Галоўнае — знайсці сябе…

Настасся Паржон

Абітурыентка Інстытута журналістыкі БДУ

У маім жыцці зараз вельмі адказны перыяд. Ужо зусім хутка празвініць апошні званок і я развітаюся са школай. Таму неабходна зрабіць вельмі важны выбар, ад якога залежыць мой далейшы лёс, — выбар будучай прафесіі.

На жаль, сучасная моладзь часам не задумваецца аб будучыні, жыве сённяшнім днём. У сваім жыцці яна кіруецца выбарам лёгкага шляху, так званай «халявы». Некаторыя з маіх аднакласнікаў пры выбары будучай прафесіі звярталі ўвагу толькі на прадметы, якія неабходна вывучаць і на балы, якія трэба набраць, каб паступіць у ВНУ. Пры гэтым на другі план адышло галоўнае пытанне, якое яны павінны былі сабе задаць: «Ці падабаецца мне гэта прафесія? Ці з задавальненнем я буду займацца праз дзесяць, дваццаць гадоў?»

Выбіраючы лёгкі шлях, такія людзі падпісваюць сабе прыгавор — усё далейшае жыццё займацца нелюбімай справай. Тут бы варта звярнуцца да мудрасці продкаў: «Горкая часам праца, ды хлеб ад яе салодкі». Для таго, каб атрымаць асалоду ад выніку, трэба прайсці праз усе выпрабаванні, выканаць гэтую «горкую працу». А ў нашым выпадку, каб паступіць у ВНУ і атрымаць прафесію, якая падабаецца, патрэбен не адзін год плённай працы і назапашвання неабходных ведаў. І асабліва ў адзінаццатым класе, калі пачалася непасрэдная падрыхтоўка да тэсціравання.

Для мяне выбар будучай прафесіі быў вельмі складаным, бо я лічу вельмі важным знайсці сваё месца ў жыцці, каб справа, якой я буду займацца, прыносіла людзям карысць. Перш чым прыняць канчатковае рашэнне, я доўга разважала, разглядала розныя прафесіі, шукала ў кожнай з іх плюсы і мінусы…

Вялікую ролю ў маіх ваганнях адыграў твор, з якім мы пазнаёміліся на ўроках беларускай літаратуры — раман Івана Шамякіна «Сэрца на далоні». У ім створаны два галоўныя вобразы Кірылы Шыковіча і Антона Яраша. Адзін журналіст, а другі – хірург. Адзін даносіць праўду ў сваіх артыкулах, другі – ратуе чалавечыя жыцці. Тут нават можна правесці паралель: як Яраш ратуе сэрцы людзей ад хвароб, літаральна трымаючы іх на сваіх далонях, так Шыковіч сваёй працай дабіваецца справядлівасці, ачышчае грамадства ад бруду. Гэты твор адкрыў мне прафесію журналіста з новага боку, а прыклад Шыковіча падштурхнуў паставіць кропку ў вырашэнні гэтага складанага пытання.

Прафесія журналіста падобная да прафесіі гісторыка. Толькі гісторыкі вывучаюць і спрабуюць патлумачыць падзеі мінулага, а журналісты маюць справу з падзеямі сённяшняга дня. Але, на мой погляд, журналістыка цікавейшая, таму што сапраўдны журналіст – гэта той чалавек, які можа паўплываць на гісторыю, паменшыць колькасць несправядлівасці ў нашым грамадстве. І я лічу, што абраўшы журналістыку сваёй прафесіяй, я прынясу карысць людзям і знайду сваё месца ў жыцці!

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ