Вандруючы па роднай краіне…

Маргарыта Гайдаржы

Iнстытут журналiстыкi БДУ

У кожнага чалавека ёсць свая запаветная мара. Хтосьці летуцее трапіць на вялікую сцэну, хтосьці мроіць знайсці каханне ўсяго свайго жыцця. А я мару стаць аднойчы сапраўдным журналістам. І, здаецца, раблю ўсё магчымае для дасягнення сваёй мэты: наведваю курсы пры Інстытуце журналістыкі БДУ, чытаю спецыяльную літаратуру, кожны дзень пішу якія-небудзь нататкі. За гэты год падрыхтоўкі да іспытаў я прачытала столькі матэрылаў беларускіх і замежных журналістаў, што вызначыцца з накірункам, у якім я хачу працаваць, было вельмі цяжка.

Але я зразумела адно: цікавыя факты пра іншыя краіны і яскравыя фотаздымкі незнаёмых месцаў так і вабяць мяне сваёй неспазнанасцю. Магчыма, што вандроўкі — гэта і ёсць мая тэма.

Не так даўно, дарэчы, “Кнігарня Логвінаў” прэзентавала кнігу з дзіўнай назвай “Рома едзе”. У ёй мінчанін Рома Свечнікаў расказваў чытачам пра кругасветную вандроўку, якую ён аўтастопам здейсніў у дзве тысячы дванаццатым годзе. За семсот дзён хлопец пабываў больш чым у дваццаці краінах свету. Таксама, на працягу ўсяго свайго “трыпу” з кожнай краіны ён выкладваў на сайт “34 mag.net” тэксты, фотаздымкі і запісы мясцовых радыёстанцый. Уражвае, так? Мяне таксама. Але ўсё ж-такі я лічу, што перш чым пісаць пра іншаземныя мясціны, трэба добра ведаць пра свае. Менавіта таму я імкнуся спазнаваць родную краіну, даведвацца аб яе мінулым і сапраўдным, кожную вольную хвілінку адкрываць для сябе нешта новае ў нашай сінявокай Беларусі.

Я нарадзілася і вырасла на Маладзечаншчыне – найпрыгажэйшым куточку нашай краіны. Менавіта маладзечанская зямля ўзрасціла такіх славутых людзей, як Янка Купала (в. Вязынка), Віктар Шніп (в. Пугачы), Генадзь Каханоўскі (в. Дамашы), падарыла іх свету. Можна доўга расказваць пра хараство нашага краю, але шмат чаго ўжо даўно напісана, спета, прачытана. Нават пра мой невялікі аграгарадок вучаніца мясцовай школы склала аднойчы верш:

“Мая родная вёска, мае Аляхновічы…
Прыгажэй я не бачыла краю.
Мяне вабяць твае ваколіцы
Ды хусцінкі зялёнага гаю…”

З якой любоўю да роднай зямлі Алена пісала гэтыя радкі! І сапраўды, невялікая, але мілая сэрцу наша вёска багатая на густыя лясы, чыстую рачулку і, галоўнае, на шчырых людзей. Здаецца, за ўвесь час, што жыву тут, я абыйшла Аляхновічы ўздож і ўпоперак, але блукаючы, я ўсё ж-такі часам натрапляюся на новую сцежку ці дрэўца…

Некаторыя лічаць, што вёска ці невялікі горад – гэта так званая дзірка, з якой неадкладна трэба выбірацца. Я нават знаёмая з такімі людзьмі. Але вось прыклад, які даказвае адваротнае: карэнны мінчанін Андрэй Вашкевіч прысвяціў год таму, каб асвятляць футбольныя матчы для “Прессбол” з розных кропак Беларусі. Такім чынам, Андрэй пабываў на 50 стадыёнах. “Галоўнае – гэта зразумець, што Мельбурн і Кобрын знаходзяцца ад вас прыкладна на аднолькавай аддлегласці. Магчыма, Мельбурн і бліжэй” – кажа Вашкевіч. Сваімі тэкстамі ён не толькі расказвае пра клубы, назвы якіх многія нават і не чулі. Ён заклікае не шукаць шчасця на чужых землях, а вандраваць па роднай зямлі, даказваючы, што спорт тут нічым не горшы за іншыя. А ў нечым, дарэчы, і лепшы.

Таксама, некалькі год таму родная “Маладзечанская газета” стварыла праект “Падарожжа па роднай зямлі”. Сутнасць яго была ў тым, што журналістка Іна Кандаурава разам з краязнаўцам Міхасём Казлоўскім знаёмілі чытачоў з гісторыяй свайго краю, са знакамітымі землякамі ды цікавымі мясцінамі. Дарэчы, мая маці, працуючы ў бібліятэцы, збірала кожны выпуск і напрыканцы зрабіла карыснейшую падшыўку, якую я і зараз з  задавальненнем перачытваю.

Расказваючы пра Маладзечаншчыну, я не магу мінуць і іншыя раёны Беларусі. І старажытны Гродна, і сучасны Мінск, і таямнічы Нясвіж… Усё гэта, па-першае,  наша гісторыя, на якую мы ні ў коім разе не павінны забывацца. Я вельмі шкадую, што дагэтуль не была ні ў Міры, ні ў Лідзе, ні ў Вільні (нашай былой сталіцы). Але, спадзяюся, што ўсё гэта ў мяне яшчэ наперадзе, і аднойчы я таксама напішу кнігу накшталт Ромы, але пра сваю вандроўку па роднай краіне.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ