Адзін дзень з жыцця Афанасія

Дарья Рожко

Сёння мароз узмацніўся як ніколі, і людзей на вуліцы практычна не было. Рэдкія прахожыя спяшаліся па сваіх справах, ніхто не заўважаў старога, аблезлага, бруднага ката, які ляжаў на лаўцы. Яго сумныя вочы не глядзелі на тых, хто праходзіў міма. Ката моцна прыцярушыла снегам, напэўна, ён там ляжаў даўным-даўно. І толькі кавалкі рудой поўсці давалі зразумець, што гэта быў усё ж такі кот, а не сумёт снегу. Яму не было куды спяшацца, яго не чакалі цёплая вячэра і шчаслівы сон у гаспадыні на руках. У гэтага ката цяпер не было ні дома, ні гаспадыні.

“Куды ж вы ўсе спяшаецеся, – думаў небарака. – Хоць бы хто спыніўся на хвіліну. Навошта ўвогуле спяшацца? Можна падумаць, наперадзе вас чакае штосьці добрае.” Вусаты ўжо не верыў у дабрыню : жыццё навучыла яго, што мары далёка не заўсёды ажыцяўляюцца. “А вось яшчэ нядаўна,памятаю, у мяне быў дом, былі гаспадары. Калі я быў маленькі, мяне прывезлі ў вялікую хату з высокай столлю. Малады статны мужчына падарыў мяне сваёй жонцы. Спачатку яна была ў захапленні ад мяне, бо з дзяцінства жадала мець кацяня. Так у мяне з’явіўся дом…”

На гэтым моманце яго думкі абарвала гучнае гаўканне. Перад вачыма ката стаяў вялікі сабака, які, відавочна, не жадаў бачыць нікога на гэтым месцы. Вусаты даўно ведаў гэтага грознага звера і разумеў, што шанцаў у яго няма. І таму кату давялося перабегчы ў суседні пад’езд, дзе ён прадоўжыў успамінаць сваё мінулае.

“ …жылося мне там добра, заўсёды хапала ежы і любові. Кожны вечар гаспадары прыходзілі з працы моцна стомленыя, а я бег іх сустракаць, бо яны для мяне былі самым галоўным у жыцці…”

– Што ты тут робіш?! – рэзка закрычала бабуля, якая выйшла з суседняга дома. – Я кожны дзень выганяю вас адсюль, а вы усё роўна вяртаецеся. А ну, прэч!

– Ты чаго крычыш? Усіх суседзяў ужо напалохала, – запытала жанчына, якая праходзіла міма.

– Ды вось, паглядзі, зусім нядаўна выгнала гэтага ката, а ён зноў тут.

– Ну і што? Можна падумаць, ён табе так перашкаджае.

– Першкаджаць , можа, і не перашкаджае, але ён увесь брудны і, напэўна, мае якую-небудзь хваробу. Мне такое ў пад’ездзе не патрэбна. Гэй, прэч адсюль, я сказала!

Кот не разумеў чалавечную мову, але па інтанацыі здагадаўся, што яму тут не рады. Ён развярнуўся і пайшоў назад на холад. Жанчыне стала шкада яго, і яна вырашыла пакарміць небараку.

– Еш, мой харошы, еш, вось які худы стаў. Калі б сабакі у мяне не было, я б цябе да сябе забрала.

Кацяня ўдзячна мяўкнула і працягнула сваю думку “… але аднойчы гаспадыні доўга не было.А калі яна нарэшце вярнулася, то была ўжо не адна, а з маленькім дзіцём на руках. Я думаў, што ўсё будзе , як раней, але калі ён падрос,то стаў кашляць, калі бачыў мяне. Сям’я неўзабаве пераехала, а мяне выкінулі на вуліцу, якая стала мне новым домам. Так я і апыніўся тут.”

– Мама, паглядзі, — раптам пачуўся вясёлы дзіцячы голас. – Які кот!

Падняўшы вочы, вусаты ўбачыў маленькую дзяўчынку з дзвюма рыжымі касічкамі і вяснушкамі па ўсім твары.

– Можна я яго пагладжу?

– Можна. Толькі глядзі, каб ён цябе не падрапаў.

Нягледзячы на тое, што кот ужо даўно страціў давер да людзей, ласку ён любіў. Таму здаволена муркаў, калі дзяўчына яго гладзіла.

— Давай возьмем яго сабе,- папрасіла дачка ў сваёй маці, вельмі сур’ёзнай на выгляд жанчыны.

Яна ўжо думала, як бы адмовіць дачушцы, але ўбачыла сумныя вочы дзіцяці, у якога няма ні брата, ні сястры, ні хатняй жывёліны.

— Добра. Давай возьмем яго сабе. Толькі паабяцай, што даглядаць кацяня ты будзеш сама.

— Ура! Цяпер у мяне будзе рыжы сябар! Я назаву яго Афанасій, каб ўсе думалі, што ў нас жыве вельмі сур’ёзны кот.

— І ты таксама будзеш называць яго Афанасій?

— Не. Я буду называць яго Афоня. Я ж для яго гаспадыня і магу сабе гэта дазволіць.

Так Афоня знайшоў новы дом, дзе яго сапраўды любілі і лічылі членам сям’і.
Прайшоў час. Выглянула сонейка. Усе павольна, не спяшаючыся, гулялі па вуліцы, атрымліваючы асалоду ад вясны. І толькі Афоня з усіх ног бег дадому, бо там яго цяпер чакалі людзі, якія змянілі яму жыццё. Так звычайны бяздомны кот знайшоў сваё шчасце!

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2019 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов и абитуриентов факультета журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by