Час, калі абвастраецца барацьба паміж дабром і злом

Анна Воронко

Институт журналистики БГУ

Каляды пачаліся без снегу і пэўнага настрою. Ды і як адчуць наступленне старажытнага беларускага свята ў  шэрым і мокрымМінску з яго аўтамабілямі і высокімі будынкамі? А тым часам Каляды паходзяць яшчэ з дахрысціянскіх часоў і адзначаюць зімовае сонцастаянне. Менавіта ў гэты час абвастраецца барацьба паміж дабром і злом. У мінулыя часы свята доўга чакалі і старанна да яго рыхтаваліся: прыбіраліся ў хаце і гаспадарчых збудаваннях, назапашвалі ежу, моладзь майстравала калядныя касцюмы і маскі, усе абавязкова мыліся і апраналіся ў святочнае адзенне. Каб адчуць тое, што бачылі нашыя продкі і паўдзельнічаць ў сапраўдных Калядах, я адправілася ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту: там, згодна з афішай, павінна была праводзіцца рэканструкцыя абрада з тэрыторыі Рэчыцкага Палесся.

Раніцай я села ў аўтобус і з нецярпеннем пачала чакаць, куды ён мяне прывязе. З кожным прыпынкам людзей станавілася ўсё больш. Яны везлі вялікія сумкі з прадуктамі, елкі. Жанчыны, што стаялі каля мяне абмяркоўвалі навагоднія салаты, а побач з імі сядзела бабуля, якая расказвала ўнучцы дзіўныя казкі пра Дзеда Мароза. Нарэшце мой транспартны сродак даехаў да вёскі Азярцо, і я адзіная выйшла. Было дзіўна, што ніхто з перапоўненага аўтобуса не едзе на святкаванне Каляд. Шлях да музея, які, дарэчы, быў не кароткі, мне падказвалі шматлікія шыльды. У касе я набыла квіток і, не разумеючы, чаму навокал так ціха, працягвала свой шлях. Але вось да майго вуха пачалі даносіцца беларускія напевы, а яшчэ праз пяць хвілін я ўбачыла ўсё сваімі вачыма. Сярод старых маленькіх драўляных хатак хадзілі сапраўдныя калядоўшчыкі. Як і стагодзі таму, яны былі апрануты ў народнае беларускае адзенне і спявалі песні, якія абуджалі ў душы нешта вельмі-вельмі знаёмае, але далёкае. Жанчыны – у длінных сукенках і хустках розных колераў і расфарбовак, мужчыны – у кажухах і валёнках і, безумоўна, традыцыйная каза, якая павінна ўпасці і прыкінуцца мёртвай пакуль гаспадары не вынясуць падарункі. Як ні дзіўна, дверы музейнага экспанату адчыніліся і на парог выйшлі гаспадар з гаспадыняй, нібы яны тут і сапраўды жывуць, і пачаставалі старанную моладзь.

Сам музей – месца незвычайнае: тут сабраны прадметы архітэктуры і побыту з усёй краіны. Кожная хатка расказвае, як там жылі людзі шмат гадоў таму ў пэўным рэгіёне нашай радзімы.Вісіць калыска, стаяць прыборы на стале, на вокнах вісяць фіранкі – усё так, нібы там жывуць і сёння, нібы людзі выйшлі толькі на хвілінку. Упершыню ідэя аб стварэнні мезея была выказана знакамітым беларускім мастаком Фердынантам Рушчыцам у пачатку дваццатага стагоддзя. Але пачала здзяйсняцца толькі ў шасцідзесятых гадах, калі пачалося вялікае будаўніцтва і трэба было літаральна ратаваць помнікі драўлянага доўлідства. Сёння музей народнай архітэктуры і побыту прадстаўлены ў трох навукова-экспазіцыйных сектарах: “Цэнтральная Беларусь”, “Паазер’е” і “Падняпроўе”.

Недалёка ад царквы, на імправізаванай сцэне, гурт “Жвавы карчмар” і дзяцячы фальклорны калектыў “Мілавіца” на працягу ўсяго свята  выконвалі беларускую народную музыку і ладзілі гульні, збіраючы каля сябе нямала гледачоў.  На галоўнай вуліцы музейнай вёскі размясціліся шматлікія гандляры гліняных свісткоў, лапікавых дамавічкоў, саламяных кветак і другіх сувеніраў. Праводзіліся сапраўдныя калядныя варожбы і майстар-класы па пляценню з саломкі і вырабу выцінанак. Па дарозе туды-сюды праводзілі  коней ў святочнай упражцы, на якіх за сімвалічнаю плату можна было праехацца. Не абмінула святкаванне і традыцыйная батлейка. Як і ў шаснаццатым стагоддзі – менавіта тады яна атрымала распаўсюджанне на Беларусі — маленькія лялькі паказвалі сваё прадстаўленне. Батлейка па сваім характары падобная да украінскага вяртэпу і польскай шопцы, а ўсе яны разам звязаны з заходнееўрапейскімі містэрыямі. Калісь арганізатарамі калядных відовішчай звычайна выступалі законнікі каталіцкіх ордэнаў і вучні семінарый.  Хутка ад царкоўнікаў батлейку перанялі мяшчане, потым сяляне. Так яна і стала народным лялечным тэатрам.

Калі не вельмі прыслухоўвацца да размоў людзей, не заўважаць шматлікіх смартфонаў, у якіх паспявалі сядзець нават ў час захапляючых танцаў і гульняў, то можна было падумаць, што знаходжуся я зусім не ў сваім стагоддзі. Вакол ні аўтамабіляў, ні сучаснай музыкі, ні шырокіх праспектаў і высокіх будоў, толькі гісторыя. Як быццам я трапіла ў кнігу Івана Мележа “Людзі на балоце”. Вось Ганна ў хустцы ў кветачку і старым кажушку ціха зачыніла калітку і хутка паўшла ўніз па вуліцы. І, мабыць, за другім паваротам яе там чакае Васіль…

Я хадзіла і з замілаваннем углядалася ў акенцы. І тут жалобна і неверагодна прыгожа загучала музыка, яна нібы знітоўвала мінулае і сучаснае, давала зазірнуць ў шчылінку ў дзвярах часу і перадавала прывітанне ад продкаў. Мне стала цікава, хто ж такі таленавіты музыка і я паспяшалася даведацца пра гэта. У адным з двароў стаяў звычайны хлопец, ну як звычайны, звычайны для дзевятнаццатага стагоддзя: ён быў апрануты ў вохрыста-цагляны кажух і шапку вушанку. На першы погляд, тыповы беларус: русыя валасы, блакітныя вочы, малады, але натвары ўжо красуецца бародка. Граў мужчына на дудзе – яе яшчэ называюць беларускай валынкай. На працягу многіх стагоддзяў яна з’яўляецца самым міфалагічным і традыцыўным нашым інструментам, а ў першыню згадваецца яшчэ ў дванаццатым стагоддзі і да пачатку мінулага стагоддзя шырока выкарыстоўвалася ў святкаванні Каляд, Вялікадня, вяселляў і танцавальных вечарын. Потым на доўгія гады мы забыліся пра гэты інструмент і прамянялі яго на цымбалы. Калі я пачала фатаграфаваць дудара, малады чалавек засаромеўся і перастаў іграць, загаварыўшы з дзяўчынай, якая стаяла побач, загаварыў па-беларуску. А яна адказала яму на рускай. Чаго мне не хапіла на свяце, дык гэта роднай мовы…

Скончыліся Каляды квэстам “Ажыві казу” і зажыгальнай лявоніхай.  На святкванні я сустрэла пару: відавочна, прывёзшы жаніха на сваю радзіму, жанчына паказвала яму народную культуру. Іншаземны госць скакаў танцы і з захапленнем слухаў беларускія спевы. А яшчэ, б’юся аб заклад, усе запомнілі маладога француза, які прыехаў да кагосьці ў госьці і, можа, не паглядзей прагноз пагоды, ці проста вельмі закалённы, быў без курткі. Але яго гэта ніяк не бянтэжыла, ён таксама з цікавасцю назіраў за ўсім, што адбываецца. Апранутая ў старажытнае адзенне, была  і дзяўчына, якая прыляцела з Амерыкі ў Мінск, каб правесці канікулы на роднай зямлі.

Я ехала дамоў з светлым і прыемным пачуццём. Героі казкі, якая толькі што адбылася, сядзелі побач са мной ў аўтобусе і выклікалі ў мяне ўсмешку. Што яшчэ тут можна сказаць? Каляды насталі. Наступае самы чароўны і незвычайны час ў годзе, калі абвастраецца барацьба паміж дабром і злом. Ды і пачаўшыся ў такім унікальным месцы, як музей народнай архітэктуры і побыту, якімі яшчэ могуць быць Каляды? Толькі Цудоўнымі!

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ