Чалавек з вялікай літары

Елена Мартинович

Абитуриентка Института журналистики БГУ

Памяці Генадзя Бураўкіна прысвечана.

А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?
Г.Бураўкін

Закруціўшыся ў віры паўсядзённасці, я неяк “выпала з жыцця”, толькі праз месяц даведалася аб трагічным здарэнні. 30 мая памёр выдатны беларускі паэт Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. Магчыма, камусьці гэтае прозвішча нічога не скажа, а для мяне гэта – Чалавек з вялікай літары, узор таленавітасці і сумленны грамадзянін, варты называцца беларусам, сынам сваёй зямлі.

Ён звяртаў увагу на сацыяльныя праблемы, заклікаў суайчыннікаў шанаваць сваю Радзіму, сваю мову. Ён пісаў вершы, якія не могуць пакінуць раўнаважнымі, кранаюць за душу і прымушаюць задумацца. Успяваў у творах родную бацькоўскую зямлю і матчына слова. Не ўяўляў свайго жыцця без Радзімы, яго натхнялі яе палі, сенажаці, кветкі і спевы птушак… І людзі. Ён успяваў яе красу проста, шчыра, адкрыта, з захапленнем, з замілаваннем… З ледзь прыкметным сумам і трывогай за будучыню свайго народа.

Некаторыя вершы – заклік, створаны для абуджэння сумлення народа. Паэт з адчаем, з роспаччу імкнецца узняць самасвядомасць беларусаў:

І здаецца, не словы – народы
Адыходзяць моўчкі ў нябыт.
Немата ім сціскае грудзі,
Заціхае самотны ўздых…
Людзі! Людзі! Ну што ж вы, людзі,
Не ратуеце, родных, іх?..

Ён трывожыцца: ці пачуюць яго людзі? Ці яны прыслухаюцца да закліку? Ці зможа ён на іх паўплываць і штосьці змяніць?

Часамі нахлыне сумненне:
Ці ты не ўпустую кіпеў,
Ці знойдзе ў каго разуменне
Твой клопат і праведны гнеў?

Не, не ўпустую. Я буду імкнуцца жыць так, каб “не ўпустую”. Ведаць і паважаць гісторыю сваёй Радзімы, шанаваць родную мову, бараніць тое, што засталося мне ў спадчыну, не дапускаць, каб яно “адышло моўчкі ў нябыт”. Спадзяюся, што не адна я. Ёсць людзі, якія прытрымліваюцца гэтых жа ідэй, якія перададуць іх наступным пакаленням. І тады – “не ўпустую”.

Творы Генадзя Бураўкіна застануцца ў сэрцах чытачоў. Ён застанецца ў гэтых творах, пакінутых нашчадкам у спадчыну.

Мы памятаем гэтага чалавека, які любіў людзей, не цярпеў абыякавасці і не вельмі любіў сабак; які хацеў узяць у спадарожнікі сонца; які дзякаваў свайму народу і сваёй зямлі за такі лёс; якому было балюча за Чарнобыль; які захапляўся гісторыяй паўстання 1864 года і які лічыў, што шчасце – гэта проста жыць на белым свеце…

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by