і Гаева, пачынаецца час лапахіных.

Першая дзея адчыняеццаз пейзажам вішнёвага саду на золку (выдатная праца галоўнага мастака Андрэя Меранкова і яго каманды). Нібы гэта развітанне сада з гледачамі, апошні момант, калі яшчэ ўсё добра, ён прадстае ва ўсёй сваёй прыгажосці. Ярмалай Лапахін – купец, яго мара – вырубіць сад, разбіць на дзялянкі зямлю і аддаць дачнікам ў арэнду. Сола са связкам ключоў выканаў Аляксандр Місіюк, паказаўшы, што Лапахіным кіруюць толькі меркантыльныя мэты. Неўзабаве прыязджае хазяйка маёнтка — Ранеўская  з дачкой Аней. Ранеўская бачыць сад пасля доўгага развітання і пачуцці шчасця, дзіцячых успамінаў, любові да радзімы перапаўняюць яе. Вікторыя Каралёва сваім безумоўным талентам перадала гэта ў сваім танцы. Цікавай задумкай было ўвесці ў балет новых персанажаў – душаў саду. Вішанькі не проста танчылі, яны, бачыўшы сваю блізкую будучыню – ужо прагучаў стук па дрэве – , развітваліся са светам і сваёй гаспадыняй.

Не апошнімі героямі ў пастаноўцы сталі Аня (Алена Германовіч) і студэнт Пётр Трафімаў (Уладзіслаў Пазлевіч) – маладыя закаханыя. Дуэт іх быў прасякнуты надзеямі і першым вялікім пачуццем у іх жыцці, уласцівымі толькі моладзі бязмежнымі марамі. Высокія падрымкі пары надавалі дэнамічнасць іх унутраным эмоцыям. Пеця і Аня выпадаюць з асноўнай сеткі герояў. Яны не маюць балючай адданасці саду, яны нібы глядзяць з боку, як ён назаўсёды адыходзяць у нябыт. Другая дзея пачынаецца з аукцыёну. Вішнёвы сад прадалі за даўгі. Шчаслівым уладальнікам стаў Лапахін. Але Ранеўская і яе абкружэнне яшчэ гэтага не ведаюць. Яны танчаць і смяюцца на званай вячэры. Як перасцярога, на вуліцы гучыць гром – прадвеснік хуткага няшчасця. Неўзабаве Лапахін паведамляе, што ён цяпер гаспадар маёнтка. Ранеўкая плача, а Фірс (Георгій Андрэйчанка) – абаяльны і мілы персанаж – падае на зямлю ад цяжкай навіны. Плач Ранеўскай, непараўнальна выкананае сола, увасабляе ў сабе ўвесь боль, канец жыцця, якое не вернецца, дзяцінства, маладосці, якія застануцца толькі ў памяці. Да яе на развітанне выбягаюць душы вішнёвага саду. Але пад стук сякеры Лапахіна яны хутка паміраюць.

Мабыць, паловай поспеху балета стала музыка. А кампазітараў выбралі геніяльных: Пятра Чайкоўскага, Алега Хадоска – ён цесна ўзаемадзейнічае з музтэатрам – і Гергія Свірыдава, чые творы ( Вы можаце іх памятаць з кінафільма “Мяцель” 1946 года) прымушаюць плакаць. Падзеі балета і музыка так налажыліся адзін на адно, што ператварыліся ў адзіную неразрыўную гісторыю, якая дайшла да самага сэрца. Гэтаму паспрыяла надзвычай выдатная праца арестру пад кіраўніцтвам галоўнага дэрыжора Юрыя Галяса.

Святло таксама цудоўна пердавала атмасферу падзей на сцэне. У пачату яно было пастэльным, падобным да нейкай казкі, ці ўспамінам з дзяцінства; падчас плачу Ранеўскай стала цёмным, горкім, змяшчаючы ўвесь боль таго, што адбылося. Святло, згаварыўшыся з дэкрацыямі, зрабіла неверагодную рэч – перанесла гледачоў у той час, у тую гісторыю.

Адзінаццаць душ сада паказалі, што ён сапраўдны персанаж (галоўны персанаж!). Іх танец быў то мілы, то выклікаў жаль. Мабыць, іх партыі былі час ад часу не вельмі сінхроннымі. Але хто сказаў, што душа рухаецца толькі правільна?

Касцюмы відавочнай годнасці канчаткова пераканалі, мяркую, самага патрабавальнага гледача і прымусілі цешыцца кожнай хвілінай дзеянняў.

Зал стаяў і яшчэ доўга не адпускай акцёраў, а таксама Сяргея Мікеля – балетмайстра-пастаноўшчыка і Любоў Сядзедьнікаву – мастака-пастаноўшчыка. Прадстаўленне, безумоўна, вартае прягляду. 11 мая пройдзе другі дзень прэм’еры. Так што набывайце квіткі і атрымлівайце асалоды ад сучаснага прачытання бессмяротнай класікі. Таксама  абавязкова набудзьце праграмку: балет –мастацтва, дзе не прамаўляецца ніводнага слова.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ