Чалавек-гісторыя

Юлія Маціеўская

Абітурыентка Інстытута журналістыкі БДУ

Вельмі складана сустрэць сям’ю, гісторыя якой не ўтрымлівала б успамінаў аб Вялікай Айчынай вайне. У такія моманты разумееш: сярод нас жылі і жывуць сапраўдныя героі – людзі, дзякуючы якім мы можам быць упэўнены ў заўтрашнім дні, тыя, хто мужна змагаўся за мір ва ўсім свеце.

У гэтым я ўпэўнілася, калі гасцявала ў сям’і Савіцкіх. Праглядаючы іх сямейны фотаальбом, трапіла на фотаздымак ваеннага з добрымі, але поўнымі задумлення вачыма… Гэты чалавек, як даведалася я потым, Юрый Уладзіміравіч Смірноў, той, аб кім сапраўды можна сказаць “чалавек-гісторыя!”

Юрый Уладзіміравіч нарадзіўся 17 ліпеня 1923 года ва Ульянаўску. Вайна спаткала хлопца, калі яму споўнілася васемнаццаць гадоў. У той час Юрый быў курсантам танкавага вучылішча ў Саратаве. Калі навучэнцы даведаліся аб пачатку вайны, адразу ж кінуліся запісвацца на фронт, але ніхто з маладых ваенных туды не трапіў, бо ў прыказе галоўнакамандуючага гаварылася: на фронт курсантаў не пасылаць, арміі патрэбны камандзіры.G4BMCO3B-VM

А ўжо ў маі 1942 года ў Ленінградзе, пасля заканчэння вучылішча, адбыўся першы бой лейтэнанта Смірнова. Тут ён першы раз быў паранены і ў першы ж раз атрымаў узнагароду.

У студзені 1944 года полк, у якім служыў Юрый Уладзіміравіч, пачынаў наступленне на Кінгісепп. Горад быў вызвалены, але ў іх страі засталося толькі дзесяць афіцэраў і ні аднаго танка. Пасля перафармавання, полк атрымаў новую тэхніку і адправіўся на вызваленне балканскіх краін.

Падчас узяцця горада Алба-Юлій, камандзір палка паставіў задачу перад Юрыем (ён ў той час быў камандзірам танкавай роты), якая заключалася ў фарсіраванні ракі і выхадзе ў тыл горада, а, калі вораг будзе прарывацца да сваіх, то неабходна стрымаць яго.

Месны жыхар паказаў танкістам брод, дзе тыя занялі свае пазіцыі. Але раптам, у некалькіх дзясятках метраў ад лакацыі, прызямліўся самалёт з афіцэрамі. Сярод іх быў нямецкі генерал і палкоўнікі. У выніку тых падзей вораг не прарваўся, а “нечаканыя госці” былі ўзяты ў палон. За мужнасць, праяўленую ў тым баі, Смірноў Юрый Уладзіміравіч атрымаў ордэн Аляксандра Неўскага. Дарэчы, гэты ордэн – узнагарода даволі рэдкая.

Увогуле, у Юрыя Уладзіміравіча вялікая колькасць узнагарод за ваенныя подзвігі і ўдзел у баях на Ленінградскім і Другім Украінскім франтах, за вызваленне Венгрыі, Румыніі і Балгарыі, абарону Ленінграда. Ён атрымаў ордэн Айчынай вайны Другой ступені, ордэн Аляксандра Неўскага, тры ордэны Чырвонай Звязды, ордэн “Знак Гонару”, а таксама дваццаць два медалі, у лік якіх уваходзяць “За баявыя дасягненні”, “За перамогу над Германіей у Вялікай Айчынай вайне 1941-1945 гг.”, “За абарону Ленінграда” і інш.

Пра навіну аб доўгачаканай перамозе Юрый Уладзіміравіч даведаўся падчас вучобы ў Вышэйшай афіцэрскай школе імені Молатава ў Ленінградзе. Пасля заканчэння ў 1956-ым Маскоўскай ваеннай акадэміі бронетанкавых войск імені Сталіна, Юрый працягнуў службу ў Савецкай арміі і быў камандзірам 76-ай танкавай дывізіі, якая дыслакавалася ў мястэчку Паўднёвае, а ў 1978 годзе ён сышоў у запас.

Да апошніх дзён свайго жыцця Юрый Уладзіміравіч з’яўляўся актыўным удзельнікам ветэранскага руху. Яго дзейнасць была накіравана, перш за ўсё, на патрыятычнае выхаванне моладзі. Імя гэтага чалавека захавалася не толькі ў памяці тых, хто яго ведаў: у 2007 годзе была надрукавана кніга “Жыве памяць у сэрцы маім”, якая ўтрымлівае ў сабе звесткі з біяграфіі Юрыя Уладзіміравіча. А сам ён удастоены звання “Ганаровы ветэран горада Брэста”.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ