Легенды роднага краю

Гуліцкі Аляксей Аляксандравіч

Абітурыент ІЖ

На жаль, цяпер мала хто ведае, што стаіць за геаграфічнымі назвамі родных мясцін, чаму яны атрымалі такія імёны. Але калі паглыбіцца ў гэтую тэму, можна знайсці шмат цікавых легенд, якія стагоддзямі перадаваліся з вуснаў у вусны, наблізіцца да культуры нашых продкаў. Я знайшоў некалькі паданняў пра таямнічыя мясціны Барысаўшчыны.

Легенда пра Князь-камень

Сярод векавога сасновага бору, што раскінуўся на поўнач ад вёскі Іканы, ляжыць вялізны валун. Завуць тутэйшыя жыхары яго Князь-камень. Даўней расказваў легенду пра валун стары Сымон, але дзеда даўно няма, а легенда ў памяці жыхароў-старажылаў жыве і цяпер.

У тутэйшага селяніна расла дачка Марылька. Такой прыгажуні свет не бачыў. Вочы сінія-сінія, як лёну пялёсткі. Стан – бярозка стромкая, кучаравая па вясне. Размаўляць пачне – перазвон ручайка з яе вуснаў пальецца.

Шмат хлопцаў сумавалі па Марыльцы, руку і сэрца ёй прапаноўвалі. Але толькі зальецца смехам дзяўчына ад той прапановы ды скажа:

– Васілька свайго ненагляднага чакаю. Клятву яму дала чакаць, колькі б часу не прайшло.

А клятва сялянская спакон веку шчырая і непарушная. І вось аднойчы, пад восень ужо, прыехаў у тутэйшы лес князь разам са сваёй світай. Прыехаў на паляванне. Адвячоркам гэта было. І ўбачыў ліхадзей Марыльку, якая з поўным кошыкам грыбоў ішла з сяброўкамі дамоў. Глянуў князь на прыгажуню і ледзь не абамлеў. А яна горда і велічна прайшла міма пыхлівых гасцей і нават не глянула ў той бок, дзе світа піравала.

Падхапіўся князь з персідскага дывана, загарадзіў сабою дзяйчыне сцежку і ўскрыкнуў:

– Маёй жонкай будзеш! У золаце і аксаміце хадзіць будзеш! Вось цяпер і забяру, у палацы свае павязу.

– Не бываць такому, княжа, – смела гледзячы ў вочы яму, прамовіла Марылька. – Сярмяжную вопратку не памяняю на багатыя ўборы! Ведай, княжа, кахаю свайго хлопца вясковага. Жонкай толькі яму аднаму буду.

– Сілком забяру! Ты ж ведаеш, хто я! Няма ў свеце такой сілы, каб перашкодзіць мне ў любым маім жаданні.

– Мае сілу князь караць і мілаваць, але бяссільны перад каханнем, дарам божым. А каханне ні купіць, ні шабляй заваяваць не атрымаецца.

– Узяць яе! – не сваім голасам крыкнуў князь. – Узяць і ў мой замак імчаць непаслухмяную!

Кінулася світа да дзяўчыны, схапіла, скруціла рукі і панесла да карэты.

– Васіль! Любы мой, ратуй! – закрычала дзяўчына на ўвесь лес. Закрычала не голасам – сэрцам, хоць добра ведала: не пачуе каханы, не прыйдзе на дапамогу, бо за блізкі свет батрачыў. Грошы зарабляў на хаціну новую, якую збіраўся пасля вяселля будаваць.

Ірванулася Марылька, пабегла. А за ёй ахоўнікі князя. Вось-вось дагоняць. І тут сярод яснага дня грымнуў гром. Закалыхаўся бор векавы, дзікімі конямі ў многіх месцах стала ўздымацца на дыбкі зямля, перагароджваючы шлях свіце. Дабегла дзяўчына да ўскрайку лесу, а там рэчка глыбокая, халодная, ні прайсці, ні пераскочыць.
– Бывай, любы! – прашаптала яна і кінулася ў вір.

Вось з таго часу і сталі называць мясцовыя людзі гэтую блакітную рэчку Мрайка. А гэта значыць – Марылька. А замест князя, які самлеў тады ў чаканні паланянкі, камень стаў. Князь-камень завуць яго. Баяцца, бокам абыходзяць.

Легенда пра Чортава вока

На левым беразе рэчкі Смаляркі, у невялікім кустарніку, выцякае крыніца. Але вада яе колеру ржаўчыны і непрыемная на смак. Завуць яе ў народзе Чортава вока. І расказваюць такое паданне.

Даўным-даўно гэта было, калі толькі з’явіліся паны. А трэба сказаць, што яны вельмі ганарыліся, што астатнія людзі былі пакорныя ім. Звярталіся да бедных толькі па неабходнасці, за людзей не лічылі. Вось і тут такі пан быў, ганарысты вельмі. Палац вялікі стаяў на гары каля рэчкі Смаляркі, на шасцярых конях пан з яго выязджаў і гасцей там прымаў, такіх жа ганарыстых. І была ў пана дачка, вельмі прыгожая дзяўчына. Але кахала яна не паніча, сына суседняга пана, а простага чалавека, вельмі прыгожага юнака. Даведаўся пра гэта бацька яе. А для яго гонар панскі быў вышэй за любоў да дачкі.

Загадаў ён заперці яе ў склеп і не даваць ні хлеба, ні вады. І патрабаваў хлопца біць на стайні, пакуль дыхаць не перастане. Яна памерла праз некалькі дзён праз холад і тугу, а яго забілі хутка. Пахавалі Івана людзі на высокай гары. І завуць яе цяпер Янавай гарою.

Але гэта не ўсё яшчэ. З панам, што загубіў сваю дачку, пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. То смяяцца пачне, што ніяк не можа спыніцца, то плача ўголас, як кнігаўка. А то пойдзе, бывала, па лесе, на Янаву гару.

Пайшоў ён так аднойчы ды знік. Доўга сяляне яго гукалі, усюды паглядзелі. Калі ўжо не спадзяваліся знайсці, убачылі раптам крыніцу. Змораныя, узрадаваліся, што змогуць папіць вады. Але толькі нахіліліся да яе, як раптам забулькала вада, быццам закіпела, і ўсе ўбачылі тады, што колеру яна амаль чырвонага. І булькат гэты здаваўся ім дзікім смехам пана. Зразумелі людзі, што забраў іх пана нячысты за вялікі грэх яго.

Цячэ і дагэтуль вада з крыніцы, але ніхто не ідзе да яе спатоліць смагу, асвяжыць твар у спякотны дзень. Далёка абыходзяць яе людзі. І завуць яе Чортавым вокам.

Легенда пра камяні “Быкі”

Ва ўрочышчы Тур’і Горы размешчаны камяні “Быкі”, а побач з імі знаходзяцца яшчэ некалькі валуноў. Мясцовыя жыхары кажуць, што з’явіліся яны тут чароўным чынам.
На першы дзень Вялікадня, калі ўсе павінні адпачываць, вырашыў адзін мужык працаваць. Колькі ні казалі яму людзі, што возьме ён сабе грэх на душу, не слухаў ён нікога. Пачаў ён араць поле на быках. Жонка панесла яму абед, а з ёй разам сабачка пайшоў. Падышла жанчына да мужыка і кажа: “Дапамагі табе Бог!” У гэты самы момант яны абодва, а разам з імі і быкі з сабачкам ператварыліся ў камяні.

Так і стаяць яны на тым месцы, нагадваючы людзям, што трэба сумленне мець перад Богам.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by