70 гадоў у цэнтры рэформ

Касцюніна Ульяна Ігараўна

Абітурыент

Ракаўскене Майя Васільеўна нарадзілася і жыве ў Барысаве, усё сваё жыццё прысвяціла адукацыі: спачатку працавала настаўнікам пачатковых класаў, а цяпер, у свае 82 гады, ужо больш за 10 гадоў працуе ў прыёмнай сям’і рэпетытарам-валанцёрам. Таксама займаецца вырошчваннем кветак, бо упрыгожваць трэба не толькі ўнутраны свет чалавека, але і наваколле.

 

— Дзякуючы вялікаму педагагічнаму стажу, Вы сталі сведкам рэформаў адукацыі на працягу больш за паўстагоддзя. Раскажыце пра гэта больш падрабязна.

— Толькі ў дачыненні да рэформаў я была не сведкам, а чалевекам, які ажыццяўляў іх, напрыклад, у распрацоўцы рэформы 1960х гадоў прыняла актыўны ўдзел. У той час я працавала ў самай прэстыжнай школе №6 г. Барысава, дзе вучыліся дзеці гарадской адміністрацыі і інтэлігенцыі. Курыраваў пачатковыя класы гэтай установы адукацыі Заслужаны настаўнік школ БССР Самцэвіч Васіль Андрэевіч. Вышэйшае кіраўніцтва прапанавала правесці эксперыментальную праграму і паглядзець, як гэтая ідэя здзейсніцца. Мы павінны былі даць праграму чатырох гадоў за тры, пасля гэтага прамежку часу, на здзіўленне, усе мае вучні засвоілі дадзены ім матэрыял. Лічу, што гэта быў добры вопыт, які так і не пабачыў свет у поўным маштабе.

— Так, другая палова дваццатага стагоддзя — гэта час пошукаў патрэбнага шляху развіцця. А што наконт іншых рэформаў?

— Паколькі чыноўнікі не ўбачылі жаданага выніку, яны правялі наступную рэформу, якая грунтавалася на дыферэнцыяванай адукацыі. Былі адкрыты школы для дзяцей з запаволеным развіццём. Вядома, у класах гэтых школ вучняў ужо было менш, каля дваццаці, але там ніхто не дапамагаў адзін аднаму з-за таго, што не было больш моцных вучняў, якія маглі пабыць “рэпетытарамі”, як у маім дзяцінстве. Ды і думаю, што настаўнікі не атрымлівалі адмысловага задавальнення ад працы ў адсутнасці цікавасці вучняў да навучання. Але ў той жа час класы, адкуль былі прыбраны, на думку гэтых чыноўнікаў, непаўнавартасныя людзі, не сталі першымі па паспяховасці. Да ўсяго гэтага другагодніцтва было амаль забаронена, а настаўнікаў вінавацілі ў дрэннай паспяховасці іх вучняў.

— А адкуль узялася такая вялікая колькасць дзяцей з запаволеным псіхічным развіццём?

— Вельмі добрае пытанне. Сама праблема заключалася ў тым, што не было нейкага адставання ў развіцці. Дзяцінства гэтых малых скончвалася з паступленнем у школу на год раней, чым было дагэтуль (замест 7 – у 6), і іх няўрымслівасць, жаданне пагуляць, неакрэплы фізічны стан і няўстойлівая увага — усё гэта перанеслася ў навучальны клас, дзе патрабавалася ўседлівасць, спакойнасць і цяга да ведаў. Ад чаго і вынік: непаспяховасць і адставанне ад праграмы.

— Так, вельмі сумна гэта чуць. А з якімі цяжкасцямі Вы сутыкаліся на працягу Вашай працы?

— Уявіце сабе, ніякіх, толькі калі не лічыць, што за вечар трэба было праверыць больш за восемдзесят сшыткаў і прааналізаваць усе памылкі

Першы клас ў настаўніцкім жыцці

 

— Які прамежак у дваццатым стагоддзі Вы лічыце найбольш эфектыўным?

— Самая лепшая сістэма адукацыі была ў СССР, мабыць, да вайны і адразу пасля яе, без уліку паасобнага навучання хлопчыкаў і дзяўчынак. У мае школьныя гады ўсё было вельмі добра, калі не ўлічваць факт, што колькасць вучняў у пачатковых класах была роўная 42. А калі набіралася 46, то выдавалася 2 журнала. Пасля 4 класа былі іспыты. Яны з’яўляліся не проста кантролем, галоўны сэнс быў у тым, што: паўтарэнне — маці навучання (Repetitio est mater studiorum). Іспыты давалі магчымасць палепшыць гадавую адзнаку, паказаць свае веды. І тыя, хто не атрымаў належных ведаў, атрымлівалі працу на лета, або пераэкзаменоўку. Калі матэрыял за гэты час не быў засвоены, вучань заставаўся на другі год. Рэпетытараў у той час не было. Настаўнікі займаліся з адсталымі вучнямі пасля ўрокаў бясплатна, бацькі якіх імкнуліся прыцягнуць выдатнікаў для дапамогі сваім дзецям, усе спрабавалі падзяліцца ведамі. Нікому не хацелася заставацца на другі год. Я памятаю, як мяне папрасілі займацца з хлопчыкам, на год меншым за мяне. Так як вынік нашых заняткаў быў відавочны, яго бацькі шчодра аддзячылі мяне, але гэта стала першай і апошняй платай за маё рэпетытарства.

У старэйшых класах вывучалі латынь. Гэта не мёртвая мова, а мова мудрацоў і філосафаў. Толькі цяпер, працуючы рэпетытарам, я пераканалася, як гэта важна спаслацца на чыйсьці аўтарытэт. Калі мяне спытаць, як у мяне атрымалася навучыць грамаце тых, каго за 2 гады ніхто не здолеў, я адкажу: «Гэта мудрасць стагоддзяў, гэта спасылкі на аўтарытэт Святога Пісання і латыні».

— А адкуль у Вас такое жаданне выкладаць?

— Не магу пахваліцца, што я нашчадкавая настаўніца, але ўсе 3 мае родныя цёткі былі настаўніцамі пачатковых класаў. А адну з іх, Фрейндорф Наталлю Міхайлаўну, можна было назваць педагогам ад Бога. Гэта было адразу пасля вайны. У школу прыйшлі дзеці-сіроты і дзеці-пераросткі. Дарэчы, у той час, пасля вайны, сірот у дзіцячых дамах было менш, чым цяпер, таму што нават калі бацькі паміралі, то дзяцей забіралі бліжэйшыя сваякі.

У школе, дзе працавала мая цётачка, вучыўся хлопчык з дзіцячага дома. Ён 2 гады прасядзеў у першым класе, і яго пакінулі на трэці. Ніхто з настаўнікаў не хацеў браць такога вучня, бо за другагодніцтва, вядома, не хвалілі, але і пераводзіць у наступны клас без ведання праграмы таксама не дазвалялася. Але Наталлі Міхайлаўне гэты хлопчык чымсьці спадабаўся, і яна ўзяла яго да сябе ў клас. Яна здолела не толькі навучыць яго грамаце, але і натхніла на поспех. У выніку ён скончыў універсітэт і пераехаў у Мінск. Але нават не гэта галоўнае. Калі ён працаваў у сталіцы, часта прыязджаў да нас у госці, яны гадзінамі гутарылі, і кожны раз пасля яго наведвання мы знаходзілі грошы, якія былі таемна пакінуты для былой настаўніцы. Навучыць можна ўсіх, але выхаваць удзячнага чалавека — гэта дадзена не кожнаму. Мне гэта не ўдаецца і дагэтуль. Некаторыя вучні на момант сустрэчы са мной, будучы ў 2 ці 3 класе, не ведалі, колькі будзе 3 + 3 і не маглі прачытаць слова «мама» нават па складах. Але, калі яны даганялі сваіх аднакласнікаў і пачыналі атрымліваць выдатныя адзнакі, адразу заяўлялі мне, што больш займацца не жадаюць. І дагэтуль яны ніколі не віншуюць мяне ні з адным святам, нават па тэлефоне. Мабыць, гэта мая недапрацоўка, але ўсё роўна я вельмі задаволена тым, што, зрабіўшы немагчымае для іншых, я дапамагла зрабіць гэтым дзецям крок у лепшую будучыню.

— Ці лічыце вы, што стаўленне дзяцей і бацькоў да настаўніка памянялася за гады Вашай працы?

— Так, вельмі змянілася. У мае маладыя гады слова «настаўнік» нават прамаўлялася з іншай інтанацыяй. Яно было стымулам для таго, каб вучыцца добра і самому стаць настаўнікам. Мне здаецца, усё памянялася пасля таго, як у пачатку 60-ых гадоў абвясцілі лозунг: «Галоўны ў краіне — рабочы клас». Людзі на заводах пачалі атрымліваць заробак нашмат вышэйшы за  інжынераў, а тэхнічка ў школе атрымлівала столькі ж, колькі і настаўніца, а часам і больш. Я памятаю такія сітуацыі ў сваёй працы, калі хто-небудзь з бацькоў, які быў членам прафкама на заводзе, прыходзіў да мяне ў школу і адчытваў за няўменне знайсці падыход да яго дзіцёнка альбо крытыкаваў метады нашай працы. Але раней, на пачатку маёй настаўніцкай дзейнасці у 1954 годзе, такое з’яўлялася неймаверным, бо слова «настаўнік» было свята.

— Якія ў вас планы на будучыню, якія мэты ставіце перад сабой?

— Мая самая вялікая мэта і мара — гэта падзяліцца сваімі думкамі з вялікім асяроддзем чытачоў з дапамогай маёй кнігі-зборніка з сямі навэл. Яна для дзяцей ці тых, хто так ці інакш з імі звязаны, і, у першую чаргу, настаўнікаў. Гэта не навуковы трактат па педагогіцы і псіхалогіі, а творы з цікавымі сюжэтамі і лёсам людзей, узятым з жыцця. Больш за тое, кніга знаёміць чытача з вучэннем Хрыста і з гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся ў 20 стагоддзі.

— Дык чаму ж Вашы творы дагэтуль не пабачылі свет?

— Аказваецца, каб выдаць кнігу, трэба заплаціць за гэта грошы. Маю аповесць нават не сталі гартаць, а не тое, каб прачытаць. Сказалі знайсці фундатара не толькі на выданне, але і на рэкламу, інакш публікацыя не мае сэнсу.

O tempora! O mores! (О часы! О норавы!)

Цыцэрон

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Studlive.by © 2018 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by