Прафесія, пра якую мару

Паліна Леановіч

Абітурыентка Інстытута журналістыкі

Канфуцый сказаў: «Выбяры сабе працу па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці.» Гэтаму выказванню каля дзвюх з паловай тысяч гадоў, аднак нават у дваццаць першым стагоддзі яно не губляе сваёй актуальнасці. І сапраўды, многія пры выбары будучай прафесіі арыентуюцца спачатку на асабістыя перавагі, а потым ужо на прэстыж, узровень даходу і на іншыя аспекты.

У свеце, дзе падзеі хутка змяняюцца, а папулярныя на гэты момант рэчы праз тыдзень пачынаюць пыліцца на паліцах, вельмі цяжка знайсці тое, што не страціць сваёй важнасці з цягам часу. Менавіта таму я абрала журналістыку. Многія людзі пачынаюць свой дзень з кубачка кавы і свежага выпуску навін. Артыкулы на тэматычных рэсурсах могуць стаць падставай для абмеркавання на некалькі дзён наперад. Журналістыка ёсць усюды і ахоплівае ўсе сферы жыцця грамадства: сацыяльную, эканамічную, палітычную і духоўную.

Прафесія журналіст цалкам падыходзіць маім здольнасцям, інтарэсам, якасцям. Я заўсёды была адкрытай, дапытлівай, таварыскай. З самага дзяцінства бацькі выхоўвалі ў мяне такія маральныя якасці як чуласць, спагадлівасць, велікадушнасць. Усё гэта, безумоўна, паўплывала на мой выбар. Аднак не толькі гэтыя якасці патрэбны сапраўднаму журналісту.

У першую чаргу трэба разумець, што журналістыка — гэта не толькі від творчай дзейнасці, але і вялікая адказнасць за свае словы, галоўным чынам, перад чытачамі. Менавіта журналіст стаіць паміж падзеяй і чалавекам, і яго задача — данесці да людзей сутнасць сітуацыі, паказаць яе з усіх бакоў і пры гэтым застацца незалежным у сваіх меркаваннях. Але каб правільна гэта зрабіць, трэба валодаць энцыклапедычнымі ведамі ў сферах, якія ты асвятляеш. Гэтак жа важна ўменне дакладна і лагічна выкладаць думкі ў пісьмовай або вуснай формах. Нават знешнасць адыгрывае далёка не апошнюю ролю. Трэба ўмець прыгожа і ахайна выглядаць, ведаць як сябе паводзіць у тых ці іншых сітуацыях.

Я не магу жыць без зносін, таму прафесія, дзе трэба пастаянна ўзаемадзейнічаць з людзьмі, для мяне — сапраўднае шчасце. Быць журналістам – значыць мець магчымасць падарожнічаць, тварыць, знаёміцца, браць інтэрв’ю ў вядомых людзей, атрымліваць ўваход на закрытыя мерапрыемствы. Жыццё журналіста заўсёды поўнае прыгод, загадак, нават небяспекі. Ёсць шмат выпадкаў гібелі журналістаў падчас выканання сваіх службовых абавязкаў. Ніколі нельга дакладна сказаць, куды завядзе пагоня за матэрыялам, колькі часу яна зойме, сапраўды гэтак жа нельга сказаць, які дакладна матэрыял атрымаецца на выхадзе.

У гэтай прафесіі ёсць свой шарм, свая рамантыка. Многія журналісты працуюць не столькі дзеля грошай, колькі таму, што гэта цікава, прымушае не сядзець на месцы, заўсёды быць у цэнтры падзей.

Я для сябе даўно вырашыла, што буду працаваць у сацыяльнай журналістыцы. Я хачу мець зносіны з людзьмі рознага статусу і становішча ў грамадстве, паказваць іх жыццё, завастраць увагу на праблемах, на якія многія глядзяць праз «ружовыя акуляры» ці ўвогуле не заўважаюць іх. У маім разуменні, журналіст заўсёды павінен пісаць праўду, якой горкай яна ні была б, захоўваючы баланс, каб навіна не выклікала панікі. Але, на жаль, практыка паказвае, што праўду спрабуюць неяк падфарбаваць, а то і зусім схаваць. Таму варта чакаць, што пасля аднаго разгромнага артыкула з яе аўтарам наўрад ці захочуць больш працаваць. Я разумею, што гэта рызыка, але ўсё роўна гатова акунуцца з галавой у гэтыя тэмы.

Андрэ Маруа аднойчы сказаў: «Не варта арыентавацца на грамадскую думку. Гэта не маяк, а вандроўныя агні». Выбіраючы прафесію журналіста я хачу быць тым самым маяком, які накіроўвае людзей на прыняцце верных рашэнняў.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by