Іван Місуна: “Размаўляць па-беларуску трэба! Гэта наша родная мова і яна павінна жыць”

Юлия Мигаль

Абитуриентка Института журналистики БГУ

Усё больш і больш мы падвяргаемся русіфікацыі. Руская мова – афіцыйна прызнана дзяржаўнай у нашай краіне, разам з беларускай. Прачытаць штосьці на роднай мове можна толькі ў падручніках. Так, і ў школах, колькасць гадзін навучання па прадмеце беларуская мова скарачаецца да мінімуму.

Вядома, з такімі жорсткімі мерамі цяжка знайсці моладзь, якая размаўляе на беларускай мове, але мне вядомы адзін “беларусалюб” – Іван Місуна.

Ён вельмі цікавіцца беларускай мовай і культурай нашай краіны. Актыўна падтрымлівае пазіцыі беларускай мовы, наколькі гэта магчыма. Носіць “беларускую стужку”. Пад патрыятычным псеўданімам Янка Цмок выкладвае відэа на Ютубе, у якіх распавядае аб старажытных месцах нашага роднага горада. Таксама піша вершы і артыкулы. Каб лепш дазнацца пра матывы Вані, я ўзяла ў яго інтэрв’ю.

— Калі і як ты пачаў так цікавіцца беларускай культурай і мовай?

— Дзесьцi ў восьмым класе я адчуў, што беларуская мова больш мiлагучная маiм вушам, так я пачаў цiкавiцца мовай. I ў тым жа годзе прачытаў шмат аповядаў В.Быкава i вершаў М.Багдановiча, што з цягам часу сталi маiмi любiмымi пiсьменнiкамi. Атрымлiваецца, два гады таму.

— Ты лічыш гэтае захапленне родным краем важным? Чаму?

— Я лiчу гэта важным, бо родная мова беларуса — беларуская, а я ж беларус, для мяне гэта роднае.

— Мне вядома, што ты здымаешь відэа на беларускай мове. Раскажы пра гэта.

— Пачаў здымаць я у студзенi гэтага года з вiдэа пра планы, што зараз здзяйсняю на сваiм канале на YouTube. Ёсць сярод іх урокі беларускай мовы для замежнікаў. Таксама разважанні наконт розных пытанняў, якія датычацца нашай гісторыіі. Жадаю набраць хаця б тысячу падпiсантаў, бо гэтая справа для мяне проста хоббi.

— Мне вядома, што ты пабываў на YouTube Creative. Раскажы, як гэта было?

— Так як мой канал яшчэ зусiм маленькi, аўтаматычна я не атрымаў запрашэнне, але, на шчасце, я маю знаёмага, якi вядзе адзiн з найбуйнейшых YouTube-каналаў у Беларусi, i менавiта ён запрасiў мяне туды. Адразу на мерапрыемстве адбывалася рэгiстрацыя, потым сняданак (уся ежа за кошт YouTube), а затым распачаўся семiнар, якi распавядаў пра ўсе асаблiвасцi вядзення свайго канала. Па заканчэнню гэтага семiнара я запытаўся ў вядоўцы, супрацоўнiка Google, пра перспектыву з’яўлення беларускамоўнай версii сайту, на што ён адказаў, што гэты працэс ужо iдзе, i версiя з нашай мовай з’явiцца ў хуткiм часе, гэта сапраўды файна, на маю думку. Пасля гэтага быў абед i пачатак другой частцы, на якой распавядалi пра тое, як знайсцi сваю аўдыторыю, i быць паспяховым юцюберам.

Youtube блоггер

— Гэта быў цiкавы для цябе вопыт? Што ты для сябе вылучыў?

— Насамрэч, для дзеючых блогераў там было няшмат карыснай iнфармацыi, але парадвалi ўсялякiя падарункi ад YouTubе. Таксама неяк адначасова i ўзрадвала, i засмуцiла тое, што там я быў адзiным беларускамоўным юцюберам Пасля ладзiлi яшчэ адну сустрэчу, але яна была выключна для юцюбераў, бо там прадстаўлялi першую беларускую партнёрскую сетку – MediaCube Network, на якую я, напэўна, перайду ў хуткiм часе. Вось, гэта пакуль усё пра мерапрыемства YouTube ў Беларусi.

— Гэта, на самай справе, вельмі цікава. Добра, што ёсць такія праекты, якія дапамаюць таленавітай моладзі знайсці сябе. Але мне вядома, што у цябе ёсць яшчэ талент: ты пішаш вершы, так? Аб чым яны, што цябе натхняе? Ці прадстаўляеш ты іх на суд публіцы?

— Так, пішу. Натхняе мяне пiсаць вершы мая каханая дзяўчына Міраслава, праз iх я выказваю свае пачуццi да яе. Больш рэдка пiшу пра сацыяльныя праблемы. Часам выкладаю вершы ў свой блог у інтэрнэце.

Вось вам, чытачы, адзін з вершаў Вані.

Святло

Давай запалiм святло ўначы,
У кватэры, дзе толькi я i ты.
Будзем глядзець толькi ў вочы,
Разглядваць у iх начныя сны.

I так гадзiну за гадзiнай, хвiлiну,
Момант, iмгненне, сядзець.
Проста, без слоў, i нават раслiна
Больш за нас можа шумець.

А можам гэтае святло i пагасiць,
Бо мне ўсё роўна, кажучы шчыра,
Толькi б з табою да канца жыць,
Мая маленькая дзяўчынка Мiра.

I ў святле лямпы, i ў цемры начы,
Гэтая цiшыня нам больш за язык
Можа сказаць, слоў нават тысячы,
Можа гучней адазвацца чым крык.

Але незалежна ад усяго мы ляжам
Твар да твару, вусны сутыкнуцца
Без пацалунка, нiчога не скажам,
Каб ранкам так жа прачнуцца.

— Ну і на пры канцы, што ты можаш сказаць ад сябе?

— Размаўляць па-беларуску трэба! Гэта наша родная мова і яна павінна жыць. Спадзяюся, што мая гісторыя зацікавіць вас і дзякуй, за публікацыю.

Так, на прыкладзе Івана Місуна, мы бачым, што ёсць яшчэ маладыя людзі, якім не ўсё роўна, што адбудзецца з нашай роднай мовай. Пабольш бы такіх патрыётаў, як Ваня. Пажадаем яму творчых поспехаў.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by