Ад паэзіі з любоўю…

Анастасия Збереновская

Институт журналистики БГУ

Вечар, за акном прахалода, а мяне паклікала ў госці паэтка з Мінска – Марыя Лябедзька. Густыя чорныя валасы, вялікія цёмныя вочы і асляпляльная ўсмешка – такі цудоўны чалавек мяне сустрэў. Марыя працуе медыцынскай сястрой у шпіталі, загружаная працай, але яна змагла ўсё ж такі знайшла некалькі гадзін для мяне.

Як распавядае аўтарка, пісаць пачала не так даўно, творчы шлях быў цяжкі, але давайце пра ўсё па парадку…

– Прывітанне, Марыя! Дзякуй Вам, што пагадзіліся на інтэрв’ю. Раскажыце, калі ласка, з чаго пачалася ваша творчасць? Як склаўся Ваш першы верш?

– Я нарадзілася ў 60-ыя гады, усяго толькі 20 гадоў пасля вайны. Мы яшчэ не цалкам апамяталіся, паэзіі ніхто не надаваў дастатковай ўвагі. А пачатак быў смешны. Я па радыё пачула песню, у якой былі словы «Я назову тебя солнышко». Яна мне вельмі спадабалася, я напявала яе, але дакладна слоў не памятала, таму вырашыла прыдумаць іх сама. Маме мой варыянт спадабаўся.

Далей я вырашылася адправіць свой верш у нашу раённую газеты «Прамень». Прайшоў тыдзень, два. Тут раптам звяртаюцца хлопцы з іншага канца вёскі і кажуць, што прыехаў нейкі дзядзечка са Стоўбцаў і хоча нешта ў мяне спытаць. Я спалохалася: мне было ўсяго толькі 9-10 гадоў – дзіця! Звяртаюся да гэтага мужчыны. Але вось патрапіла я няўдала – там было застолле. І гэты мужчына, як аказалася, знакаміты паэт з Мінска, паклікаў мяне да сябе.

Ён быў ужо крыху сп’янелы, таму, як я думаю, момант для такой важнай для мяне сустрэчы быў не самы прыдатны (усміхаецца). Ён не прадставіўся, а проста пагладзіў мяне па галаве і сказаў, што я малайчына, што мне трэба вучыцца далей і майму таленту трэба дапамагаць. І гэта ўсё.

Напэўна, калі б ён надаў больш увагі мне, даў параду ці нешта падобнае – я б тады не перастала пісаць. Але ж стала знакамітай толькі праз 40 гадоў. Дарэчы, верш я напісала пра прыроду, бо яна мяне вельмі натхняе. У школе пісала сцэнарыі для КВЗ, калі трэба было перакласці словы на песню – таксама звярталіся да мяне. Яшчэ ў мяне былі дзве любімыя настаўніцы – рускай і беларускай моў. Калі на ўроку мы пісалі сачыненне па рускай літаратуры, то наступны занятак пачынаўся з таго, што зачытвалі маё сачыненне і мяне хвалілі. Было вельмі прыемна.

А ў пятым класе мяне паслалі на злёт «Паэтаў і празаікаў» у Стоўбцах. Першы мой аповед быў пра тое, што ў сяле спыніліся немцы ў жонкі ветэрынара, і прымусілі яе рыхтаваць есці. А яна ім у ежу сродак для мыцця падмяшала, бо так ім і трэба. З гэтым творам я не заняла ніякага месца, але мне спадабалася. Проза ў мяне тады нават лепш атрымлівалася. Але ў тады, у пятым класе, маю маму паралізавала, таму я вырашыла пайсці ў медыцыну.

У вучылішчы пісала вершы на вечарынах, калі мы збіраліся. Мяне хвалілі і рабілі паблажкі і зніжкі, таму што мяне добра ведалі і творчасць маю таксама. Шмат тых знаёмых, на жаль, згубіліся. Калі я скончыла вучылішча, то вершы больш не пісала, закінула.

– Ці ёсць паклоннікі ў Вас?

– Так, гэта мае калегі і сябры. Многія прасілі напісаць ім што-небудзь для віншаванняў на паштоўкі, як тост на свята і таму падобнае. дзесяць-пятнаццаць хвілін – і ўсё гатова.

– Што ж паслужыла адпраўной кропкай для сённяшняга напісання вершаў?

– Майму любімаму ўнуку Валодзе ў школе задалі знайсці верш пра восень, было гэта гады чатыры таму. І тады я прапанавала свой верш. А ён спытаў у мяне: «Бабуля, але гэта ж не з кнігі. Мяне лаяць не будуць?» І я падумала: «А чаму б не з маёй кнігі? Бо я магу!»

Так у 2014 годзе за свае грошы я выдала кнігу «Белае. Чорнае». Гэта было для мяне не сур’ёзна, як чарнавік. Праз 8 месяцаў я выпусціла наступны зборнік – «Калейдаскоп». З яскравай вокладкай, ды і паставілася я да яго сур’ёзней.

Свае вершы выкладвала і ў інтэрнэце. Мне пісалі хвалебныя водгукі, але аднойчы адзін мужчына напісаў брыдкасці, раскрытыкаваў мае працы. Стала вельмі крыўдна, я занервавалася. Але на працы мне падказалі, што ёсць такія людзі, якія спецыяльна пішуць благое і гэта ім дастаўляе задавальненне. Тады я мужчыне адказала, што калі ён так адрэагаваў – то я трапіла ў самую кропку, мая мэта дасягнута, і што б ён далей не пісаў, гэта будзе толькі пацвярджаць мае словы.

– Якія ў Вас планы на будучыню, звязаныя з творчасцю?

– Зараз я планую выдаць кнігу на рускай мове «Синие птицы» і на беларускай – «Думак маіх крылы», а таксама празаічны зборнік «От расставания до встречи». Другая назва зборніка – «Линия судьбы», я яшчэ канчаткова не вырашыла. Таксама я хацела б стаць членам Саюза пісьменнікаў. Для гэтага трэба мець два зборніка і падаць заяўку, каб яе разглядзелі.

Вось зборнік «Калейдаскоп» у мяне ўжо ёсць, яшчэ хачу выпусціць зборнік на рускай і беларускай мовах, і тады ўжо з імі буду «грукацца ў дзверы» Саюза пісьменнікаў.

– Раскажыце, калі ласка, пра прэзентацыі Вашых кніг. Калі і дзе гэта было?

– Першая прэзентацыя адбылася 8 верасня 2014 года. Тады я тым, хто прыйшоў, «падарыла футра». Вы здзіўлены? Глядзіце, жаночая футра каштуе шэсць мільёнаў, і за выданне гэтай кнігі я заплаціла амаль што шэсць мільёнаў. Так што мой падарунак абыйшоўся дорага, бо кожны прасіў сабе зборнічак.

Другая прэзентацыя прайшла ў маёй вёсцы, дакладней – у роднай школе. Стоўбцы святкавалі 150-ую гадавіну, і я не магла прыехаць з пустымі рукамі. А, як вы ведаеце, лепшы падарунак – гэта падарунак, зроблены сваімі рукамі, вось я і падарыла ім свой «Калейдаскоп». Мяне запрасілі як спецыяльнага госця – незабыўныя ўспаміны.

Са сцэны я яшчэ сказала: «Бачыш, школа, раней я чытала твае кнігі, а цяпер ты чытаеш мае».

– Якія тэмы пераважаюць у Вашай творчай палітры?

– Я часта пішу пра каханне, прыроду, добрых людзей, якія мяне заўсёды па жыцці атачаюць. Часам іду з працы, бачу паміж дамоў прыгожы закат, і ў мяне з’яўляюцца ў галаве радкі або нават адразу цэлы верш.

Яшчэ я напісала вершы пра майго мужа, з якім ўжо жывём доўга ў каханні і згодзе. Ён мяне заўсёды падтрымлівае і дапамагае. Калі з унукам робім ўрокі, то таксама магу напісаць верш. Часам ідэі прыходзяць, калі я кладуся спаць: увогуле, у мяне заўсёды пад рукой ёсць нататнік і ручка.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці жыцця, мае вершы аптымістычныя, пра радасць і светлыя пачуцці. Быў выпадак, калі мая дачка купіла кружку з малюнкам бэзу. І ў галаве ў мяне адразу паўсталі радкі з верша «Снова цветёт сирень». Я думаю, што мне не хапае кругозора. Просто гляжу па баках і пішу пра тое, што бачу: пра дзьмухаўцы, Вялікдзень…

Ёсць у мяне і верш «Спыніцеся!» – гэта заклік да людзей, каб яны задумаліся пра тую несправядлівасць, што дзеецца вакол нас, пра тое, што шчасце ў малым. Ёсць верш пра нашу родную мову, «Жыві, мая мова!», і на патрыятычную тэму – «Што значыць – любіць Радзіму?» Але я лічу, што ўсе вершы, якія напісаны на беларускай мове, ужо самі сабой патрыятычныя.

– Хто Вашыя куміры ў свеце паэзіі?

– Я шмат чые вершы чытала, але бліжэй за ўсё для мяне, канешне, Сяргей Ясенін. Яго стыль, характар. Ён жыў у «катле», падчас рэвалюцыі, і, нягледзячы ні на што, ствараў. Ён, як і я, любіў прыроду, маляўніча спрабаваў апісваць яе…

– Што для Вас самая вялікая ўзнагарода?

– Зборнікі маіх вершаў на кніжнай паліцы майго ўнука.

Я вучу яго беларускай мове, у нас нават гульня ёсць, калі мы бяром слоўнічак, напрыклад, руска-беларускі, і ён мне зачытвае слова, а я яго перакладаю на беларускую мову. За кожны правільны адказ ён мяне цалуе ў шчаку. У другі дзень наадварот і з іншым слоўнічкам.

Яшчэ аднойчы ў мяне былі гастролі ў Мар’інай Горцы з ансамблем «Жывіца», дзе я спявала. Але я зразумела, што гэта не маё. Дарэчы, я часта наведваю гэты клуб па інтарэсах. Ён для тых, хто піша вершы, музыку.

– А Вашыя дзеці маюць талент пісьменніка ці паэта?

– Нядаўна мая дачка склала чатырохрадкоўе, і я была шчыра гэтаму рада. Спадзяюся, яно не апошняе. Дзіўна, што ў сям’і, дзе шмат медыкаў, праяўляецца і талент паэтаў (усміхаецца).

– На якім сайце можна паглядзець Вашыя вершы?

-Пакуль толькі на lidstydio.ru. Там можна знайсці толькі рускамоўныя, але я планую пашырыць спіс сайтаў, дзе можна азнаёміцца з маёй творчасцю.

– Можа, Вы знаёмыя з якім-небудзь знакамітымі людзьмі, якім паказвалі свае вершы?

– Так. Аднойчы я сустрэлася з Яўгенам Карпуцём, аўтарам зборніка «Гэты кут расціў паэта». Мы аднавяскоўцы. Гэтак жа я сябрую з Анастасіяй Паплаўскай і нават напісала для яе верш «Анастасия». Калі яна прачытала яго, то сказала, што яно не горш Антонаўскай «Анастасіі» (песня Юрыя Антонава «Анастасия» – ад аўт.).

Вось такiя цудоўныя людзі жывуць сярод нас!

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by