Фестываль «Берагіня»: традыцыі ажываюць тут

Данііл Шэйка

У канцы чэрвеня ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці адгаманіў рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. На яго прыехала звыш 50 гуртоў з Беларусі і замежжа, якія сур’ёзна і шчыра займаюцца захаваннем традыцыйнай культуры.

Здаецца, песні і танцы нашых продкаў адыходзяць у нябыт, нематэрыяльнай спадчыне беларусаў наканавана знікнуць. Але “Берагіня” даказвае адваротнае. Гарантую, што больш нідзе немагчыма сустрэць столькі маладых людзей, апантаных фальклорам. На фестывалі сотні юнакоў і дзяўчын у народных строях танчаць і спяваюць так, як іх продкі дзесяцігоддзі таму. Яны робяць гэта нязмушана, натуральна, з лёгкасцю. Калі бачыш, з якім імпэтам вытанцоўваюць “Матлёт”, “Мікіту” і “Нарэчаньку” маладыя людзі, то разумееш: у фальклору яшчэ ёсць шанец. З твараў не сыходзяць усмешкі, пануе пачуццё ўсеагульнага шчасця і любові. Падхопліваеш радасны настрой, далучаешся да танцаў і забываешся на ўсе праблемы, цябе паглынае хваля эйфарыі.

Гурт «Страла» кафедры этналогіі і фальклору Універсітэта культуры і мастацтваў

Раю прыехаць на наступны фэст усім, для каго фальклор – гэта выключна “частушкі пад гармошку”. Тут адчуеце моц аўтэнтычных песень, найгрышаў і скокаў і абавязкова зменіце свой погляд на народнае мастацтва. Сугучнасць дуды, барабана, свірэлі, цымбалаў, скрыпкі, гармоніка і магічных спеваў пранізвае да самага сэрца. Кожны гук зараджаны неверагодна вялікай энергіяй. Слухаеш, і па целу прабягаюць дрыжыкі, а часам ледзь стрымліваеш слёзы. У канцы канцоў з-пад павек на шчаку скатваецца празрыстая кропля. І гэта прыкмета не смутку ці горычы, а вялікага зачаравання. Жыццёвыя сюжэты і немудрагелістыя мелодыі народных песен усё ж здольныя ўсхваляваць слухача. Традыцыйныя танцы таксама маюць нейкую чароўную сілу. Яны паглынаюць так, што, адскакаўшы з гадзіну, хочаш танчыць яшчэ, бо здаецца: прайшло не больш за пяць хвілін. Простыя на першы погляд скокі – гэта вялікія гісторыі, паглыбленне ў іх патрабуе адпаведнага душэўнага стану і фізічнай падтрыхтоўкі.

Вячаслаў Калацэй, загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ, — адзін з прадаўжальнікаў дудураскай традыцыі. З сярэднявечча да пачатку ХХ стагоддзя дуда была галоўным музычным інструментам беларусаў.

Фестываль расцягнуўся на цэлых пяць дзён. Кожную хвіліну на розных пляцоўках ладзіліся яскравыя імпрэзы: турнір моладзевых фальклорных гуртоў, конкурс інструментальных капэл, прэзентацыі замежных калектываў, выставы. Напэўна, самым захапляльным быў конкурс выканаўцаў народных побытавых танцаў. Падчас гэтага турніру глядзельная зала нагадвае трыбуны стадыёну на футбольным матчы. На сцэне пары і салісты спаборнічаюць ў выкананні традыцыйных танцаў, а ў партэры і на балконе гудуць іх заўзятары. Узровень шуму зашкальвае: танцоры грукаюць абцацамі па падлозе, грыміць жывая музыка ў выкананні капэлы, гледачы пляскаюць у далоні і выкрыкваюць нумары пар-любімчыкаў. “Хлопцы, трымаемся! Давай, Мікіта, давай!” – ва ўсё горла крычыць жанчына каля мяне. Так кіраўніца фальклорнага гурта падтрымлівае свайго выхаванца. Скончылася конкурсная частка вечара, і натоўп у вышываных кашулях высыпаў з глядзельнай залі на прастор гарадской плошчы. І тут да глыбокай ночы пад гукі гармоніка людзі працягвалі танчыць. Далучыліся нават тыя, хто ніколі раней не спрабаваў сябе ў танцах. “Рабі ўсё, на што спрытны” – адзінае правіла этнадыскатэкі пад адкрытым небам.

Яшчэ адно маштабнае і запамінальнае відовішча – рэканструкцыя старажытнага паганскага свята Купалля. Кожны год ўдзельнікі фестывалю праходзяць па цэнтральных вуліцах мястэчка да возера, дзе раскладваюць агонь. Сёлета дажджлівае надвор’е вымусіла арганізатараў перанесці імпрэзу на гарадскую плошчу і адмовіцца ад распальвання вогнішча. Але гэта ніколькі не сапсавала святочнага настрою, бо ўсё ж ніхто не адмяняў атмасферных купальскіх песень, палымяных танцаў і шпаркіх карагодаў. Ізноў плошча танчыла дапазна.

Унікальнасць і прыцягальнасць фестывалю “Берагіня” не толькі ў тым, што гэта насычаная, гучная, вясёлая фальклорная дзея, своеасаблівы карнавал па-беларуску. Ён стаў вялікім праектам, які не абмяжоўваецца некалькімі днямі імпрэз раз на два гады ў Акцябрскім. Удзельнікі фальклорных калектываў рыхтуюцца да паездкі на фэст гадамі: сустракаюцца з носьбітамі – знаўцамі аўтэнтычнай культуры – і пераймаюць ад іх творы фальклору, вывучаюць народны этыкет, шмат рэпеціруюць. Разам з “Берагіняй” у краіне нарадзіўся цэлы фальклорны моладзевы рух. Дзякуючы яму сотні падлеткаў далучаюцца да беларускай нематэрыяльнай спадчыны. Фальклор жыве, пакуль яго пераймаюць новыя пакаленні. І “Берагіня” як раз дазваляе зрабіць аўтэнтычную культуру блізкай больш шырокаму колу людзей, такім чынам працягнуць жыццё старажытным песням, танцам і абрадам яшчэ на некалькі дзесяцігоддзяў.

Хочаце дакрануцца да вытокаў і зразумець, што ж такога асаблівага ў беларускім фальклоры? Прыязжайце на наступную “Берагіню”! Яна адбудзецца на тым жа месцы ў 2020 годзе.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by