10 фактаў пра Янку Купалу, якія вы не ведалі

Паліна Забела

Абітурыентка Інстытута журналістыкі

6 ліпеня споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. У школьных падручніках вы бачылі яго псеўданім шмат разоў і, напэўна, не раз блыталі з Якубам Коласам. Спадзяюся, гэтыя 10 фактаў дапамогуць па-іншаму, з чалавечага, а не вучнёўскага пункту гледжання ўбачыць гэту асобу.

  1. Яго продкі служылі Радзівілам. На гербе сям’і Луцэвічаў была намалявана адрубленая нага ў памяць пра прашчура, які засунуў яе ў сіло, каб выратаваць караля. За гэта яго зрабілі шляхцічам. Вось толькі праз стагоддзі дакументы згубіліся, і падчас разбору шляхты Луцэвічы былі пераведзены ў саслоўе мяшчан. Колькі не імкнуліся адваяваць права на зямлю, не атрымалася. Таму драма “Раскіданае гняздо” часткова аўтабіяграфічная.
  2. Рэальныя падставы мела і знакамітая п’еса “Паўлінка”. Кожны герой твора меў прататып. Паўлінка — дзяўчына з Пецербурга, якая падабалася паэту, астатнія — жыхары Акопаў. Калі яны пабачылі камедыю, пазналі сябе і некаторыя пакрыўдзіліся да такой ступені, што нават не віталіся з Іванам Дамінікавічам. Сюжэт Янка Купала ўзяў з жыцця бацькоў, якія ажаніліся тайна і ўцяклі з дому.
  3. Назва першага зборніка “Жалейка” таксама невыпадковая. У дзяцінстве хлопчык жадаў навучыцца музыцы, таму замовіў у газеце жалейку. Яе даслалі па пошце, а малы Іванка заплаціў вялікія для яго сям’і грошы. Праз тры дні інструмент расклеіўся, бо быў зроблены з паперы. Луцэвіч так абразіўся несправядлівасцю, што кнігу ўласных вершаў назваў у памяць пра той выпадак.
  4. Дарэчы, першы зборнік мог і не выйсці. Фундатар Аляксандр Ярэміч доўгі час думаў, якому творцу аддаць грошы. Паміж Сяргеем Ясеніным і Янкам Купалам выбраў апошняга і не прагадаў.
  5. Вершы Івана Луцэвіча натхнілі Гагарына. Маці першага касманаўта ўзгадвала, што, прачытаўшы “Хлопчык і лётчык”, маленькі Юра адразу пажадаў стаць падобным да героя твора. І, як вы ведеце, гэта дзіцячая мара споўнілася .
  6. Простыя людзі вельмі любілі паэта. Ён быў народным не толькі паводле дзяржаўнай ўзнагароды, але і паводле стаўлення аднавяскоўцаў. Яшчэ пры жыцці на акно яго лецішча жыхары Ляўкоў штодзень прыносілі кветкі. Так яны выказвалі павагу Янку Купале.
  7. Пісьменнік умеў прадказваць надвор’е. У гэтым дапамагала таполя, што расла каля дома ў Мінску. Перад паводкай яна рыпела, бо камель назапашваў ваду. Чуючы характэрны гук, Янка Купала тэрмінова перавозіў сям’ю  на лецішча. За гэту рысу мастак слова называў дрэва “мой вартавы”.
  8. Літаратар збіраў каменьчыкі. З любой паездкі прывозіў не сувеніры, а камяні, прычым самыя звычайныя. Памятаў, адкуль кожны з іх. Любіў перабіраць, бо гэта супакайвала. А часам Іван Дамінікавіч рассыпаў іх перад крэслам і проста глядзеў, уяўляючы, што адпачывае на моры. Менавіта так і называў паэт сваю калекцыю — “маё маленькае мора”. З часам гэта стала модна ў мінскім асяродку інтэлігентаў. Напрыклад, дома ў Петруся Броўкі можна пабачыць такую ж калекцыю.
  9. Янка Купала выдатна гуляў у шахматы і заўсёды перамагаў Якуба Коласа ў гэтым спорце. Апошні штораз злаваўся і нават выходзіў з дому, каб супакоіцца. Гэта не перашкаджала класікам беларускай літаратуры сябраваць. Шмат пра іх адносіны можа сказаць фраза Івана Луцэвіча “Каласочак, мне так добра з табой маўчыцца”.
  10. Праз 135 гадоў вы можаце пабачыць класіка. У мінскім філіяле музея, дзе мне і распавялі гэтыя цікавыя факты, напрыканцы эксрурсіі паказваюць 3D галаграму. На ёй — акцёр Купалаўскага тэатра Генадзь Аўсянікаў. А голас самога паэта чытае ўласныя вершы. Запіс быў зроблены ў 1930-ыя гады і захаваўся цудам.

Жадаеце пабачыць і даведацца неверагоднае — вам прамая дарога ў без перавелічэння самы сучасны беларускі музей.

Оставить свой комментарий

Вы должны авторизоваться чтобы оставить комментарий.

Студент онлайн © 2017 Все права защищены

Неофициальный сайт студентов Института журналистики БГУ

Хостинг предоставлен компанией hoster.by